Рубрыка біскупа Бліна

На пытаннi адказвае бiскуп-эмерыт Вiцебскi Уладзiслаў Блiн

Мае дарагія!

Мы ўсе адна сям’я дзяцей Божых. Штодзённай малітвай абдымаю кожнага з вас. Я шчаслівы, што вы чытаеце, абмяркоўваеце і распаўсюджваеце кнігу Споўненая мара. Няхай гэтая кніга дапаможа кожнаму знайсці шчасце, радасць і любячага Бога, які так жадае сустрэцца з вамі!

Аб тым, што вы чытаеце кнігу, сведчаць шматлікія лісты, якія я атрымліваю па электроннай пошце. Мне радасна разам з вамі ўзгадваць прыгожыя моманты дзён, праведзеных у вашых парафіях ці пілігрымках да Марыі. Я цешуся, калі чытаю гісторыі шчаслівых сем'яў і моцнай веры.

У лістах атрымліваю шмат пытанняў, на якія адказваю індывідуальна, але ёсць тэмы, важныя для кожнага з нас. Буду старацца кожны месяц даваць вам думкі на гэтыя канкрэтныя тэмы.

Свае пытанні, гісторыі і водгукі на кнігу "Споўненая мара" дасылайце на адрас biskupblin@yandex.by або праз форму Задаць пытанне на старонцы рубрыкі.

Добра, што вы ёсць! Люблю вас!

З братэрскім прывітаннем
ваш стары біскуп Уладзіслаў


Жнівень 2023

Дарагія мае чытачы!

У верасні будзе год нашай рубрыцы пытанняў і адказаў на старонцы катэдральнай парафіі. Я вельмі ўдзячны пробашчу кс. др. Валерыю Марціноўскаму, спадарыням Аксане Нядвецкай і Ірыне Кульпекшы за прыгожае супрацоўніцтва. Прагну застацца з Вамі далей — але цяпер тэлефануйце +37529-786-66-04 або пішыце на biskupblin@yandex.by. Памятайце, я заўсёды побач — кожны раз, калі вам патрэбны!

Мы павінны будаваць лепшы свет разам. Будзем лічыць, што цяпер не крызіс, а новы выклік для нашага грамадства. Гаворка ідзе пра тое, каб не гнацца за шчасцем да страты прытомнасці, а ствараць яго.

Дзякую ўсім за адкрытасць, супрацоўніцтва і дабрыню. Памятайце, вы— супер! Жадаю вам здароўя, шчасця і Божага благаслаўлення! Малюся за вас! Люблю вас!

Ваш біскуп Уладзіслаў

Як жыць у сяброўстве з прыродай? 

Дарагая Сястра! Дарагі Брат! Усё ў тваіх руках. Наша зямля — цудоўнае месца для жыцця. Чалавек павінен быць царом прыроды. А мы атруцілі наваколле. Увесь свет сёння — гэта парахавая бочка, поўная атамнай зброі і выбуховых матэрыялаў. Рыба гіне ў забруджаных водах, гінуць лясы, хварэюць і паміраюць людзі. Мы разрабавалі свет. Растрацілі прыродныя рэсурсы, сыравіну. У багатых краінах марнуецца ежа, а ў бедных пануе галеча.

Хто выратуе свет? Толькі мы — людзі. Прыемна адзначыць, што ў грамадстве з’явілася новае ўсведамленне каштоўнасці створанага, чалавека і прыроды. Прырода была адорана фантастычнай любоўю. Убачыш гэта, калі хаця б раз у поўным спакоі паглядзіш на кветкі.

У прыроду закладзена таямніца любові. Падумай, наша сэрца б’ецца 100 тысяч разоў на дзень. Неверагодна! Я дыхаю 20 тысяч разоў на дзень і ніхто не выстаўляе мне рахунак за 137 кубаметраў паветра!

І не было б лепш, калі б нас тут не было. Без чалавека сусвет быў бы глухі і сляпы да самога факту існавання. Мы не рак, які точыць нашу планету. Добра, што ёсць чалавек!

Таму давайце памятаць, што ў нас не будзе іншай планеты, акрамя той, на якой мы жывём. І яе мы павінны пакінуць для наступных пакаленняў. Зямлі трэба дапамагаць, гэта наш абавязак і заданне!

Што значыць быць ахрышчаным? 

Езус не меў патрэбы ў хросце. Хрост — для нас.

Ёсць людзі, якія былі ахрышчаны ў дарослым узросце. Яны памятаюць, як выглядаў хрост, як выглядаў святар, якое было надвор’е. Мы звычайна не памятаем свайго хросту, як і не памятаем той момант, калі мама нас першы раз пацалавала. І толькі з часам даведваемся, у якім касцёле нас хрысцілі, хто хросная маці і хто хросны бацька.

Знешне хрост дзіцяці адбываецца па-за асобай, без яго свядомага ўдзелу. А таямніца сакраманту паходзіць ад самога Бога.

Што значыць быць ахрышчаным? Ахрышчаны — гэта той, каго Бог кліча да жыцця ў Езусе. Ён павінен жыць жыццём Езуса і тым, што было самым важным у Яго жыцці: адданасцю, ахвярай, любоўю ў пакутах.

Хрост заўсёды прыходзіць для нашага шчасця. Мы павінны дзякаваць Богу за яго і за нашых блізкіх, якія дапамаглі нам прыняць гэты сакрамант. Хрост з’яўляецца важнай таямніцай. Нішто не парушыць нашых адносін з Езусам, у якія мы ўвайшлі праз хрост. Бог не пакідае нас у імкненні да збаўлення, Ён дапамагае нам сваёй ласкай, збаўляе.

Трэба палюбіць хрост у сваім жыцці і ўсведамляць, што праз гэты сакрамант Бог кліча нас да ўдзелу ў жыцці Езуса.

Як змяніць жыццё, калі здаецца, што выхаду ўжо няма? 

Чым глыбей унікнеш у справу, тым больш убачыш. Убачыш няўбачанае і пачуеш непачутае.

Кожны дзень пачынай новае жыццё! Памятай, што новы дзень дадзены для таго, каб быць шчаслівым. Кожны дзень прымай як падарунак ад Бога. Не ўставай занадта позна. Паглядзі ў люстэрка, усміхніся і скажы сабе: “Добры дзень!”.

Празмерны страх — гэта не па-хрысціянску. Калі наша жыццё адкрыецца Богу, мы не будзем закладнікамі ўласных страхаў. Бог большы за твой страх. Трэба жыць сучаснасцю. Бог не хоча, каб мы зацыкліваліся на страхах пра будучыню або думалі пра смутак мінулага.

Бог любіць нас не столькі нягледзячы на нашы грахі, колькі з-за нашых грахоў і слабасцяў. Любоў чалавека да чалавека ўзнікае без бачных прычын, мы заўсёды любім не за нешта канкрэтнае, а проста так, часта насуперак дрэннаму характару або крыўдным паводзінам, любім проста за тое, што гэты чалавек ёсць у нашым жыцці.

Вера і малітва могуць стаць крыніцай сілы і дапамогі ў пераадоленні страхаў, толькі не ўсіх і не заўсёды. Духоўную зону не трэба блытаць з душэўнай.

Паміж псіхічным і фізічным здароўем чалавека існуе цесная ўзаемасувязь. Ад думкі залежыць здароўе, жыццё і шчасце чалавека. Думай пазітыўна і чакай станоўчых вынікаў!

Часам можа спатрэбіцца лячэнне. Кабінет псіхатэрапеўта — гэта месца, дзе даюць прафесійныя парады і часта ратуюць жыццё. Чалавек, які пакутуе ад дэпрэсіі, доўгі час можа здавацца абсалютна “нармальным” і нават паспяховым, нацэленым на кар’еру, сямейны дабрабыт або на дасягненне іншых зразумелых мэт. Аднак дэпрэсія можа атручваць яго жыццё і без лячэння прывесці на край бездані. Шкада, што дасведчанасць грамадства пра душэўныя захворванні яшчэ на нізкім узроўні, нават сярод вернікаў.

Як праверыць, ці сапраўды я люблю таго, пра каго кажу, што люблю? 

Як часта мы разважаем пра любоў! Тэма пастаянна актуальная. Часцей за ўсё нам здаецца, што любіць — гэта перш за ўсё даваць. Клапаціцца і перажываць аб кімсьці — гэта таксама даваць. Але, на жаль, у даванні існуе пагроза сапраўднай любові. Той, хто дае, можа быць больш у захапленні сабой, сваёй бескарыслівасцю, чым тым, каго ён нібыта любіць. Трэба ўмець даваць.

Калі мы даём, не будзем чакаць удзячнасці і не будзем хваліць сябе за тое, што мы такія высакародныя і нават не хочам, каб хтосьці прыбег да нас падзякаваць. У сапраўднай любові трэба даваць, каб не думаць пра самога сябе. Любоў не лічыць, сколькі дала.

Тым часам любіць — гэта не толькі даваць, але і прымаць. Прымаць таксама бывае складана, бо трэба згадзіцца на дапамогу, нягледзячы на тое падабаецца нам гэта ці не.

Любіць — гэта прымаць недахопы іншага чалавека, каб сваім цярпеннем паспрабаваць яго змяніць. Найбольш балюча нас раняць тыя, каго мы любім. І мы ранім самых блізкіх. А вось з малазнаёмымі людзьмі мы ветлівыя і лагодныя. Здаецца, лягчэй дараваць крыўду суседу ці супрацоўніку, чым свайму мужу ці дзіцяці. Чаму так? Таму што не ўмеем любіць адзін аднаго і не кантралюем сябе.

Любіць — гэта выходзіць за межы сябе, аддаваць і атрымліваць усё ў імя любові да таго, каго любіш. У любові трэба быць чалавекам, які разумее і можа чакаць.

Ці сапраўды я люблю таго, каму кажу, што люблю? Ці больш люблю сябе? Любоў — гэта не проста пачуццё, а цяжкая праца, якой закаханыя яшчэ не ведаюць. Вучыцца ніколі не позна. Давайце вучыцца любіць, каб праверыць сябе.

Спяшайма любіць людзей, так хутка яны адыходзяць...

Вера нараджаецца ад слухання, а ўмацоўваецца праз прапаведванне. Ці ўмеем мы гаварыць пра Хрыста ў сям’і, у штодзённым жыцці? 

Езус сказаў: “Ідзіце і навучайце ўсе народы”. Дзяліцца досведам веры, даваць сведчанне веры — гэта загад Езуса, які тычыцца таксама і цябе. Вынікае ён з моцы любові і факту, што Езус прыйшоў да нас першым і даў нам не крыху сябе, але даў нам усяго сябе. Ён аддаў сваё жыццё, каб выратаваць нас і паказаць нам любоў і міласэрнасць Бога.

Як бы я хацеў знайсці правільныя словы, каб заахвоціць вас да евангелізацыі, якая будзе больш стараннай, радаснай, ахвярнай, адважнай і заўсёды поўнай любові! Матывам для сведчання з’яўляецца наша вера і любоў да Бога, які першы палюбіў нас. Жыццём і словам мы павінны абуджаць захапленне прыгажосцю Бога. Давайце жыць Евангеллем з пакорай і адвагай! Будзем сведчыць аб навізне, якую Бог уносіць у наша жыццё. Людзям патрэбна наша дапамога!

Але гэта не канец, а пачатак дзеяння. Вакол нас ёсць людзі, якія сведчаць веру сваім жыццём — служаць патрабуючым, абуджаюць надзею сярод роспачы, суцяшаюць, разумеюць, прабачаюць. Гэта такія ж самыя людзі, якімі і мы можам быць. Магчыма, мы проста забыліся, наколькі добрымі можам быць у супрацоўніцтве з Добрым Богам. Любоў Бога да нас — бясконцая, будзем служыць нашым братам з любоўю!

Мы не можам абвяшчаць Евангелле Езуса без канкрэтнага сведчання жыцця. Хрыстус запрашае ўсіх нас ісці да іншых, адпраўляе ў дарогу, каб несці радасць Божага Слова!

Евангелізацыя пачынаецца з сям’і. Дарагія бацькі, памятайце, што вы выхоўваеце дзяцей не для сябе, толькі для свету і для іх саміх. Калі вы хочаце быць добрымі бацькамі, старайцеся даць сваім дзецям веру ў Бога, які любіць нас і заўсёды хоча толькі нашага дабра. Давайце несці радасць Евангелля ў наша асяроддзе праз прыгожае сведчанне жыцця. Хай так станецца! Запомнім: слова вучыць, а прыклад прыцягвае.

Ці можна любіць Бога раніцай, апоўдні, вечарам і нават у сне? 

Надышла раніца, я прачнуўся. Усведамляю, што гэта Бог будзіць мяне, адчыняе вочы і загадвае, як евангельскаму паралітыку: “Устань і хадзі”. Не магу марудзіць, апраўдвацца, нават калі было б жудаснае надвор’е. Я і ты, мы ўсе павінны працягваць шлях нашага паклікання. Так прымаем ад Бога раніцу і на добры дзень кажам Яму, што мы Яго любім.

Надыходзіць поўдзень. Няхай нам успомніцца загад, які Езус даў слугам у Кане: “Напоўніце збаны вадой”. Напаўненне збаноў вадой — вобраз цяжкай працы, якая чакае кожнага з нас на працягу дня. Гэта можа быць праца на заводзе або ў офісе, хатнія абавязкі, выхаванне дзяцей, догляд за старымі ці хворымі. Гэта нашы штодзённыя абавязкі, якія здаюцца цяжкімі, нецікавымі, руціннымі і часта даводзяць да адчаю.

Але калі мы прымаем свае абавязкі з усведамленнем таго, што гэта Бог чакае іх выканання ад нас, то і апоўдні кажам, што любім Яго. І тады Бог, які ператварыў ваду ў віно, дапамагае нам у штодзённых справах і надае ім сэнс.

Надыходзіць вечар. Загад Езуса на вечар: “Чувайце і маліцеся”. У чуванні хаваецца асцярожнасць і надзея. Асцярожнасць — каб не прапусціць важнага. Надзея — на тое, што Бог і ў канцы жыцця зможа выкарыстаць мяне для вялікіх спраў. Калі я адчуваю, што Бог хоча ад мяне намаганняў у чуванні і малітве, кажу Яму ўвечары, што люблю Яго.

Надыходзіць ноч. Не трэба баяцца наступнага дня. Езус сказаў: “Не турбуйцеся аб заўтрашнім дні, бо заўтрашні дзень патурбуецца сам за сябе. Не бойся, але вер”. Калі мы прымаем гэтыя словы з верай, мы любім Бога нават у сне.

Можна любіць Бога і раніцай, і апоўдні, і вечарам, і ў сне. Калі мы па-сапраўднаму любім Бога, тады Яго запаведзі ўжо не запаведзі, але радасць, што можна даць Яму тое, чаго Ён чакае ад нас.


Ліпень 2023

Карыстаючыся выпадкам, нагадаю, што кнігу “Споўненая мара” ў папяровым выданні можна знайсці ў Нацыянальнай бібліятэцы, у абласных бібліятэках Беларусі, ва ўсіх раённых бібліятэках Віцебскай вобласці і там, дзе гэтую кнігу прасілі.

Вялікая радасць, што вы мяне памятаеце! Менавіта для вас я вярнуўся дадому пасля многіх гадоў, каб абвяшчаць Евангелле тым, каго люблю.

У мінулым годзе мяне запрасіў на сустрэчу адзін з вашых старэйшых калег. Ён расказаў пра падзеі свайго жыцця. Сказаў, што ніколі не забудзе, як я некалі дапамог яму ў маладосці. Я кожны дзень дзякую Богу за тое, што дазволіў мне дачакацца наступнага году, што магу цешыцца вашымі поспехамі, што магу маліцца ва ўсіх вашых інтэнцыях. Асабліва ў гэты час памолімся за Сусветныя дні моладзі ў Лісабоне, каб Божае благаслаўленне дапамагло маладым людзям вырушыць у дарогу і сведчыць аб Евангеллі сваім жыццём.

У жніўні папа Францішак сустрэнецца з моладдзю. Дзякуючы інтэрнэту і мы будзем там з ім.

Памятайце, што чуласць паміж пакаленнямі вучыць адказнасці. Што будзе каштоўным і сёння і заўтра, дык гэта вопыт і мудрасць. Добра вучыцца на чужых памылках. Малады чалавек не навучыцца кантраляваць сябе, пакуль не пачне асэнсавана і з любоўю падпарадкоўвацца строгім правілам, дысцыплінаваць сябе і пераадольваць свае жаданні.

Столькі прыгожых думак для моладзі прадстаўлена ў кнізе Споўненая мара*! Калі ласка, падзяліцеся яшчэ сваімі думкамі. Як жыць, каб прыемна ўспамінаць маладосць? 

Жыццё — гэта здзяйсненне юнацкіх мар. У кожнага з нас ёсць мара, якую мы можам ператварыць у цудоўную рэальнасць. Адвагі! Падтрымлівайце адзін аднаго, будзьце заўсёды маладымі і адкрытымі на ўсё прыгожае і святое. Падлеткавы ўзрост адпавядае тром спецыфічным якасцям: радасці, мужнасці і сіле. Вы — залог міру, надзея на лепшыя часы! І гэта таму, што тры асаблівасці свецяцца на вашых тварах: вы маладыя, вы маеце жаданні, вы хочаце вучыцца.

У кожнага маладога чалавека наперадзе свой жыццёвы шлях, на якім будуць чакаць і крыж, і боль. Але мы хрысціяне, таму павінны верыць, што няма слёз на вачах або смутку ў сэрцы, якія б не былі важнымі ў цудоўным Божым плане нашага зямнога жыцця і нашага збаўлення. Калі дзяўчаты і хлопцы жывуць з Езусам, то дзякуючы Божай ласцы лепш бачаць свае недахопы і моцныя бакі, Езус дапамагае жыць верай, надзеяй і любоўю.

Я ведаю, наколькі страшна бывае маладому чалавеку пачынаць свой шлях і рабіць першы самастойны выбар, які можа прынесці шмат цяжкасцей і нечаканасцей. Але Езус кажа вам: “Адвагі! Я заўсёды з вамі!” Кажуць, моладзь — будучыня Касцёла, а я кажу вам: вы і ёсць Касцёл.

Калі мы шчаслівыя? 

Мы думаем, што будзем шчаслівымі, калі атрымаем тое, чаго так вельмі хочам. Тады, калі будзем мець шмат часу, грошай, добрае здароўе, чалавечае прызнанне, любячае сэрца і нават самога Бога.

Евангелле кажа, што шчаслівыя тыя, хто нічога не мае, бедныя. І ў гэтым уся мудрасць быць шчаслівым. Толькі Бог мае ўсё і толькі Ён можа ўсім распараджацца. Якое ж гэта шчасце быць у руках любячага Бога, які ёсць толькі для мяне!

Аб гэтых цяжкіх справах Езус казаў напачатку сваёй дзейнасці. Казаў тым, хто яшчэ не быў гатовы зразумець яго вучэнне. Размаўляў з габрэямі, практычнымі людзьмі, рэалістамі, будучымі гандлярамі, банкірамі ўсяго свету. Кожны з іх ведаў, што каштоўнасць — гэта авечка, вярблюд, а не адсутнасць жывёлы, грошай. Езус, аднак, не баяўся гаварыць нават тады, калі Яго не разумелі.

Сёння таксама мала хто разумее сэнс Евангелля.

Крыніцай нашага шчасця, нашай надзеі, нашага ўнутранага супакою з’яўляецца ўсведамленне сябе жабраком, які знаходзіцца ў руках неспасціжнага любячага Бога, які ўсім распараджаецца.


Чаму Езус больш радуецца грэшніку, які раскаяўся, чым чалавеку справядліваму? 

Чалавечы спосаб мыслення абцяжараны вопытам. Калі мы кагосьці пакрыўдзілі, нам цяжка папрасіць прабачэння. Нам хутчэй за ўсё даруюць, але могуць пагардліва паглядзець ці прабурчэць штось непрыемнае.

Мы ўвесь час думаем пра сябе. Мучымся ад таго, што нам не ўдалося. Між тым Евангелле кажа, што Езус радуецца кожнаму навяртанню, кожнаму добраму ўчынку (пар Лк 15,4-7). Радасць Езуса! Мы звычайна малюем Яго сур’ёзным, смутным: пад крыжам, на крыжы, пасля зняцця з крыжа. А тут Езус радуецца! Евангелле — пра радаснага Езуса, які шчаслівы з кожнага нашага вяртання да Бога. Гэта не месціцца ў нашай галаве, бо мераем Бога чалавечай меркай, а Бог па-над усімі нашымі межамі. Ён сапраўды радуецца кожнаму нашаму навяртанню!

Можна спытаць: чаму Езус радуецца навернутаму грэшніку, а не чалавеку справядліваму? Тая ж праблема, што і ў прытчы пра блуднага сына і яго брата. Той, хто сапраўды справядлівы, ужо мае ўсё Валадарства Божае. Ён ціхі, справядлівы, чысты. Ён таксама радуецца вяртанню кожнага грэшніка.

І наша радаснае вяртанне да Бога робіць Бога шчаслівым. Давайце менш думаць пра сябе, а больш пра радасць Езуса.

Які шлях да поспеху? 

Калі спытаць выпадковага чалавека, з якіх элементаў складаецца поспех, ён, напэўна, згадае здольнасці, працавітасць, спрыяльныя абставіны, а пасля роздуму дадасць, што самы верны шлях да поспеху — гэта спалучэнне трох элементаў адначасова.

Гэта сапраўды эфектыўнае спалучэнне, якое, на жаль, сустракаецца ў жыцці вельмі рэдка. Талент без працавітасці марнуецца, нават калі чалавек геній. Працавітасць без здольнасцей не дае сапраўды вялікіх рэчаў. А спрыяльныя абставіны заўсёды патрабуюць эфектыўнага і мудрага выкарыстання.

Але ёсць яшчэ адзін шлях да поспеху — трэба быць фанатыкам сваёй справы. Такога чалавека часта не разумеюць, лічаць апантаным, шалёным, нават вар’ятам. Але калі яго задумка прынясе поспех, ўсё становіцца на свае месцы: паяўляецца і разуменне, і прызнанне, і павага. Такім чынам, аддаючыся цалкам адной справе, чалавек пакідае трывалы след пасля сябе.

Няпраўда, што ў наш час немагчыма засяродзіцца на адной мэце. Кажам, што хуткі рытм жыцця прымушае кожны дзень вырашаць мноства спраў. Але канцэнтрацыя на чымсьці адным навяла б парадак у паўсядзённай дзейнасці чалавека. Думаю, што галоўная слабасць нашага часу — гэта відавочная няздольнасць адрозніць істотныя патрэбы ад жаданняў. Нягледзячы на ўсе аб’ектыўныя цяжкасці, многія з нашых заняткаў служаць задавальненню патрэб, якія з пункту гледжання паспяховага жыцця з’яўляюцца другараднымі, часам непатрэбнымі, а часам нават шкоднымі.

Калі чалавек жыве з захапленнем, інтэнсіўна працуе для дасягнення высокай мэты, яму не так многа патрэбна, каб адчуваць сябе шчаслівым. Жыццёвы запал дазваляе дабівацца немагчымага. Поспех залежыць не толькі ад разумна выбранага кірунку, ад добрага пачатку справы або ад канчатковага эфекту, але і ад веры ў тое, што немагчымае — магчыма, недасяжнае — дасягальна.

Чым ёсць пакора ў штодзённым жыцці? 

Хрыстус заклікае сваіх слухачоў наследаваць Яго перш за ўсё ў адным — у пакоры: “Навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам” (Мц 11,29).

Толькі ў пакоры можна па-сапраўднаму дапамагаць, будаваць лепшы свет і разумець іншага чалавека. Дзе ёсць пакора, там ёсць і любоў. Пакора дапамагае нам шчыра аддаваць пашану Богу. Няма нічога больш сумнага ў жыцці чалавека, чым рэлігія без пакоры. Сам Езус перасцерагаў ад гэтага (пар Лк 16,15).

Пакорны чалавек здольны зразумець і прызнаць, што па-за ім ёсць больш важныя рэчы, што ёсць людзі мудрэйшыя за яго, што ён сам слабы і можа памыляцца. Такі чалавек усведамляе свае недахопы, таксама з разуменнем і талерантнасцю ставіцца да іншых, не прыпісвае іншым дрэнных намераў.

Супрацьлегласцю сціпламу з’яўляецца ганарлівы чалавек. Ганарлівы чалавек лічыць сябе больш важным за іншых. Яму здаецца, што ён заўсёды мае рацыю, прадстаўляе праўду і таму можа вырашаць, што добра, а што дрэнна як у ім самім, так і ў іншых. Ён неталерантны і нячулы, не даруе і не просіць прабачэння. Ён пыхлівы, узвышае сябе над іншымі, не заўважае іншага чалавека. Хацеў бы сам вырашаць, што рабіць іншым. Ні пыха, ні ганарлівасць не змогуць стварыць умовы для сапраўднага братэрства.

Ад такой паставы вызваляе нас пакора. Пакорны чалавек вольны ад клопату пра тое, каб падабацца людзям. Ён вольны ад усіх непатрэбных намаганняў выдаць сябе за таго, кім ён не з’яўляецца. Не шукае прызнання. Ён робіць дабро не для пахвалы. Ён ахвотна сядае ў апошнія рады, хоць мае права на першыя. Калі моліцца, то не на вуліцах, “каб людзям паказацца” (пар Мц 6,1-6). Пакора ставіць чалавека ў праўдзе да самога сябе і да рэчаіснасці, якая яго акружае, і такім чынам мае ачышчальную і ўзвышальную сілу.


Як рэагаваць на цяжкую рэчаіснасць? 

Няма сэнсу злавацца на ход падзей, бо ім усё роўна. Гэтая думка, аднак, не мяняе таго факту, што ў нас нараджаецца расчараванне, трывога, гнеў. І гэта таксама частка натуральнага ходу рэчаў. Дзеянне спараджае рэакцыю.

Можна скардзіцца, а можна і не. Я думаю, што рэчаіснасць кожны дзень спрабуе навучыць нас цярплівасці.

Мы маем схільнасць уцякаць ад цяжкіх падзей і балючых эмоцый. Але адбылося тое, што адбылося, боль і смутак звычайныя спадарожнікі любой бяды. Адбылася трагедыя — нам дазволена смуткаваць, плакаць, перажываць. Добра гэта прызнаць. Адкінуць заслоны. Агаліцца. Адчуць страх, сум, а таксама злосць.

Часта бывае, што ў цяжкіх сітуацыях злосць бярэ верх. Прычынай гэтага могуць быць боль, страта, пагроза, нават сум ці страх. Злосць або гнеў даюць пачуццё кантролю. Знішчаючы зло, лёгка знішчыць тое, што зусім не з’яўляецца злым, што неабходна для жыцця. Нядобра душыць эмоцыі гневам.

Давайце паспрабуем звярнуць увагу на свае перажыванні і надаць ім сэнс. Эмоцыі патрабуюць цярплівасці. Майстэрства цярпення ў тым, каб бачыць эмоцыі, разумець іх і надаваць ім добрую ўвагу. Цярпенне — гэта не бяздзейнасць. Цярплівае дзеянне адбываецца ў тым жа тэмпе, што і ход падзей.

Цярплівае дзеянне — гэта не заўсёды фізічнае знішчэнне зла. Яно хутчэй падобна да “сейбіта, які выйшаў сеяць” (Мц 13, 3-8). Цярпенне ў цяжкія моманты дапамагае ўпарадкаваць праблемы і адшукаць, зразумець страту, падобна да жанчыны, якая “запальвае свечкі і вымятае дом, і шукае пільна, пакуль не знойдзе” згубленую драхму (пар Лк 15,8-9). Цярплівае дзеянне — гэта латанне дзірак свету: “Бо Я быў галодны, і вы далі Мне есці; прагнуў, і вы напаілі Мяне” (Мц 25,35).

Цярплівае дзеянне ўзмацняе нашу ўвагу і пазбаўляе ад болю, суцішае крык Як доўга яшчэ? і далікатна адкрывае усведамленне Што цяпер?


Чэрвень 2023

На якіх вакацыйных шляхах можна сустрэць Бога? 

Першы шлях — гэта наша звычайнае жыццё, якое складаецца з намаганняў, штодзённасці, няўпэўненасці ў заўтрашнім дні, працы, цяжкіх адносін, непасільных задач. Яно вельмі падобнае да жыцця Марыі і Альжбеты, якія, аднак, у такой звычайнасці перажылі незвычайнае жыццё. Гэта атрымалася дзякуючы вялікай любові да Бога. Любоў можа зрабіць жыццё незвычайным, наш свет ратуе любоў.

Другая дарога пазнання Бога — гэта любоў у малых жэстах. Маленькія жэсты, здаецца, не вельмі змяняюць жыццё, але яны маюць незвычайную сілу і каштоўнасць. У гэтых жэстах любові схаваны Бог. Яны з’яўляюцца прыкметай таго, што існуе іншы спосаб быцця, іншы стыль. У Евангеллі пра Апошні Суд (Мц 25, 31-46) Езус не кажа “вы вызвалілі мяне з вязніцы”, але кажа “вы наведалі мяне”, не кажа “вы пазбавілі мяне ад усіх маіх праблем”, але “вы накармілі мяне, апранулі мяне”. Чалавек можа зрабіць маленькія справы, дробязі, пра якія хутка нават не ўспомніць, але там будзе Хрыстус.

Трэцяя дарога да Бога праходзіць праз адносіны з іншымі. Праз будаванне адносін, якія даюць жыццё і адкрываюць нас на Бога. Марыя і Альжбета дзяліліся тым, што Бог зрабіў у іх жыцці. Дзякуючы гэтаму іх адносіны набылі незвычайную глыбіню.

Чацвёртая дарога — гэта нечаканыя сітуацыі, здавалася б, без выхаду, без надзеі. Калі здаецца, што ўсё заканчваецца, тады пачынае дзейнічаць Бог. Адкрывае іншы шлях. Біблейскі прыклад тут — пераход ізраільцян праз Чырвонае мора і праз пустыню. У сітуацыі без выхаду пачынае дзейнічаць Бог.

Пятая дарога дзеяння Бога — гэта вопыт удзячнасці. Давайце паглядзім, што ў нас добрага, чым мы адораны. Не будзем засяроджвацца на нястачы, на граху, але паглядзім, якія вялікія рэчы зрабіў для нас Бог!

Што рабіць, калі не хапае цярплівасці? 

Калі ты стомлены і раздражнёны, пасварыўся з кімсьці, адчуваеш сябе бездапаможным і смяротна няшчасным, успомні тыя дні, калі тваё сэрца было напоўнена радасцю, задавальненнем, прыгадай час, поўны ўсмешак і дабрыні да людзей. Ніколі не забывай самыя прыгожыя дні твайго жыцця! Вяртайся да іх кожны раз, калі ўсё ў тваім жыцці афарбоўваецца ў чорныя колеры, горыч залівае сэрца, як паводка, і гіне вялікая надзея. Тады асабліва даверся Богу, які вядзе цябе. Таксама будзь вельмі цярплівы да сябе! У цяжкія перыяды жыцця часцей успамінай дні радасці і даверу, калі табе было добра. Не забывай шчаслівыя моманты свайго жыцця — каб не страціць іх назаўсёды.

Кожны вечар аддавай чарговую старонку жыцця добраму Богу. Толькі тады зможаш заўтра пачаць жыццё спачатку. Кожны дзень пачынай новае жыццё! Тады станеш новым чалавекам і будзеш атрымліваць асалоду ад кожнага “сёння”, якое з’яўляецца першым днём астатняй часткі твайго жыцця. Новы чалавек радуецца ўсяму, нават маленькім кветкам, якія растуць на дарозе жыцця!

Чаму я адчуваю такі неспакой? 

Маё жыццё цудоўнае. Дзеці дарослыя, дома ўсё добра. А я клубок нерваў. Не ведаю, чаму так неспакойна на душы...

Гэта радкі з ліста адной жанчыны. Яна кіравала сямейным бізнесам, на практыцы большая частка абавязкаў ляжала на яе плячах, але на чале кампаніі стаяў яе муж. Ён быў начальнікам. Калі яна спрабавала дысцыплінаваць супрацоўнікаў, муж умешваўся і аспрэчваў яе рашэнні. Мы пачалі гаварыць пра тое, што яна адчувала, калі муж не згаджаўся з яе рашэннямі.

Трывога здаецца бессэнсоўнай, пакуль не прыгледзішся да фактаў і не ўпарадкуеш іх. Жанчына запэўнівала сябе, што паводзіны мужа яе не злуюць. Яна была перакананая, што яе злосць — дробязь, пра якую не варта гаварыць. Аднак яна злавалася на мужа — і трымала гэта ў сабе, таму ўсё больш губляла цярпенне з супрацоўнікамі. Яна адчувала неспакой, і такім чынам выяўляўся схаваны ў ёй гнеў.

Яе неспакой быў знакам дарастання да таго, каб рашыцца быць сумленнай перад сабой, перад мужам. Неспакой — гэта заўсёды знак таго, што застаецца схаваным, невымоўным. Неўзабаве жанчына вырашыла вызваліцца ад прытворства, выказала свае чаканні ад мужа, выйшла с ценю і адкрыта ўзяла на сябе ролю кіраўніка кампаніі, не хаваючы больш сваіх кампетэнцый, як гэта рабіла на працягу многіх гадоў.

Калі мы адчуваем, што з намі “нешта не так”, гэта можа азначаць, што мы хочам пачаць новае жыццё, у якім будзе месца для праўды пра сябе. І калі вырашым раскрыць праўду і вызваліць свае пачуцці, мы знойдзем сябе. І вернемся да праўдзівага жыцця.

На дарозе праўдзівага жыцця нам могуць дапамагчы чатыры характарыстыкі Езуса, якія робяць паслухмянасць Яму не толькі магчымай, але і прывабнай. Гэта якасці сапраўднага лідэра.

Сэрца Езуса, поўнае любові да Бога і чалавека, кажа Яму: не загадвай тым, каго любіш, і не чакай паслушэнства ад тых, каго не любіш. 

Што такое малітва? 

Малітва — гэта дар Божы, дзякуючы якому чалавек можа наблізіцца да Створцы і адчуць Яго любоў. Людзі, якія не вераць у Бога і не разумеюць сутнасці адносінаў Бога і чалавека, лічаць малітву марнаваннем часу, непатрэбным дзеяннем. А для верніка малітва мае вартасць большую за ўсе багацці свету. Вялікая моц малітвы можа змяніць жыццё навокал — трэба толькі захацець яе выкарыстоўваць!

Пра малітву можна шмат казаць і пісаць. У гэтым адказе хачу прадставіць тыя думкі, якія сёння паказвае мне сэрца. Малітва часам здаецца нам вельмі цяжкай. Не дазваляйце, каб нехта або нешта перашкаджала вам маліцца. Дзякуючы малітве мы лепш бачым шлях да неба. Малітва адкрывае сэрца да Бога.

Не шкодзіць, што кожны дзень прамаўляеш адну і тую ж малітву, важна, каб укладваў у яе ўсё тваё сэрца. На малітве выкарыстоўвай уласныя словы. Малітва вучыць розум і цела, як шчыра праслаўляць Бога. Малітва набліжае нас да Бога. Малітва — гэта пакланенне Богу і адкрытасць на Яго Слова, якое знойдзеш у Бібліі. Малітва дае нам сілу, каб жыць так, як Ён хацеў, і тады Божая ласка заўсёды будзе з намі.

Маліцца — значыць ва ўсім бачыць Божую любоў і дзякаваць за ўсё, што Бог нам дае. Трэба маліцца за іншых, нават за ворагаў. Маліцца столькі, колькі патрабуе сэрца. Старайся, каб кожны твой учынак, усё тваё жыццё было малітвай. Чым больш молішся, тым бліжэй набліжаешся да Бога. Малітва напаўняе цябе радасцю. Калі молішся, адчуваеш вялікае шчасце.

Многія людзі не моляцца, таму што іх спакусіла зло і малітва перастала быць для іх каштоўнай. Многім людзям здаецца, што іх малітвы не былі выслуханыя, і яны больш не моляцца. Іншыя моляцца, каб выканаць свой абавязак, але словы гавораць без любові. Такая малітва — толькі словы. Калі б людзі маліліся з любоўю і даверам, тады б знайшлі радасць, якая выплывае з малітвы. Бог праз малітву хоча даць нам усе свае дары, калі мы верым.

Ведай, калі будзеш маліцца і прасіць з любоўю, ускладаючы надзею на Бога, твае просьбы будуць пачутыя. Паспрабуй маліцца кожны дзень патроху, усяго некалькі слоў —  і ты ўбачыш, як Бог зменіць тваё жыццё. У выпадку малітвы важны не час, а любоў, дзякуючы якой секунда можа быць вечнасцю, а вечнасць секундай, калі так вырашыць Бог.

29 чэрвеня мы адзначаем урачыстасць Святых Пятра і Паўла. Як верна захоўваць вучэнне апосталаў? 

Святыя апосталы Пётр і Павел прынялі пакутніцкую смерць у Рыме ў 64-67 гадах, падчас ганенняў хрысціян у перыяд праўлення Нерона.

Пётр і Павел, надзеленыя рознымі дарамі, пабудавалі адзін Касцёл Хрыстовы. Абодва палюбілі Езуса, аддалі жыццё ў абарону веры. Падобныя адзін да аднаго запалам сэрца і рашучасцю дзеянняў і такія розныя па сацыяльным статусе і жыццёвым вопыце.

Пётр — неадукаваны рыбак, прастак — адразу пайшоў за Езусам. Ён не пакінуў Святую Зямлю. Павел паходзіў з вялікай сям’і, з пакалення Веніяміна. Гэта быў адукаваны габрэй, які дасканала размаўляў па-грэцку, вучань Гамалііла, вялікага габрэйскага рабіна. Павел першапачаткова быў ворагам Езуса, змагаўся з Ім. Затым навярнуўся. Місіянер, падарожнічаў па ўсім свеце, прапаведуючы веру.

Што звязвала Пятра і Паўла? Любоў да Езуса. Што яшчэ? Перажыванне чалавечай слабасці. Пётр запэўніваў Езуса, што ніколі не адрачэцца ад Яго, што не здрадзіць. Аднак адрокся. Езус паказаў яму, што нельга разлічваць на сябе, на ўласную дасканаласць.

Павел абапіраўся на чалавечы розум. Як чалавек, выхаваны грэчаскай рацыяналістычнай школай, ён не мог зразумець магчымасці ўваскрасення. І Бог прынізіў яго, паказаўшыся ўваскрослым.

Гэтыя розныя людзі перажылі разам вопыт чалавечай слабасці і зразумелі, што спадзявацца трэба не на сваё разуменне, не на ўласную дасканаласць, а на Божую ласку. Мы павінны жыць у Касцёле як першыя хрысціяне: трываць у ламанні хлеба і ў вучэнні апосталаў, і — умацаваныя ў любові — утвараць адно сэрца і адну душу.


Езус сказаў: “Новую запаведзь даю вам, каб вы любілі адзін аднаго” (Ян 13,34). Якая запаведзь маецца на ўвазе? 

Камусьці можа здацца, што новая запаведзь такая: “Любі бліжняга свайго, як самога сябе”. Але Езус памёр з любові да ўсіх. Сказаў: “Як Я палюбіў вас, так і вы любіце адзін аднаго” (Ян 13,34). Такой любові патрабуе Бог. Любіць кагосьці больш чым сябе. Таму новая запаведзь гучыць інакш, чым тая, якая патрабавала любіць як самога сябе.

Езус не патрабуе ад усіх мучаніцкай смерці. Гаворка ідзе пра тое, каб шчыра любіць адзін аднаго. Чалавек можа любіць іншага настолькі вялікай любоўю, што будзе толькі аддаваць і нічога не чакаць наўзамен. Такая любоў будзе няпоўнай, бо існуе толькі як даванне.

Езус кажа пра любоў узаемную. Любоў з’яўляецца таксама прыняццем. Той, хто дае, можа нічога не патрабаваць, але павінен умець і прыняць. Атрымліваць часта цяжэй, чым даваць. Чакаем вялікага падарунка, а атрымліваем тое, што нам зусім не падабаецца. Калі любім — прымаем гэта. Любім кагосьці, хто мае недахопы, — павінны прыняць яго недахопы.

Як цяжка ў любові прымаць, не толькі даваць!

Таямніца ўзаемнай любові ў Найсвяцейшай Тройцы: Езус любіць Айца, Айцец любіць Езуса. Бог усіх нас любіць, але таксама любові патрабуе. Прыходзіць і пытаецца: “Ці любіш Мяне?”

Бог, які сам ёсць любоў, чакае нашай любові. Не кажа: “Люблю вас, але Мне ўсё роўна”. Яго любоў большая. Нават любоў Бога — такая вялікая! — чакае кожнай нашай любові.

Бог — гэта той, хто любіць без узаемнасці, таму што нават самы вялікі святы не можа любіць Бога так, як Ён хоча. Любоў заўсёды шукае любові. І гэта, магчыма, новая запаведзь — любіце адзін аднаго.

Май 2023

Вітаю вас, шаноўныя чытачы!

Бог любіць нас бескарысліва і безумоўна, любіць такімі, якімі мы ёсць. Ён знаходзіць нас і запрашае, каб мы дазволілі Яму ўвайсці ў нашае жыццё. У нашым цяжкім свеце, поўным трывог, мы павінны быць асаблівымі сведкамі Бога, багатага на міласэрнасць. Распавядаць усім пра міласэрную любоў, якая з’яўляецца імем самога Бога. Без міласэрнасці не ўладкуем наш свет па меры чалавека.

Нягледзячы на хваробу, слабасць і пакуты, Божая Міласэрнасць дае мне сілы жыць сярод вас і праслаўляць Яго любоў і міласэрнасць да кожнага чалавека. Жыву, каб з сэрца заклікаць: “Езу, давяраю Табе! Міласэрны Ойча, будзь міласэрны да нас і да ўсяго свету!”

Я з вамі, каб сказаць усім, што я давяраю вам, веру ў вашу будучыню, якая ў вашых руках.

Дзякуй за пытанні! Добра, што паказваеце змест адказаў іншым, тым самым дапамагаеце дайсці да людзей, якіх цікавяць гэтыя тэмы.

Вітаю кожнага асобна. Малюся за ўсіх людзей, якім цяжка, якія пакутуюць, якія шукаюць сябе нанова. Адкрый сваё сэрца — і хутка прыйдзе тваё аднаўленне. Няхай Марыя, Маці Езуса і наша Маці, заступаецца за нас!

З малітвай, ваш біскуп Уладзіслаў


Я алкаголік, баюся пагарды іншых. Я не магу больш так жыць. Веру, што Вашыя малітвы і клопат пра кожнага чалавека дапамогуць мне і іншым, хто мае такую праблему. Калі ласка, дапамажыце! 

Я вырашыў апублікаваць тэкст, бо хачу паказаць, што алкагалізм можна перамагчы. Для кожнага выпадку існуе дапамога. Іншая справа, што не кожны алкаголік захоча прыняць гэтую дапамогу. Калі чалавек гэтага не хоча, нельга дапамагчы любой цаной. Ты на правільным шляху, таму што сам просіш аб дапамозе. Чалавек найперш павінен сам захацець сабе дапамагчы. Калі ў гэты змрочны момант звернешся па дапамогу да спецыялістаў, усё можа змяніцца.

Прычыны алкагалізму не маюць значэння. Калі мы не можам справіцца з жыццём цвярозымі, тым больш не справімся з ім пасля алкаголю. Калі мы пачнём лячыцца, варта больш уважліва прыгледзецца да свайго жыцця — адносінаў з блізкімі, шлюбу, працы. Бо ўсё гэта можа быць крыніцай шкоднага ўжывання алкаголю. Менавіта ад нявырашаных сітуацый мы можам уцякаць ў алкаголь, шукаючы ў ім паратунку. Каб вылечыцца назаўжды, неабходна ачысціць праблемныя месцы.

Часта жонка кажа, што калі б муж яе любіў, паважаў, то не піў бы, а пачаў лячыцца. Цяжэй за ўсё змірыцца з тым, што алкаголік рэдка робіць тое, што ён робіць, каб наўмысна пакрыўдзіць сваіх блізкіх, прычыніць ім боль. Часцей за ўсё ён занадта эгаістычны і эгацэнтрычны, каб нават гэта заўважыць. Сумна, але родныя і блізкія становяцца даволі выпадковымі атрымальнікамі яго расчаравання і гневу, які часта проста прыкрывае страх. Цяпер, калі ты не ўяўляеш свайго жыцця без алкаголю, але ўжо зразумеў, што так жыць нельга, што далей толькі смерць, у цябе самы лепшы шанец пачаць барацьбу! Сёння ад твайго рашэння ўсё можа змяніцца. Ўсім сэрцам я з табой! Я малюся, каб ты змог пазбавіцца ад залежнасці і пачаць лепшае жыццё.

Хто даў нам права судзіць іншага? 

Евангелле паводле Св. Мацвея гаворыць: “Не судзіце, каб вас не судзілі. Бо якім судом вы судзіце, такім і вас асудзяць, і якой мераю мераеце, такой і вам будзе адмерана. Чаму бачыш шчэпку ў воку брата свайго, а бервяна ў сваім воку не заўважаеш? Або, як скажаш брату свайму: “Дазволь мне выняць шчэпку з вока твайго”, калі ў тваім воку бервяно? Крывадушнік, спачатку вымі бервяно са свайго вока, і тады ўбачыш, як выняць шчэпку з вока твайго брата” (Мц 7, 1-5).

Аднак ёсць людзі, якія жадаюць дапамагаць Богу, спасылаюцца на Яго, гаворачы як бы ад Яго імя — хочуць судзіць і караць людзей. Так можна па-чалавечы, але не можна па-Божаму. Права каральнае можа быць міласэрным. Справядлівасць — гэта значна больш, чым звядзенне рахункаў. Пакаранне таксама павінна служыць для выпраўлення зробленай крыўды і выпраўлення самога злачынцы.

Лёгка любіць тых, хто робіць нам дабро. А мы, хрысціяне, павінны любіць тых, хто нам чыніць зло. Евангелле абавязвае нас адказваць любоўю нават на самае страшнае злачынства. Ці сапраўды мы верым у годнасць чалавека — прыроджаную, асабістую, незалежную ад яго заслуг, учынкаў, грахоў, віны , годнасць, якая вынікае з самога факту быцця чалавекам. “Нельга забывацца, што да апошняга моманту чалавек можа навярнуцца і змяніцца,” — кажа папа Францішак (зварот да дыпламатычнага корпуса, Ватыкан, 08.01.2023 г.)

Папа Францішак верны прынцыпу, што хоць ёсць дабро і зло, але няма цалкам злых ці толькі добрых людзей. У кожным прысутнічаюць гэтыя абодва элементы, таму хто я такі, каб судзіць?

Той, хто дзейнічае ў імя Бога, хто спасылаецца на Бога, не можа судзіць і караць па-свойму. Калі хочаш сапраўды дзейнічаць у імя Бога, паспрабуй палюбіць і зразумець тых людзей, якіх хочаш асудзіць! У рэшце рэшт Бог адклаў суд над людзьмі на канец свету. А мы самі ўжо цяпер судзім, асуджаем і ацэньваем. Злуёмся, гневаемся. Мы крыўдзімся на свет, ненавідзім тых, хто прычыніў нам боль.

А як сябе паводзіць, калі сутыкаемся з болем, калі хтосьці наўмысна крыўдзіць, раніць і абражае нас? Мы павінны перажыць гэта так, быццам забалела нам параненая нага ці падрапаная рука, а не адразу крычаць на таго, хто нас пакрыўдзіў і асуджаць яго. Паспрабуем перажыць тое, што нам нанесла боль так, як бы нас фізічна штосьці зраніла і мы павінны гэта перацярпець. Езус у Аліўным Садзе сумаваў, бо сустрэўся з людской здрадай, няўдзячнасцю, але не скардзіўся ні на Цэзара, ні на Ірада, ні на Юду. Ён адчуваў боль і пакуты ад таго, што людзі пакідаюць Яго і не разумеюць.

Мы ж усе свае балючыя дотыкі ператвараем у скаргі, злосць, часам у нянавісць. Не ўмеем убачыць Езуса. А каб змаглі так маліцца і чуваць, каб быць блізкімі да Пана Бога, то і ўсе цяжкасці і крыўды пераносіліся б лягчэй.

Што рабіць, як жыць, каб мы з мужам і сынам былі падобныя да Святой Сям’і з Назарэту? 

Мае дарагія, Святую Сям’ю мы часта ведаем з абразка, а зараз я хачу пазнаёміць вас са штодзённым жыццём Езуса, Марыі і Юзафа і параўнаць іх з жыццём іншых сем’яў, якія жылі або жывуць побач з намі.

Сям’я Марыі і Юзафа сустракалася са шматлікімі цяжкасцямі. Спачатку Юзаф з цяжарнай жонкай вымушаны быў ісці ў Бэтлеем, там Марыі прыйшоў час нарадзіць, а ў сям’і нават нармальнага месца начлегу няма! Потым уцёкі ў Егіпет дзеля выратавання адзінага сына. Святая Сям’я — гэта вандроўнікі, якія блукалі па чужой зямлі. Асірацелі вельмі рана, бо Юзаф хутка памёр. Сям’я, дзе маці губляе сына ў росквіце яго гадоў. Сям’я, у якой на трох чалавек было два пахаванні, Юзафа і Езуса. Сям’я, вельмі блізкая нам праз свае пакуты. Іх адзінай апорай была моцная вера ў Бога.

Святая Сям’я вельмі блізкая для тых, хто ведае вандроўку, перажыў смерць блізкіх, мае маленькую кватэру або шукае кватэру, бо ўвогуле не мае свайго жылля. Пане Божа, навучы нас несці цяжар жыцця па прыкладу Святой Сям’і!

Мне здаецца, што кожная сям’я — святая і несвятая, добрая і цяжкая — мае сваю Боскую таямніцу. Гэтай таямніцай з’яўляецца тое, што ніхто не можа стварыць сабе сям’ю па ўласных жаданнях. Няма крамы, дзе можна набыць бацьку з патрэбным наборам якасцей або купіць маці, якая нам бы падабалася. Бо дзеці не выбіраюць сваіх бацькоў. Бог дае нам такіх бацькоў, якіх лічыць адпаведнымі. Бацькі таксама не могуць купіць дзіця, якое ім падыходзіць. Яны атрымліваюць дзяцей ў падарунак — і як часта даводзіцца з імі мучыцца!

Святы Станіслаў Костка меў брата хулігана і бацькоў несвятых, а ён стаў святым. Святая Барбара мела жорсткага бацьку, які хацеў яе забіць. Гэта таямніца, што ва ўмовах, якія даў нам Бог і якія знешне не спрыяюць развіццю духоўнага жыцця, мы ўсё ж такі павінны сустрэцца з Ім, знайсці Яго.

Цікава, што праз гады кожны вяртаецца з добрым успамінам да сваіх бацькоў, якімі б яны не былі. І кожны з нас, калі пасталее, хацеў бы вярнуцца ў родны дом. З цягам часу чалавек разумее, што Бог, даючы яму такіх, а не іншых бацькоў, такі, а не іншы дом, дае яму самае лепшае. Няхай Святая Сям’я выпрасіць для вас веру, надзею і любоў, якія вытрымаюць усе цяжкасці і перашкоды. Я думаю, што нягледзячы на свае слабасці і недахопы кожны з нас з’яўляецца важным знакам для многіх людзей, якіх мы любім у імя Бога. З мужнасцю і настойлівасцю давайце пачынаць кожны дзень нанова. Будзем добрымі і усмешлівымі, каб імя Божае было праслаўлена!



Царства Нябеснае блізка ці далёка? 

“Наблізілася Валадарства Нябеснае” — чытаем у Евангеллі. Аднак нам здаецца, што гэта валадарства яшчэ далёка і папасці туды неяк не вельмі магчыма. Ужо сама назва “Царства (ці Валадарства) Нябеснае” здзіўляе і нагадвае дзіцячую кнігу. Часам нам здаецца, што нас акружае змрочнае, цёмнае царства, дзе з раніцы да ночы ідуць дажджы. Часам нам здаецца, што ў жыцці мы сустракаем Бога няшчасця, крыжа, хваробы, пахавання.

“Наблізілася Валадарства Нябеснае” — запэўнівае Езус. Побач Бог, які можа даць нам сапраўдную радасць, унутраную свабоду, святло, якое пранікае нават праз тое, што найбольш баліць.

Ці былі шчаслівымі Андрэй, Пётр, Якуб і Ян, занятыя цяжкай рыбалоўнай працай? Але кожны з іх быў вольным і аднойчы пачуў заклік Езуса: “Кідай усё і ідзі за Мною”.

Нас часта заблытваюць злыя сеткі слабасці, смутку, гневу, але таксама і добрыя намеры рабіць дабро і служыць бліжнім. Часам мы настолькі заблытваемся ў іх, што не можам пачуць голас Езуса і пайсці за Ім. Часцей мы паслухмяныя пад прымусам, тым часам тыя, хто пайшоў за Езусам, былі паслухмянымі таму, што былі свабоднымі. Езус нас выбраў і паклікаў, а мы прынялі Яго запрашэнне.

Пакліканне не азначае, што пакліканы можа адразу адчуць сябе грамадзянінам неба. Пакліканы Богам — гэта чалавек, ад якога Езус найбольш патрабуе, заклікае да любові бескарыслівай і поўнай ахвяры да бліжняга.

Пакліканне — гэта не прывілей, гэта адказнасць і абавязак. Быць пакліканым азначае штодзённа здаваць экзамен на чалавечнасць, на гатоўнасць адмовіцца ад сябе, ад сваіх планаў і служыць людзям, у імя Бога любіць гэтых людзей. А дзякуючы любові ўсё, што будзеш рабіць, стане незвычайным.


Што жадае нам перадаць папа Францішак з нагоды 10-годдзя свайго пантыфікату? 

Разам з папам Францішкам пачаўся новы этап у гісторыі Касцёла і хрысціянства ў цэлым. Біскуп Рыма паказвае, што сучасны свет з’яўляецца місійнай тэрыторыяй, а сучаснага чалавека можна павярнуць з яго шляху толькі праз навяртанне сэрца. Так трэба інтэрпрэтаваць словы і, перш за ўсё, служэнне папы Францішка.

Сведчанне жыцця, абвяшчэнне Любячага Бога, Айца, які заўсёды прабачае ўсім, хто да Яго прыходзіць, – вось галоўныя мэты, якія ставіць перад сабой папа Францішак. Менавіта гэта гучыць амаль у кожнай яго пропаведзі. Ён жыве прапаведваннем гэтай праўды, хоча зрабіць яе прысутнай, паказаць усім і кожнаму. І таму, як Езус, наведвае мытнікаў і размаўляе з тымі, хто заблукаў, ахвяруе жывую ваду не тым, хто здаровы, а грэшнікам, якія патрабуюць міласэрнасці. Ён робіць гэта праз СМІ, па тэлефоне або даючы інтэрв’ю людзям, якія шукаюць. Кожны з іх, але і кожны з нас, атрымлівае надзвычайны шанец сустрэцца з Хрыстом, паяднацца, звярнуць са свайго шляху.

Няма чаго хаваць, часам гэта можа здзіўляць нас, засядзеўшыхся хрысціян. Бывае, адчуваем сябе пакінутымі і маем уражанне, што змагаліся без патрэбы. Але гэта і ёсць спакуса старэйшага брата з прытчы пра блуднага сына. І ад яе павінна адвесці нас любоў Бога да чалавека, Божая Міласэрнасць, якая прабачае не толькі адыход блуднага сына, але таксама зайздрасць старэйшага брата. У рэшце рэшт, не гэта, не нашы ўчынкі, не наша справядлівасць і не наша рэлігійная прыхільнасць збаўляе нас, а Хрыстус з ласкі праз веру.

Назіраючы за ўсім гэтым, складваецца ўражанне, што гэтае прапаведванне, гэты вялікі крык аб Божай Міласэрнасці і неаднаразовы заклік ачысціцца ад усяго лішняга, непатрэбнага для абвяшчэння Божай любові, сведчыць аб тым, што час ужо блізкі. Дзякуючы рэвалюцыі міласэрнасці, прапанаванай Касцёлу папам Францішкам, у хрысціянства зноў ёсць шанец стаць жыццёва важнай і натхняльнай рэлігіяй.

Праблемай многіх вернікаў можа быць празмерная прывязанасць да мінулага. Часам мы настолькі пагружаемся ў мінулае, што хочам жыць у ім. Такі падыход вырывае нас з месца, дзе мы павінны жыць. Мы пакідаем месца, якое Бог даў нам на сёння, на цяпер. Трэба памятаць словы Езуса, адрасаваныя кожнаму з нас: Будзьце мужнымі! Не бойцеся!


Як Вы бачыце далейшае развіццё Касцёла ў Беларусі?* 

Касцёл у Беларусі з’яўляецца часткай Паўсюднага Касцёла. Касцёл ёсць! Касцёл жыве! Касцёл будзе развівацца!

Касцёл не наш, а Хрыста. Не будзем баяцца наблізіцца да Збаўцы. Уваскрослы Езус заўсёды побач з намі, каб мы зноў маглі пачынаць спачатку. Усе мы ў адным чоўне, усе маем аднолькавыя клопат і страхі, і ніхто не можа збавіцца сам, адзін. Каб сапраўды развівацца, мы павінны быць разам, дзелячыся тым, што маем. Часта людзі гавораць: “Маеце ў Касцёле закон, але не маеце любові і прабачэння”. Таму нам патрэбна ачышчэнне не толькі структур Касцёла, але таксама і нашай веры. Вера – гэта не ўскладанне надзеі на людзей, але давер да самога Бога. Мы памятаем, што сэнсам і заданнем Касцёла з’яўляецца толькі абвяшчэнне Евангелля. У будучыні хрысціянства будзе шматкаляровым і разнастайным. Касцёл, паўстаўшы сілай Святога Духа, павінен з разнастайнасці стварыць гармонію. Езус дапамагае нам ласкай у нашым імкненні да збаўлення згодна са сваёй задумай любові, якая не чакае нічога наўзамен. Езус прагне збаўлення ўсіх людзей.

Таму Ён дае нам заданне: усяму свету абвяшчайце Евангелле (пар. Мк 16, 15). “Ніводзін чалавек, які верыць у Хрыста, ніводная структура Касцёла не можа ўхіліцца ад гэтага найважнейшага абавязку абвяшчэння Хрыста ўсім людзям”, – казаў Ян Павел II.

Жыхары Магілёўшчыны ці Гомельшчыны – гэта нашыя браты і сёстры, якія патрабуюць нашай падтрымкі. Мы павінны ісці і абвяшчаць Евангелле кожнаму стварэнню, убачыць спакутаваныя і сумныя твары людзей без Бога. І тады наша сэрца скажа: “Мы не можам маўчаць пра тое, што бачылі і чулі” (Дз 4, 20).

Гэта прычына, з якой неабходна аднавіць Магілёўскую мітраполію ва ўсходняй частцы Беларусі, што была заснавана 21 снежня 1783 г. як архідыяцэзія, а ў 1789 г. стала мітраполіяй. Калісьці яна ўратавала езуітаў у цяжкі перыяд іх гісторыі. Цяпер Папа Францішак – езуіт – мог бы аднавіць і ўратаваць Магілёўскую мітраполію, у склад якой маглі б увайсці Віцебская і новая Гомельская дыяцэзіі. На гэтай тэрыторыі тым ці іншым чынам сустракаюцца ўсходнія і заходнія духоўныя традыцыі.

“Нам не застаецца нічога іншага, як мець адвагу, надзею, і з гэтай адвагай і надзеяй мацней адчуць малітву Езуса і ісці наперад” (Папа Францішак, катэхеза падчас агульнай аўдыенцыі 16 мая 2021 г.).

На працягу апошніх 30 гадоў у Беларусі глыбока змянілася грамадская сітуацыя, і трэба адаптаваць да яе дзейнасць Касцёла. Трэба распрацаваць новыя метады душпастырства, якія прывядуць людзей да Бога. Адзіным полем працы Касцёла павінна быць сумленне. У цэнтры хрысціянскай маралі часта знаходзіцца грэх, які павінен быць асуджаны, але мы павінны паставіць у цэнтр нашага прапаведавання Божую ласку, якая аздараўляе і дапамагае нам выбіраць дабро і жыць верай.

Папа Францішак вучыць: “У Пасланні да Галатаў святы Павел запрашае таксама і нас паразважаць: як жывём верай? Ці застаецца любоў укрыжаванага і ўваскрослага Хрыста ў цэнтры нашага штодзённага жыцця як крыніца збаўлення або мы задавальняемся нейкай фармальнай рэлігійнасцю, каб трымаць у парадку сумленне? Ці прывязаны мы да каштоўнага скарбу, прыгажосці навізны Хрыста або аддаём перавагу нечаму, што на момант прываблівае нас, а потым пакідае ўнутры пустату? Эфемернае часта стукае ў дзверы нашай штодзённасці, але з’яўляецца ўсяго толькі сумнай ілюзіяй, якая падштурхоўвае нас да ўпадання ў павярхоўнасць і перашкаджае распазнаваць тое, дзеля чаго жыць па-сапраўднаму варта...

На працягу гісторыі, таксама і ў нашыя дні, заўсёды паўтараецца тое, што адбылося з галатамі. Таксама і сёння некаторыя прыходзяць і ўносяць разгубленасць сярод вернікаў, кажучы: “Святасць – у выкананні прадпісанняў, вы павінны рабіць так і гэтак”, і прапануюць закамянелую рэлігійнасць, якая пазбаўляе свабоды Духа, падараванай нам праз Хрыстовае адкупленне. Будзьце пільнымі перад абліччам закамянеласці, якую вам прапануюць, бо за кожнай суровасцю хаваецца нешта кепскае, няма Святога Духа. І таму гэта пасланне дапаможа нам не слухаць крыху фундаменталісцкія прапановы, якія вяртаюць нас назад у духоўным жыцці, і дапаможа ісці наперад у велікодным пакліканні Езуса” (Катэхеза падчас агульнай аўдыенцыі, 1 верасня 2021 г.).

Ці яшчэ: “Мы патрабуем абноўленага абвяшчэння Евангелля, новага грамадскага і рэлігійнага братэрства, надзеі, якую трэба будаваць дзень за днём, каб глядзець у будучыню з радасцю. Сёння найцудоўнейшым і найважнейшым заданнем Касцёла з’яўляецца абвяшчэнне Добрай Навіны, якую прынёс Хрыстус” (Папа Францішак, зварот да біскупаў Венгрыі, 12 верасня 2021 г., Будапешт).

“Пайдзi i паглядзi” (Ян 1, 46) – мы павінны пайсці і ўбачыць, быць побач з людзьмі, слухаць, размаўляць.

“Каб пазнаць, трэба сустракацца; дазволіць, каб той, хто стаіць перада мной, распавядаў мне; дазволіць, каб яго сведчанне дасягнула мяне” (Папа Францішак, пасланне на 55-ы Сусветны дзень масавай камунікацыі 2021 г.).

“Дазволім Езусу Хрысту збавіць і аздаравіць тое, што носім у сабе, адкрыць нас да абмену дарамі з іншымі, вылечыць нас ад нашай закамянеласці і ізаляванасці. Вызвалімся ад паралізуючай няволі, якой з’яўляецца абарона нашага знешняга вобразу і дазволім Яму натхніць нас, каб пайшлі за Ім туды, куды Ён хоча прывесці нас, а не туды, куда хочам мы” (Папа Францішак, гамілія на закрыццё 52-га Міжнароднага эўхарыстычнага кангрэса, 12 верасня 2021 г., Будапешт).

Мытніку Левію Езус казаў пра навізну Божага Евангелля (пар. Лк 5, 36). Навізна, якую перажываў Левій, паходзіла выключна з яго адносін з Езусам. Абсалютная навізна глыбока закранае наша разуменне саміх сябе, нашых адносін з іншымі і правіл паводзінаў. Часта людзі баяцца гэтай навізны. “Вы парушаеце Божае слова вашай традыцыяй, якую перадалі. І робіце шмат чаго падобнага да гэтага” (Мк 7, 13).

Гавораць: “Старое – лепшае”. Лепшае, бо вядомае і бяспечнае. Лепшае, бо не вымагае навяртання і перамянення? Ці не так?

Папа Францішак заахвочвае нас адкрыцца навізне Евангелля, якое дае свабоду: “Касцёл павінен быць пакорным, як Езус. Не бойцеся фарміраваць у людзей сталыя і свабодныя адносіны з Богам. Няхай абвяшчэнне Евангелля нясе вызваленне, а не прыгнёт. Няхай Касцёл будзе знакам свабоды і прыняцця. Няхай Касцёл будзе супольнасцю, якая, абвяшчаючы Евангелле любові, дапамагае расквітнець адзінству, сяброўству і дыялогу паміж вернікамі, паміж рознымі хрысціянскімі канфесіямі і паміж народамі. Жадаю вам працягваць ваш шлях у свабодзе Евангелля, у ініцыятывах веры і дыялогу, якія вынікаюць з міласэрнасці Бога, што ўчыніў нас братамі і сёстрамі і заклікае нас быць будаўнікамі спакою і згоды” (Папа Францішак, прамова да славацкага духавенства, 12 верасня 2021 г., Браціслава).

Езус сказаў: “Дастаткова будзе табе маёй ласкі. Бо моц у слабасці дасканаліцца” (2 Кар 12, 9). Цяжка абвяшчаць любоў Бога, не адкрываючы слухачу таго, кім з’яўляюся я і ад чаго Езус вызваліў мяне. Цяжка абвяшчаць перамогу Хрыста над чалавечым грахом, не ўказваючы, колькі грахоў Добры Бог прабачыў мне самому.

Ён з’яўляецца антыбіётыкам для людзей, бо прыносіць прабачэнне. Перамагае толькі той, хто любіць – той, хто хоць і быў павалены і затаптаны, але любіць, а не той, хто топча ў нянавісці. Хто ненавідзіць – прайграў усё. Ужо сёння перамог той, хто, хоць ляжаў на зямлі растаптаны, працягвае любіць і прабачаць. Нянавісць можна лячыць толькі любоўю.

Абвяшчэнне Евангелля без любові нічога не вартае. Ініцыятыва заўсёды належыць Богу: Ён не чакае, пакуль чалавек прыйдзе да Яго – выходзіць сам. Бог сышоў на зямлю, стаўшы чалавекам. Ці маю любоў да людзей, да якіх я павінен ісці? Калі так, магу абвяшчаць Евангелле ім.

“Сёння Касцёл пакліканы выйсці на дарогі экзістэнцыяльных перыферый, каб агарнуць клопатам параненых і шукаць згубленых, без забабонаў і страху, без празелітызму, але з гатоўнасцю зрабіць больш шырокім свой шацёр, каб прыняць усіх” (Папа Францішак, пасланне на Сусветны дзень мігранта і бежанца, 2021 г.).


Як жыць усім разам у падзеленым свеце? Як знайсці сэнс і суцяшэнне ў цяжкія моманты? Эмпатычнае ўзаемаразуменне, павага і любоў вельмі важныя. Папа Францішак часта падкрэслівае, што блізкасць, клопат і салідарнасць – гэта фундаментальныя чалавечыя і хрысціянскія каштоўнасці. Бог не мае іншага аблічча, акрамя аблічча міласэрнасці і любові. Трэба зноў па-сапраўднаму вярнуцца да асабістых адносін з Богам і бліжнім.

Мы павінны быць цярплівымі да сябе і з даверам чакаць часоў і спосабаў дзеяння Бога. Цярпліва адносіцца адзін да аднаго – значыць узяць на свае плечы цяжар жыцця брата ці сястры, у тым ліку іх слабасці і недасканаласці. Не наракаць. Мы павінны ісці і адкрываць новыя шляхі. Убачыць святло збаўлення і несці яго ўсяму свету.

Братэрства і надзея – гэта тыя лекі, якіх сёння патрабуе свет так сама, як прышчэпак. Без эсхаталагічнай перспектывы, без Бога чалавецтва не выжыве. “Позірк Езуса не затрымліваецца на ранах і памылках мінулага, але ўздымаецца над грахамі і недаверам. Езус глядзіць на іх, каб аздаравіць іх. Толькі любоў аздараўляе жыццё” (Папа Францішак перад малітвай “Анёл Панскі”, 27 чэрвеня 2021 г.).

Евангелле сведчыць аб нястомным пошуку Езусам людзей адчужаных. Вера нараджаецца заўсёды, калі людзі адчуваюць, што іх належна цэняць.

“У чалавечым сэрцы ёсць прыроджанае жаданне Бога, але яго спрабуе пагасіць лёгкая, але ўдушлівая дыктатура спажывальніцтва. Адной з прычын такой сітуацыі з’яўляецца страта смаку бескарыслівасці. Выйсцем з праблемы заўсёды ёсць бескарыслівы дар. Трэба разам глядзець у будучыню, а не перагортваць мінулае.

Аднавіць Касцёл на тым, што найважнейшае, на Добрай Навіне, на блізкасці і на сведчанні. Мы пакліканы Богам да працы, каб Яго дом станавіўся усё больш і больш гасцінным, каб усе маглі ўвайсці ў яго і жыць у ім, каб Касцёл меў дзверы, расчыненыя для ўсіх, і каб ніхто не паддаўся спакусе засяроджанасці выключна на яго абароне і змене замкоў. Божая любоў, міласэрная і ўсёахопная – адвечная навіна Евангелля, і яна вымагае ад нас, дарагія браты, мудрых і адважных рашэнняў, прынятых у імя моцнай любові і пяшчоты, праз якія нас збавіў Хрыстус” (Папа Францішак, пасланне да ўдзельнікаў пленарнай сесіі Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (CCEE), 23 верасня 2021 г.).

Красавік 2023

Мае дарагія!

Вы часта пытаецеся, адкуль у біскупа столькі энтузіязму і радасці. Давайце ўспомнім, што казаў Езус, паміраючы на крыжы.
Спачатку: “Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць” (Лк 23,34).
Потым да злачынцы: “Сапраўды кажу табе: сёння будзеш са Мною ў раі” (Лк 23,43).
Затым пра сваю Маму да апостала Яна: “Вось Маці твая” (Ян 19,27).
І апошнія словы: “Ойча, у рукі Твае аддаю дух Мой” (Лк 23,46).

Пераймаць гэтыя словы значыць:
- прабачаць людзям, не трымаць на іх крыўды;
- абуджаць у людзях веру ў іхнія здольнасці, сілы, у іх збаўленне;
- маліцца да Марыі, Маці Езуса і нашай Маці;
- давяраць Богу – няхай заўсёды будзе Яго воля ў нашым жыцці.

Езус памірае за грэшнікаў. Памірае за мяне. На трэці дзень Уваскрасае!

Першымі асобамі, якія сустрэлі Езуса Хрыста пасля ўваскрасення, былі жанчыны. Езус кажа ім: “Не бойцеся!” (пар. Мц 28,10)
Адразу пасля свайго Уваскрасення Езус пытаецца ў Пятра: “Ці любіш ты Мяне?”  І чуе адказ: “Ты ведаеш, што я люблю Цябе”. І той, хто перад смерцю тройчы публічна адрокся ад Настаўніка, атрымлівае заданне ад Езуса: “Пасі ягнят Маіх” (пар. Ян 21,15-16). Таму што Бог заўсёды глядзіць на сэрца!
Пазней Езус сустракае апосталаў, якім кажа: “Ідзіце і навучайце ўсе народы. Я з вамі ва ўсе дні, аж да сканчэння веку” (пар. Мц 28, 19-20).

І гэта Велікодная надзея дае мне вечнае жыццё, дае мне любоў да Бога і людзей. З гэтай падзеі чэрпаю свой энтузіязм і радасць.

Радасць, што Езус Уваскрос.
Радасць Езуса, які нясе свету збаўленне.
Радасць, што Божая справа заўсёды перамагае.
Радасць, што Езус заўсёды з намі і ніколі не падвядзе.
Радасць, што заўсёды можна на Яго спадзявацца.

Радасць Божая ёсць для таго, каб мы верылі ў любоў. Радасць дае Бог, каб мы адчулі шчасце, якое ходзіць па свеце. Радасць – гэта шчасце, нам патрэбныя ўсмешлівыя хрысціяне. Радасці Велікоднай жадаю ўсім вам!

З выказваннем добрай і ўдзячнай памяці, сяброўства і малітвы,
ваш брат біскуп Уладзіслаў

Ці можа сляпы вадзіць сляпога? Ці ж не зваляцца абодва ў яму? (Лк 6,39) 

Часам людзі ўпэўненыя, што бачаць усё, але, на жаль, бяруць кагосьці за руку і вядуць на пагібель. І наадварот: можна быць сляпым і пры гэтым бачыць, мець “другі зрок”. Я памятаю, як аднойчы сляпы дзядуля вёў сваіх унучак у капліцу на Святую Імшу, да самога Езуса.

Веруючы чалавек павінен бачыць не толькі вачыма, але праз веру, праз любоў, праз усё Евангелле.

Магчыма, мы не сляпыя, але часта маем толькі палову зроку. Бачым пакуты, але не бачым малітвы, якая дзейнічае праз пакуты. Бачым людзей злых, але не бачым добрых. Бачым грахі, але не бачым людзей, якія каюцца. Бачым людзей дрэнных, але не бачым святых, да якіх часам датыкаемся ў сваім штодзённым жыцці.

Адзін толькі Бог усёвідушчы, а мы ўсе крыху сляпыя. Зрок можа даваць малітва. Бог адзіны бачыць сярод столькіх яшчэ невідушчых людзей!



Як выканаць план дня, калі пастаянна не хапае часу? 

Твой каляндар поўны тэрмінаў. Шалёна бяжыш з адной сустрэчы на другую. Кажаш, што няма часу. “У мяне няма часу” — пастаянна паўтараем гэтыя словы, як прыпеў песні. З гэтага вынікала б, што Бог альбо скупы, даў нам занадта мала часу і выдзяліў нам яго, як на лекі, альбо памыліўся з разлікамі. Бог не скупы і не матэматык. Даў кожнаму з нас столькі часу, колькі нам патрэбна для збаўлення і дапамогі іншым. Альбо мы марнуем гэты час, альбо выконваем толькі свае ўласныя планы, на якія Бог мог не даць нам часу. А мы павінны рабіць ўсё магчымае, каб адваяваць сабе належны час.

Мы молімся аб міру, аб цярплівасці, аб здароўі. Мы павінны таксама маліцца аб часе. Маліцца аб часе азначае адкрыць, што Бог усё яшчэ дае мне час, неабходны для збаўлення.

Бог на працягу жыцця можа пазбавіць чалавека грошай, сяброў, здароўя, але час — апошняя каштоўнасць, якую Бог адбірае ў чалавека.

Да апошняга моманту мы можам паяднацца з Богам. Памятаем, як разважны разбойнік, укрыжаваны па правую руку Хрыста, у апошні момант жыцця паверыў і папрасіў: “Езу, узгадай мяне, калі прыйдзеш у сваё Валадарства”. А міласэрны Збаўца адказаў: “Сапраўды кажу табе: сёння будзеш са Мною ў раі” (Лк 23, 42-43).


Як змяніць сваё жыццё? Дзе знайсці магчымасці? 

Незалежна ад таго дзе ты зараз знаходзішся, перад табой ёсць магчымасць палепшыць сваё жыццё, і толькі ад цябе залежыць, ці хочаш скарыстацца ёю. Зрабі гэта цяпер! Магчымасці ёсць заўсёды, у якіх бы фарбах ні выглядала навакольная рэчаіснасць. Ніколі пра гэта не забывай! Ніколі не адмаўляйся ад асноўных мэтаў. Упушчаная магчымасць не любіць вяртацца. Чалавек занадта хутка адмаўляецца ад сваіх намераў, і гэта часцей за ўсё прычына яго няўдачы. Не бачыць для сябе магчымасці, таму што проста не хоча іх бачыць.

Кожны выкарыстаны шанец адкрывае перад табой новыя магчымасці, пашырае поле тваіх дзеянняў і прымушае дасягнуць большага. Толькі ад цябе залежыць, на колькі гэтым скарыстаешся, колькі прыкладзеш намаганняў, каб зрабіць маленькую магчымасць вялікай. Проста зрабі ўсё, што можаш. Кожны раз, калі ў тваім розуме з’яўляюцца негатыўныя думкі, якія абніжаюць каштоўнасць тваіх намаганняў, адразу адкідывай іх. Усё залежыць ад цябе — ад колькасці намаганняў, якія ты гатовы прыкласці да гэтага. У такіх сітуацыях ніколі не змяняй сваіх рашэнняў, будь паслядоўны ад пачатку да канца, і напэўна дасягнеш сваёй мэты!

Няма сітуацыі, у якой сапраўдная мэта не можа быць дасягнута, калі мы настойліва і ўпарта да яе імкнемся. Інакш думаюць толькі баязліўцы і гультаі.

Не марнуй час, які табе дадзены. Ніколі не чакай, каб пачаць дзейнічаць толькі тады, калі абставіны зменяцца ў тваю карысць. У любой сітуацыі ты можаш зрабіць тое, што зрушыць твае справы наперад, нават калі гэта ўсяго толькі міліметр.

Нельга здавацца ў нашых імкненнях, нават калі здаецца, што ўсё супраць нас. Вядома, абставіны мяняюцца, але любое непрадуктыўнае чаканне іх змены — гэта незваротная трата часу, якая аддаляе нас ад жаданай мэты.

Таму маліся і працуй. Няхай Бог цябе благаславіць!


Як вера можа працягвацца, калі традыцыйныя формы больш не працуюць? 

Неабходная змена не павінна вычэрпвацца ў павярхоўных інстытуцыянальных зменах. Ёсць патрэба паглыбляць духоўнасць і экуменізм, а таксама практыкаваць братэрства з усімі, хто адчувае адказнасць за будучыню нашага супольнага свету. Касцёл мог бы быць сфарміраваны, напрыклад, як “школа хрысціянскай мудрасці”: супольнасць студэнтаў і выкладчыкаў, супольнасць жыцця, малітвы, вучобы, новая форма ідэалу першых універсітэтаў. У гэтым кантэксце я бачу прыклад у служэнні капеланаў у шпіталях, у войску і ў турмах. Яны там для ўсіх, не толькі для вернікаў.

Будучыню маюць суполкі адкрытыя Taizé ці Sant Egidio. Хіба прыйшоў час на новы Сабор. Постмадэрнісцкая эпоха прыносіць з сабой новыя знакі часу, а разам з гэтым і неабходнасць тэалагічнай і духоўнай падрыхтоўкі да далейшай дзейнасці. Менавіта гэта сапраўды сінадальны шлях.

Паўсюднае братэрства, аб якім гаворыць прарочая энцыкліка “Fratelli Tutti”, з’яўляецца эсхаталагічнай мэтай, і паводле зместу дарога будзе весці праз усю гісторыю. Аднак на гэтым шляху неабходны пэўныя крокі для паглыблення ўзаемнага пазнання і прызнання. Экуменічныя сустрэчы заўсёды могуць быць заахвочваннем працягваць гэты шлях.

Шмат прапаноў па мадэрнізацыі структур і арганізацыі Касцёла паявілася ў рамках Сінадальнага шляху. Гэтыя галасы і прапановы нельга замоўчваць або прымяншаць. Сапраўды капітальны рамонт дома не можа пачынацца з даху. Трэба паглядзець, што адбываецца з падмуркам дома. Я падтрымліваю рэформы папы Францішка, таму што лічу, што Сінадальнасць у Касцёле можа вызваліць і аднавіць першапачатковае аблічча Касцёла.

Сапраўдная мэта Сіноду — аднаўленне структур, якія існуюць у Касцёле, а таксама будова штодзённай сінадальнасці, заснаванай на сумленных і шчырых адносінах паміж тымі, хто стварае Касцёл. Такую сінадальнасць мы можам стварыць сёння, не чакаючы завяршэння Сіноду ў Рыме і паслясінадальнай адгартацыі Папы. Касцёл сінадальны — місіянер Хрыста, які прапаведуе Евангелле і служыць людзям. Без нашай малітвы, без служэння свету ніхто не паверыць у нашае прапаведванне Евангелля.

Сакавік 2023

Мае дарагія!

Малюся, слухаю сваё сэрца і хачу гэтым тэкстам трапіць у ваша сэрца.

Бог клікаў мяне выконваць розныя заданні ў Касцёле, а ў гэты час Ён заклікае мяне пакутаваць. Цяпер Касцёлу патрэбна мая пакута. Я ўсё сваё жыццё аддаў Касцёлу. Пакута — таксама вялікая малітва. Не шукаю пакуты дзеля самой пакуты, але пакутую таму, што гэтага хоча Бог.

“Добра, што ёсць такі раздзел на парафіяльным сайце, — піша Ала з Віцебска. — З нецярпеннем чакаю новых пытанняў і адказаў, бо там заўсёды знаходжу для сябе рэцэпт далейшага жыцця. Славім Бога – Аллелюя!”

Гэта дзякуючы вашай дабрыні, адкрытасці і малітве, дзякуючы працы цэлай каманды людзей можна чытаць новыя тэксты ў сакавіку.

Жадаю прыемнага чытання. Дзякуй, што адкрываеш наш сайт! Няхай мая пакута і малітва падтрымлівае цябе. Няхай Бог цябе благаславіць! 

Ваш брат у Хрысце біскуп Уладзіслаў


Як жыць, калі не можна дзейнічаць, калі ты скаваны бяссіллем, бездапаможнасцю, немагчымасцю, пакутай? 

Ад калыскі да магілы пакуты ўплятаюцца ў наша жыццё. Амаль заўсёды мае месца падвоеная пакута: тых, хто пакутуе, і тых, хто пакутуе разам з імі, тых, хто памірае, і тых, хто памірае разам з імі. Дар чыстага шчасця яшчэ нікому не быў даны.

Сярод чалавечых спраў пакута займае першае месца. Так было ўчора, так ёсць сёння і так будзе заўтра. Не будзе раю на зямлі. Пакутуючых заўсёды будзеце мець.

Чаму існуе гэты бяздонны акіян пакут? Чалавек належыць да свету жывых істот, а пакуты — з’ява жыцця. Дзе ёсць жыццё, там і пакуты. Яны з’яўляюцца неабходнасцю развіцця.

Жыць паўнатой чалавечага жыцця і ў адпаведнасці з праўдай гэтага жыцця — гэта значыць жыць паўнатой радасці з жыцця, але таксама і той часткай чалавечага лёсу, якой з’яўляюцца пакуты, мукі і крыўды. Аб паспяховым жыцці сведчаць не толькі спраўнасць розуму і цела, жыццёвыя поспехі, пачуццё задаволенасці, але таксама свядомае прыняцце і перажыванне пакут, якія стаяць на шляху чалавека.

Другая крыніца чалавечай бяды — яго бліжні. Ужо ў старажытнасці было заўважана, што чалавек чалавеку воўк. Ведаем таксама, што гіпотэза аб першародным граху як крыніцы чалавечай схільнасці да зла з’яўляецца працай тлумачальнікаў Бібліі, а не самой Бібліі.

Пакуты прычыняюць нам не толькі іншыя людзі, але і мы самі сабе. Хто не пакутуе з-за ўласнага бяссілля і недахопаў, уласнай віны?

Пакуты на зямлі застаюцца для нас таямніцай.

Новы Запавет не спрабуе растлумачыць пакуты, але спрабуе знайсці ў іх сэнс і шанец для чалавека. Святы Павел можа быць прыкладам чалавека, які прыняў пакуты і прыняў іх сэнс. Пакуты асэнсаваныя і прынятыя перастаюць быць няправільна зразуметым лёсам і нечым бессэнсоўным; такія пакуты можна пераадолець, больш за тое, яны становяцца крыніцай унутранай моцы. Аб такіх пакутах можна сказаць: кожны раз, калі я слабы, тады я моцны. Цяжкасці і перашкоды ўзмацняюць намаганні ў дасягненні вызначанай мэты, пакуты павялічваюць унутраныя сілы чалавека. “Хопіць табе Маёй ласкі, бо моц удасканальваецца ў слабасці” (2 Кар 12,9).

Што становіцца сілай, вяртае новае жыццё і дае мужнасць глядзець у будучыню з надзеяй? 

На дзвярах, якімі закрываеш мінулае, хай будзе напісана слова прабачэнне. Давайце падумаем, як паводзяць сябе людзі, як ставяцца адзін да аднаго, што людзям даводзіцца цярпець ад людзей — і тады мы зразумеем, што супакой у свеце можа прыйсці толькі праз прымірэнне. Кожнае слова, кожны жэст прымірэння нясе супакой і згоду.

За сваё доўгае жыццё я сустрэў шмат людзей і пераканаўся, што не бывае двух аднолькавых асоб. Кожны чалавек розны. Ён жыве, адчувае, думае і рэалізуе сваю індывідуальнасць заўсёды недаступным для мяне спосабам. У гэтым крыніца непазбежных парушэнняў у міжасобных адносінах.

Маё сумеснае жыццё з кімсьці іншым магчыма толькі тады, калі я буду перакананы ў іншасці другога і гатовы дараваць яго слабасці.

Заручальны пярсцёнак — знак кахання і вернасці. На жаль, часам каханне і вернасць могуць ператварыцца ў буру. У кожным шлюбе могуць быць вельмі крытычныя дні, калі здаецца, што ўсё страчана. Часам з-за глупства або рэўнасці наступіць раскол. Праз шчыліну ўліваецца ў тваё сэрца і твой дом цёмная ноч… Тады застаецца адзіны паратунак — адкрыццё на святло праз прымірэнне ў прабачэнні. Ніколі не позна любіць і ніколі не позна быць шчаслівым!


Звычайна першым ударам супраць іншага чалавека з’яўляецца слова. Як гэта прадухіліць? 

Будзь асцярожны, гаворачы пра іншых. Словы могуць быць небяспечнай зброяй, яны могуць нанесці цяжкія раны. Не аплёўвай нікога з’едлівым языком. Адно жорсткае, цынічнае і хлуслівае слова можа нанесці глыбокую і працяглую балючую рану. Наша грамадскае жыццё халоднае і жорсткае. Мова наша поўная пагроз і нянавісці. Пратэстуем. Загадваем. Тыранім. А жыццё занадта кароткае і свет занадта малы, каб з іх учыніць поле бітвы. Сёння свет патрабуе цяпла, дабрыні і лагоднасці. Чым больш тонка будзеш паводзіць сябе з іншымі, тым больш зразумееш, наколькі далікатныя чалавечыя справы і наколькі людзі адчуваюць сябе адзінокімі.

Таму будзь тактоўны і далікатны, калі гаворыш пра іншых. Клапаціся пра культуру слова! Калі тваё сэрца аазіс для людзей, то і слова тваё хай будзе вадой, якая дае жыццё ў пустыні.

Слова — гэта цудоўны дар, дадзены людзям Богам, каб яны маглі размаўляць адзін з адным, разам працаваць і жыць. Слова не можа быць зброяй, не можа наносіць раны.

Дазволь Богу жыць у тваім слове — і тады яно будзе святлом, жыццём і любоўю

Пастаянна баюся, пастаянна хвалююся, як мае ўчынкі ацэньваюць іншыя? 

“Не бойся, малы статак, бо спадабалася Айцу вашаму даць вам Валадарства” (Лк 12,32).

Мы і ёсць гэты малы статак, не будзем баяцца малога. Мы заўсёды чагосьці баімся. Часам у нас мала сіл, а наперадзе нас чакае шмат працы. Баімся, што не справімся. Або у нас ёсць сілы, але мы баімся, што маем замала часу, які заўсёды хутка ляціць, і мы можам не паспець. Баімся, што не маем дастатковага прызнання і разумення ў асяроддзі.

Чалавека раніць не тое, што адбываецца, а яго меркаванне пра гэта. Свет выглядае менавіта так, як ты на яго глядзіш. Змяні свае думкі — і зменіцца тваё ўспрыманне рэчаіснасці. Тваё меркаванне аб свеце і навакольных людзях — гэта выключна тваё меркаванне, яно залежыць толькі ад цябе! Ідзі сваім шляхам, а людзі няхай кажуць, што хочуць.

Рабі сваю справу незалежна ад іншых. Ты не станеш горшым, калі пра цябе будуць гаварыць дрэнна, і не станеш лепшым, калі цябе будуць хваліць.

Не параўноўвай сябе з іншымі. Ты не лепшы і не горшы за іх, ты проста іншы. Калі цябе атачаюць натоўпы песімістаў, то і яны не знішчаць тваю радасць і не адбяруць сэнс твайго жыцця, калі ты свядома ім не дазволіш!

Езус вельмі любіў усё, што маленькае. Браў на рукі малых дзяцей, клапаціўся пра адну драхму, якую згубіла ўдава, клапаціўся пра аднаго вераб’я, гарчычнае зерне.

Мы павінны палюбіць тое, што чалавек такі маленькі і мае мала магчымасцей. Шлях да Бога праходзіць праз вялікі давер, давер Створцу — нават тады, калі нам здаецца, што мы такія маленькія.



Хто з’яўляецца найлепшым прыкладам апостальскай руплівасці? 

Апостальская руплівасць павінна ажыўляць Касцёл і кожнага хрысціяніна. Давайце паглядзім на Езуса, бо Ён дасканалы прапаведнік.

Евангелле называе Езуса “Словам Бога” (пар. Ян 1,1). Калі мы паглядзім на жыццё Езуса, то ўбачым, што на першым месцы стаіць еднасць з Айцом у малітве (пар. Мк 1,35; Лк 4,42). Езус прыйшоў не для таго, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё (Мк 10,45). Езус прысвячае свой час самым бедным, грэшнікам і хворым (пар. Мк 1,32-39). Езус кажа пра сябе, што Ён Добры пастыр, які “аддае жыццё сваё за авечак” (Ян 10,11). Езус таксама ясна сказаў сваім вучням: “Без Мяне нічога не можаце зрабіць” (Ян 15,5).

Сэрца Езуса заўсёды б’ецца для тых, хто згубіўся, страчаны, далёкі. А якое наша сэрца? Езус быў з грэшнікамі. Бо Ён прынёс Божае збаўленне грэшнікам. Слова Езуса таксама хоча, каб мы заўсёды былі блізкімі для ўсіх, бо Ён такі. Уся справа ў тым, каб быць шчаслівымі дзецьмі Бога. У Евангеллі прачытаем пра зямное жыццё Езуса - ад Бэтлеема да Галгофы, пераканаемся, што нікому на свеце не можам верыць так, як Божаму сыну. “Пане, да каго мы пойдзем? Ты маеш словы вечнага жыцця” (Ян 6,68).



Музыка арганная і інструментальная ці патрэбная на святой Імшы? 

У XIII ст. арганная музыка была акампанементам грыгарыянскага спеву. Творы, прызначаныя для выканання толькі на аргане, з’явіліся ў XIV ст. Супольны спеў з’яўляецца ідэальнай формай малітвы. Аднак інструментальная музыка можа і павінна суправаджаць літургію. Інструментальная музыка можа падкрэсліць інтымны характар сустрэчы з Хрыстом. Музыка можа дапамагчы супакоіцца і ўпарадкаваць рэчы, якія мы хочам ахвяраваць Богу падчас святой Імшы. Падобна, узнёслы характар музыкі, якая суправаджае ўваходную працэсію ці на заканчэнне літургіі, можа выклікаць вобраз Божай Велічы, абудзіць пачуццё радасці ад прыналежнасці да Хрыста.

У Касцёле лацінскім трэба мець у вялікай павазе арган духавы як традыцыйны музычны інструмент, гук якога надае касцёльным цырымоніям велічнасці і ўзносіць вернікаў да Бога.

Чалавечы голас з’яўляецца самым дасканалым інструментам. Калі гучыць прыгожы і моцны пастаўлены голас, граць на інструменце зусім не абавязкова. Іншая сітуацыя, калі спявае група людзей, якія не навучаны спеву і маюць розныя вакальныя здольнасці. Неабходны інструмент, які ахопіць гэтую разнастайную супольнасць і павядзе ў спеве. Найбольш прыдатным інструментам для гэтай мэты з’яўляецца арган


Люты 2023

Мае дарагія!

Ты нават не ведаеш, колькі радасці дала мне твая памяць пра іншага чалавека! Добра, што дзелішся гэтым тэкстам з іншымі. Такія жэсты ў адносінах да бліжняга маюць незвычайную сілу, моц і каштоўнасць. У гэтых жэстах любові схаваны Бог.

У кожнага бываюць “дрэнныя дні”, не хапае цярпення, ёсць незадаволенасць жыццём. Але калі зразумееш, што Божая справядлівасць накіравана на збаўленне чалавека, то захочаш евангелізаваць, каб дайсці да тых людзей, якія яшчэ не прынялі ласкі веры або забыліся, што яны дзеці Божыя.

Я думаю, што нягледзячы на нашы слабасці і недахопы кожны з нас з’яўляецца важным знакам для многіх людзей, якіх мы любім у імя Бога. Дзякуючы любові ўсё, што робіш, становіцца незвычайным. З мужнасцю і настойлівасцю працягвай сваю місію, каб быў шчаслівы і каб імя Бога было праслаўлена!  

 З братэрскім прывітаннем ваш біскуп Уладзіслаў

Якая сувязь паміж місіяй і сінадальнасцю? 

Працягваецца другі этап Сіноду Біскупаў, прысвечаны сінадальнасці. Асновай для разважанняў на ўзроўні асобных кантынентаў з’яўляецца рабочы дакумент (DEC), апублікаваны 27 кастрычніка 2022 г. Дакумент складаецца з 4 раздзелаў і распрацаваны на аснове сінтэзаў дакументаў лакальнага этапу, якія паступілі ў Ватыкан са 112 епіскапатаў, з усіх усходніх Касцёлаў, дыкастэрыі Рымскай курыі, законных кангрэгацый, а таксама касцёльных рухаў і аб’яднанняў.

Кантынентальная асамблея для Еўропы адбылася 5-12 лютага 2023 года у Празе, Чэхія.

Задачай кантынентальнага этапу будзе стварэнне "спісу прыярытэтаў", распазнаваннем каторых займецца першая сесія XVI Звычайнай Асамблеі Агульнага Сіноду Біскупаў 4-29 кастрычніка 2023 года пад дэвізам "Насустрач Касцёлу сінадальнаму: камунія, удзел, місія". Другая сесія адбудзецца год пазней.

Гаворачы пра існуючую залежнасць паміж місіяй і сінадальнасцю, варта адзначыць, што Касцёл з’яўляецца сінадальным, калі сінадальнасць з’яўляецца місійнай. Калі мы як Касцёл ведаем, што наша галоўная задача – гэта місія, то адначасова ствараем нашу глыбока супольную рэчаіснасць, бо ніхто не можа пайсці з місіяй у свет сам. Калі робіць гэта адзін, адразу асуджаны на няўдачу.

А антысінадальны, г.зн. перадусім клерыкальны, – гэта той Касцёл, які замест таго каб ісці на місію, скіраваны на кансервацыю, на захаванне свайго цяперашняга стану, на забеспячэнне сваіх правоў. Калі мы засяроджваемся на забеспячэнні таго, што мы маем, то самым важным застаецца пытанне пра ўладу: хто тут галоўны, хто аб ёй павінен клапаціцца і каго трэба адхіліць ад гэтай улады, каб захаваць тое, што ў нас яшчэ ёсць.

Місія там, дзе ёсць сінадальнасць, і наадварот, сінадальнасць там, дзе ёсць місія. Папа Францішак у сваёй апостальскай адгартацыі “Evangelii gaudium” паказвае перспектывы Касцёла ў місіі, і цяпер падыходзім з гэтым пастулатам Касцёла ў місіі менавіта да Касцёла сінадальнага.

Вынікам кантынентальных кансультацый стане дакумент пад назвай Instrumentum Laboris, які стане асновай для завяршальнага этапу працы Сіноду на ўзроўні паўсюднага Касцёла.

Папа Францішак у сваіх публічных прамовах вельмі часта запрашае нас маліцца ў інтэнцыі Сіноду.



Як зразумець, што Божая справядлівасць накіравана на збаўленне чалавека? 

Езус аб’яўляе нам справядлівасць Божую, якую Ён прыйшоў прынесці ў свет. Іншую чым чалавечая справядлівасць, якая азначае, што злачынца плаціць і такім чынам кампенсуе зробленае зло.

Тым часам Божая справядлівасць накіравана не на асуджэнне вінаватага, але на яго збаўленне і адраджэнне, на тое, каб зрабіць яго справядлівым.

Насамрэч, гэта справядлівасць, якая вынікае з любові, з той унутранай спагады і міласэрнасці, якая з’яўляецца самым сэрцам Бога Айца, які расчульваецца, калі нас прыгнятае зло і мы падаем пад цяжарам граху і слабасці.

Божая справядлівасць не хоча раздзяляць кары і папрокі, але заключаецца ў тым, што чыніць нас, сваіх дзяцей, справядлівымі, вызваляючы ад пастак зла, аздараўляючы, паднімаючы.

Сапраўдная Божая справядлівасць – гэта міласэрнасць, якая збаўляе, любоў, якая падзяляе наш чалавечы стан, становіцца блізкай, салідарнай з нашымі пакутамі, уваходзіць у нашу цемру, каб прынесці святло.

Мы так, як вучні Езуса, запрошаны праяўляць справядлівасць у адносінах з іншымі, у Касцёле, у грамадстве: не са строгасцю тых, хто судзіць і асуджае, дзелячы людзей на добрых і злых, але з міласэрнасцю тых, хто прымае, падзяляючы раны і слабасці нашых сясцёр і братоў, каб падняць іх.

Мы павінны, як Езус, несці цяжар адзін аднаго, глядзець на сябе са спачуваннем і дапамагаць адзін аднаму.



Кожны чалавек мае свае “дрэнныя дні”. Як іх перажыць? 

Дрэнныя дні, цяжкі час… Ведаеш, што гэта значыць? Усё ідзе не так. Усё бачыш у цёмных колерах. Увесь свет змовіўся супраць цябе. Горш за ўсё, што думаеш, што так і застанецца. Сапраўды, дрэнны дзень цягнецца неймаверна доўга. Кожны чалавек мае свае “дрэнныя дні”. Што тады рабіць? У гэтыя дні трэба мець шмат цярпення. Цярпенне — гэта вялікая цнота, каб практыкаваць яе, спатрэбіцца ўсё жыццё. Між тым сёння ўсё адбываецца з ашаламляльнай хуткасцю. Нават хочаш, каб твае жаданні споўніліся імгненна, нібы адным націскам кнопкі. А жыццё — гэта не машына, якая прадукуе толькі добрыя дні.

Ёсць добрыя і дрэнныя дні. Добрыя дні праходзяць занадта хутка, і гэта цябе палохае. Але і дрэнныя дні паглынае час! Чаму не думаеш пра гэта і чаму гэта цябе не суцяшае?

Чым больш уздымаешся на гару, тым прыгажэйшыя будуць віды. Калі здаецца, што ўсё працуе супраць цябе, памятай, што самалёт узлятае супраць ветру, а не з ветрам.

Памятай, што быць дзіцём Божым азначае кожны дзень здаваць экзамен на чалавечнасць, на гатоўнасць адмовіцца ад сябе, ад сваіх планаў і быць для іншых. У імя Бога любіць гэтых людзей. Дзякуючы любові ўсё, што ты робіш, становіцца незвычайным.



Чаму так шмат людзей незадаволеных жыццём? 

У такіх людзей няма сяброў. Няма ў іх нікога, хто б іх разумеў і любіў. Для іх не распускаецца ніводная кветка… А кветкі часам робяць цуды! Гэта неабавязкова павінны быць дарагія кветкі. Дастаткова звычайных, простых, такіх як добразычлівая ўсмешка, цёплы поціск рукі, прыязны жэст, добрае слова.

Тое, што простае, звычайнае, можа стаць найлепшым дарам. Хто страціў сэнс багацця гэтых простых рэчаў, шукае ім замены, кідаецца ў смяротную адзіноту. Застаецца адзін на адзін са сваім эгаістычным “я”. Трэба, каб у паўсядзённым жыцці крыху часцей паяўлялася “мы”, а не “я”. Трохі больш дабрыні, менш зайздрасці. Адкрыйся для жыцця! Ачысці свае жаданні ад пагоні за маёмасцю і багаццем. І зразумееш глыбокую праўду, што мы створаны для радасці. Сэнс жыцця — гэта радасць!

Божа, вызвалі мяне ад празмернага жадання рэчаў, якія ўсё роўна не прыносяць мне сапраўднага задавальнення. Вызвалі мяне ад прагнасці, яна падманвае мяне, павялічваючы маю прагнасць. Маю сонца ў небе і дах над галавой. Мае рукі занятыя працай. Маю дом і накрыты стол. А вакол шмат людзей, каб іх любіць. Божа, мне гэтага хопіць!

Раптоўна памерла мая жонка. Сын загінуў у аварыі, засталіся нявестка і ўнук. Я член гэтай сям’і, але не бачу сэнсу жыцця. Як жыць далей? 

Мой сябар, ты марнуеш дар ад Бога – уласнае жыццё, а таксама любоў сям’і, якая вакол цябе. Нельга адмяніць тое, што адбылося, але многае яшчэ можа здарыцца. Ты страціў сына, але калі будзеш жыць добра, то ўбачыш яго зноў. Так, твой сын памёр маладым, але Бог забраў яго, таму што прыйшоў яго час. Смерць твайго сына не была трагедыяй, хоць ты думаеш інакш. Бо смерць – не пакаранне, а частка чалавечага жыцця. Гэта шлях да новага жыцця з Богам. Адкінь смутак і радуйся, што Бог назваў цябе сваім сынам.

Калі зразумееш, што смерць у рэчаіснасці з’яўляецца дарам, а не пакараннем, тады зноў будзеш жыць як трэба. Усялякія думкі, якія цябе прыгнятаюць, калі бачыш іншых з іх сынамі, напоўнены рэўнасцю і жаданнем, каб гэта з імі здарылася бяда. Убач гэтае зло ў сваім сэрцы і адрачыся ад яго. Паглядзі на сваё жыццё і ўбач, як дрэнна сябе адчуваеш і як часам даводзіш да таго, што іншыя адчуваюць сябе падобна. Тады спытайся сябе, ці хацеў бы твой сын, каб ты быў такі? Твой сын пакінуў гэты свет, але чакае цябе ў наступным.

Бог забярэ і цябе, калі прыйдзе твой час, не раней і не пазней. Не кажы, што Бог цябе не любіць, узяў ад цябе занадта шмат. Не думай так. Ты аддаў Богу тое, што яму належыць. Ведай, што Бог любіць цябе і хоча ад цябе толькі любові.

Сёння пачні ўсё спачатку. Любі Бога і клапаціся пра нявестку і ўнука.

Студзень 2023

Мае дарагія!

Вялікі, вялікі дзякуй, што вы са мной! Я хачу працягваць дзяліцца сваімі думкамі і жыццёвым вопытам, адказваючы на вашы пытанні.

Вашы добрыя і цёплыя словы дапамаглі мне прыняць гэтае рашэнне. Некаторыя фрагменты асмелюся вам працытаваць:

Вялікі дзякуй за вельмі важныя для мяне тэксты. Гэтая новая глава змяшчае так шмат глыбокіх разважанняў. Тэксты цудоўна паказваюць, што вера, надзея і любоў трымаюць біскупа на гэтым свеце. І я думаю, што яны будуць для многіх дапамогай і прыкладам. Канстанцін

Гэтыя словы прымусілі мяне задумацца пра сябе, пра адносіны з іншымі, з сям’ёй, з роднымі, з сябрамі, з людзьмі з працы, з суседзямі. Думаю, мне гэта вельмі спатрэбілася. Я раздрукавала тэкст, каб падзяліцца з блізкімі. Галіна

Прыгожы тэкст! Гэта клас! Вучыш ахвярнасці і службы для Касцёла. Бачна, як моцна любіш людзей. Служэнне ў Касцёле павінна быць стрыманым і тонкім рухам у цені Бога. Андрэй

Сэрцам і малітвай я заўсёды з вамі!

Дзякуючы адкрытасці на Духа Святога кс. доктара Валеры Марціноўскага, працавітасці сакратара Ірыны Кульпекшы і рэдактара Аксаны Нядвецкай можаце ўжо сёння чытаць новыя тэксты размовы з вамі.

З братэрскім прывітаннем
ваш стары біскуп Уладзіслаў

Якім будзе 2023 год? Куды хачу ісці ў гэтым годзе? 

У Сусветны Дзень Міру 1 студзеня я заўсёды думаю: я не магу зрабіць так, каб на свеце запанаваў мір. Але я магу старацца, каб мір быў ува мне і вакол мяне. Я не спыню ніякую вайну, але магу паспрабаваць стварыць у сваім асяроддзі атмасферу дамашняга цяпла, міру і братэрскай любові. Я магу запрасіць Бога ў сваё сэрца і дзяліцца Яго супакоем з маімі бліжнімі. Я не магу сядзець склаўшы рукі і чакаць, пакуль усё палепшыцца, але я павінен устаць і скарыстацца кожнай магчымасцю ласкі, дадзенай мне з нябёсаў. Езус кажа кожнаму з нас: будзь адважны, не бойся, ідзі, рызыкуй (пар. Мц 14, 27-31). Таму замест таго каб спыняцца, чакаць і спадзявацца, што нешта зменіцца, было б добра спытаць сябе: куды я хачу пайсці ў гэтым годзе? да каго я пайду рабіць дабро?

Многія ў Касцёле і грамадстве чакаюць дабра, якое ты і толькі ты можаш даць праз сваё служэнне. А перад аблічам ляноты, якая знячульвае, і абыякавасці, якая паралізуе, перад абліччам рызыкі абмежавацца сядзеннем перад экранам з рукамі на клавіятуры Езус запрашае нас ісці, быць узрушанымі тым, што адбываецца ў свеце, да адмовы ад многіх звычак і выгод, каб адкрыцца на Боскую навізну, якая знаходзіцца ў пакоры служэння, у адвазе клопату пра тых, хто побач.

Кожны з нас, хто сапраўды хоча, каб новы год быў добрым, жадае адбудаваць надзею, павінен адмовіцца ад мовы, жэстаў і рашэнняў, натхнёных эгаізмам, і вывучыць мову любові, якой з’яўляецца клопат адзін пра аднаго.

Як жыць у сучасным свеце? 

Жыць – значыць браць людзей на рукі і дазваляць ім быць свабоднымі, каб яны маглі свабодна развівацца і квітнець у прысутнасці свайго Творцы.

Жыць – значыць быць удзячным за любоў і святло, за цеплыню і сардэчнасць іншых. Жыць – значыць глядзець на ўсё і на ўсіх як на дар Божы, нікога і нічога не браць сабе і атрымліваць асалоду ад кожнага дару з нябёсаў. 

Што казаць, як дзейнічаць, каб дастукацца да сэрца чалавека?

Паглядзі на свой твар у люстэрку! За ім хаваешся ты. Твой твар – гэта люстэрка твайго нутра. Калі твой твар не вытрымлівае ўсмешкі, гэта прыкмета таго, што ўнутры нешта зламалася, што тваё сэрца хворае.

Халодны твар сігналізуе пра халоднае сэрца. Людзі з сумнымі тварамі прыносяць смутак у жыццё іншых. Аздараві сваё сэрца, няхай усмешка ззяе на вуліцы, на працы і дома сярод сваіх. Хай усмешка будзе для цябе чымсьці нармальным. Так проста.

Памятай, што ўсё, што ідзе не ад сэрца, не дойдзе да сэрца іншага чалавека. 

Што значыць перадаваць Езуса? 

Гэта азначае даць людзям надзею, надзею звышнатуральную, нягледзячы на чалавечы адчай і смутак. Усё змянілася ў Вялікую Пятніцу. Забілі Езуса і завалілі камень, але Ён уваскрос. Перадаць Езуса азначае перадаваць надзею, што дабро заўсёды перамагае і тое, што заснавана на Богу, заўсёды астанецца. Бо справядлівасць Божая мае на мэце збаўленне чалавека. 


Што для мяне самае важнае ў гэтым свеце? 

Людзі жывуць усё даўжэй, але, на жаль, усё больш няшчасна. Працуюць, каб жыць, і ў рэшце рэшт забываюць, як жыць. Так і не навучыліся. Думаюць, што чалавечае шчасце ў тым, каб шмат працаваць, шмат зарабляць, мець шмат вольнага часу і ўсялякіх задавальненняў, добра есці і доўга жыць. Як можна так думаць у XXI стагоддзі, калі навука ідзе наперад?

Бараніся такіх паводзін! Ты не машына, створаная для пэўных мэтаў. У жыцці павінна быць штосьці большае, чым твае задачы, пасада, занятак і праца. Перш за ўсё ты чалавек! Ты створаны, каб жыць, радавацца і любіць. Быць чалавекам – гэта найважнейшае тваё заданне ў гэтым свеце. Заўсёды памятай, што ты любімае дзіця Бога. 

Якім будзе 2023 год? Куды хачу ісці ў гэтым годзе? 

Езус аб’яўляе нам справядлівасць Божую, якую Ён прыйшоў прынесці ў свет. Іншую чым чалавечая справядлівасць, якая азначае, што злачынца плаціць і такім чынам кампенсуе зробленае зло.

Тым часам Божая справядлівасць накіравана не на асуджэнне вінаватага, але на яго збаўленне і адраджэнне, на тое, каб зрабіць яго справядлівым.

Насамрэч, гэта справядлівасць, якая вынікае з любові, з той унутранай спагады і міласэрнасці, якая з’яўляецца самым сэрцам Бога Айца, які расчульваецца, калі нас прыгнятае зло і мы падаем пад цяжарам граху і слабасці.

Божая справядлівасць не хоча раздзяляць кары і папрокі, але заключаецца ў тым, што чыніць нас, сваіх дзяцей, справядлівымі, вызваляючы ад пастак зла, аздараўляючы, паднімаючы.

Сапраўдная Божая справядлівасць – гэта міласэрнасць, якая збаўляе, любоў, якая падзяляе наш чалавечы стан, становіцца блізкай, салідарнай з нашымі пакутамі, уваходзіць у нашу цемру, каб прынесці святло.

Мы так, як вучні Езуса, запрошаны праяўляць справядлівасць у адносінах з іншымі, у Касцёле, у грамадстве: не са строгасцю тых, хто судзіць і асуджае, дзелячы людзей на добрых і злых, але з міласэрнасцю тых, хто прымае, падзяляючы раны і слабасці нашых сясцёр і братоў, каб падняць іх.

Мы павінны, як Езус, несці цяжар адзін аднаго, глядзець на сябе са спачуваннем і дапамагаць адзін аднаму.



Лістапад 2022

Мае дарагія!

Мы ўсе адна сям’я дзяцей Божых. Штодзённай малітвай абдымаю кожнага з вас. Я шчаслівы, што вы чытаеце, абмяркоўваеце і распаўсюджваеце кнігу Споўненая мара. Няхай гэтая кніга дапаможа кожнаму знайсці шчасце, радасць і любячага Бога, які так жадае сустрэцца з вамі!

Аб тым, што вы чытаеце кнігу, сведчаць шматлікія лісты, якія я атрымліваю па электроннай пошце. Мне радасна разам з вамі ўзгадваць прыгожыя моманты дзён, праведзеных у вашых парафіях ці пілігрымках да Марыі. Я цешуся, калі чытаю гісторыі шчаслівых сем'яў і моцнай веры.

У лістах атрымліваю шмат пытанняў, на якія адказваю індывідуальна, але ёсць тэмы, важныя для кожнага з нас. Буду старацца кожны месяц даваць вам думкі на гэтыя канкрэтныя тэмы.

Свае пытанні, гісторыі і водгукі на кнігу "Споўненая мара" дасылайце на адрас biskupblin@yandex.by.

Добра, што вы ёсць! Люблю вас!

З братэрскім прывітаннем
ваш стары біскуп Уладзіслаў

У апошняй размове* ксёндз біскуп сказаў мне, што незалежна ад таго, дзе праўда, пра моладзь варта гаварыць добра. Чаму? 

Таму што кожны чалавек добры. Творца, калі стварыў чалавека, сказаў, што ён быў добры. І гэтае дабро ва ўсіх нас ёсць. Часам забытае, пакрытае штодзённым пылам, але яно ёсць. Проста трэба яго ўбачыць, дакрануцца — і яно прачнецца. Але калі малады чалавек гадамі не чуў ні ад бацькоў, ні ад настаўнікаў, ні нават ад святароў, што ён нешта ведае, што ён нешта ўмее, то як ён можа паверыць у сябе?

Дабро спараджае дабро. Таму так важна сямейнае асяроддзе, з якога чалавек чэрпае давер, узор, дзе вучыцца жыць. Дзеці больш за ўсё давяраюць своім бацькам і вучацца ад іх любові. Непаразуменне не з’яўляецца чымсьці небяспечным. Непаразуменне не перакрэслівае любові. Неарганізаваны дом заўсёды можна арганізаваць. Тады даецца шанец маладым удзельнічаць у сямейным жыцці, імя якому дом. Моладзь не хоча толькі выконваць загады старэйшых. Малады чалавек жадае, каб да яго ставіліся як да дарослага і адказнага. А дарослыя скардзяцца, што многія маладыя не жадаюць сталець, не жадаюць браць на сябе адказнасць за тое, што робяць. Гэта праўда, але яны таксама павінны мець магчымасць адчуць даросласць.

Маладыя бачаць патрэбу веры ў сваім жыцці, але іх не відаць на нядзельнай Імшы. Што ім перашкаджае ў Касцёле? Касцёл мае самы лепшы “тавар”, але найгоршы “маркетынг” — так можна ў вялікім скарачэнні ахарактарызаваць іх апраўданне. Кожны з нас патрабуе дапамогі іншага чалавека. Таму там, дзе святары супрацоўнічаюць са свецкімі, жыццё ў парафіі пульсуе мацней. Чалавек дае сведчанне веры, дзеліцца сваім досведам веры з іншымі, а тым, хто абуджае веру, дае ласку веры, з’яўляецца Бог. Гэта Яго сілай здзяйсняецца цуд змены чалавечых сэрцаў.

Няма Касцёла без малітвы, без слухання слова Божага і цэлебрацыі сакрамэнтаў. Інакш Касцёл ператвараецца ў дыскусійны клуб. Сагнутыя калені на малітве — гэта найважнейшы пастырскі метад. На малітве саграваецца сэрца да любові. А ў Касцёле галоўная любоў. Любоў ідзе туды, дзе ёсць тыя, хто яе патрабуе. Мы часта думаем аб абвяшчэнні Хрыста тым, хто Яго яшчэ не ведае, або тым, хто ад Яго адышоў. Ёсць таксама людзі, якія ўдзельнічаюць у жыцці Касцёла, але самі патрабуюць дапамогі ад Касцёла. Таму трэба быць вельмі ўважлівым, асабліва да тых, хто ўжо ў Касцёле.

*На сайце асвятляюцца агульныя пытанні. Паміж біскупам Уладзіславам і чытачамі могуць весціся размовы ці ліставанне, вытрымкі з якіх ў абагульненым выглядзе прадстаўлены на старонцы рубрыкі.

Як кантраляваць свае эмоцыіі? 

Кантроль над сваімі эмоцыямі — прыкмета моцнага характару. Чалавека, які мае такі характар, нельга вывесці з раўнавагі ніякімі дробязямі. Калі б кожны чалавек заўсёды рэагаваў так, як дыктуюць эмоцыі, свет быў бы адным вялікім хаосам. Калі хочаш кантраляваць сітуацыю, трэба кантраляваць свае эмоцыі — як станоўчыя, так і адмоўныя. Усе яны ўнутры цябе, і табе вырашаць, будуць яны выходзіць вонкі ці не. Рабі гэта свядома! Чым найменшая рэч выводзіць з раўнавагі, тым слабейшы характар. Перш за ўсё, папрацуй над тым, каб малаважныя рэчы не выклікалі ў цябе нервовасці, гэта навучыць цябе кантраляваць сябе ў больш сур’ёзных абставінах. Калі дазволіш сваім негатыўным эмоцыям авалодаць табой, гнеў прывядзе да таго, што ўсе твае дзеянні не прынясуць пазітыўнага выніку, у лепшым выпадку будуць пасрэднымі. Здаровая разважлівасць — лепшы дарадца, чым гнеў.

Часта чуецца, як людзі гавораць, што іх “раздражніў той ці іншы чалавек, той ці іншы прадмет”. Памылка. Цэнтр кіравання нашымі эмоцыямі не знаходзіцца звонку , ён — у нашым розуме. Цябе раздражняюць не рэчы, не людзі, ты сам на іх абураешся. Толькі ты адказваеш за тое, што адчуваеш. Калі зразумееш, чаму ў пэўных сітуацыях маеш негатыўныя эмоцыі, табе будзе прасцей іх кантраляваць. Асноўная прычына тваёй нервовасці ляжыць ўнутры, у тваіх страхах, жаданнях.

Незалежна ад таго што выклікае ў цябе негатыўныя эмоцыі, не думай, што так павінна быць і так будзе заўсёды. Чалавеку ад прыроды ўласцівы спакойны нораў і добры настрой. Заўсёды клапаціся, каб не прыгасла ў табе надзея, што лепшае яшчэ наперадзе. Мы не павінны дазваляць, каб страх утрымліваў наш рух у бок надзеі. Рабі тое, што табе належыць, што можаш зрабіць зараз: вучыся, працуй, дапамагай іншым, не губляй часу і цярпення — і твае планы рэалізуюцца. Заўсёды памятай пра ўсмешку і тры чароўныя словы: калі ласка, дзякуй і прабач. Нягледзячы на тое што адбываецца — ідзі далей! Не бойся давяраць Богу. Творца падрыхтаваў для цябе ўсё найлепшае. Выконваючы Яго волю, будзеш цудоўным чалавекам

Як перадаецца вера? 

Евангелізацыя — гэта перадача веры. У канчатковым выніку яна павінна быць скіравана да чалавека, павінна даходзіць да канкрэтнага чалавека, індывідуальна, з пытаннямі, пасланнем і абяцаннем, якія закранаюць яго асабіста і маюць глыбокі рэзананс у яго душы і жыцці. У евангелізацыі няма слова “прымус”. Усё, што пахне прымусам, выклікае бунт. Мы прагнем, каб нас заўважылі. Асабліва моладзі не хапае ўпэўненасці ў сабе. Маладыя людзі часта кажуць мне, наколькі вялікай праблемай з’яўляецца для іх прызнанне сваёй веры ў Бога сярод аднагодкаў. Мы ўсе хочам сяброўства і сям’і, страшэнна баімся адзіноты. Бачу ў гэтым вялікую прастору загаспадаравання праз Касцёл.

Евангелле чалавеку заўсёды перадае супольнасць — Касцёл. Езус таксама пасылаў сваіх вучняў на кожную місію па двое, і не без падставы. У такі самы спосаб перадаюць нам хрысціянскую місію Дзеі Апосталаў.

Цяжка не заўважыць, наколькі наша душпастырская дзейнасць адхіляецца ад гэтай мадэлі, нават можа ісці ў адваротным напрамку. Калі няма вялікага натоўпу, адчуваем, што марнуем час. Мы бачым паразу, а там адкрываецца магчымасць сапраўднай евангелізацыі. Таму на шляху да евангелізацыі будзем ісці разам, даючы такім чынам відавочнае сведчанне веры, надзеі і любові да Бога і бліжняга. “Езус Хрыстус прыйшоў у свет, каб збавіць грэшнікаў” (1Цм 1,15). Бог не той, хто сочыць за чалавекам і хоча справядліва яго пакараць. Наадварот, Ён робіць усё, каб выратаваць яго ад бяды, у якую чалавек сам трапіў. Бог чакае, калі грэшнік зробіць першы крок да Яго, тады бяжыць яму насустрач, вітае пацалункам і дае шчодры прыём для ўсёй зямлі і ўсяго неба


Здараецца мне час ад часу пападаць у канфлікты. Як прынесці мір і згоду? Як вырашыць канфлікт? 

Першае, над чым трэба працаваць, — гэта тое, каб у адносінах да канфлікту з’явілася ў нас жаданне прымірэння і аднаўлення міру. Часам цяжэй за ўсё знайсці прымірэнне, асабліва калі гэта не першы канфлікт з дадзеным чалавекам. Важна аднак, каб да гэтага вяртацца: я хачу памірыцца, хачу нешта зрабіць у гэтым кірунку. Пасля кожнага канфлікту ўзнікае праблема: хто павінен першы працягнуць руку. Адказ просты. Ведаеце хто? Я! Гэта вырашана раз і назаўжды, не трэба наогул задумвацца. У Евангеллі сказана, што калі ёсць канфлікт, то я павінен працягнуць руку да згоды, паспрабаваць наладзіць дыялог.

Вядома, часам гэта можа быць вельмі складана. Калі мне не ўдаецца наладзіць дыялог, я заўсёды магу звярнуцца да іншага рэсурсу, гэта значыць пасярэдніцтва. Толькі трэба гэтага хацець. Пасярэдніцтва часта прыводзіць да больш хуткага працэсу прымірэння. Наступная рэч настолькі відавочная, што не ведаю, ці дарэчы пра гэта казаць: выбачэнне. Простым словам “прабач” можам бліжняму палегчыць прабачэнне. Словам, якое ідзе ад сэрца, не прымусова, калі мы ўжо пад сцяной і, напрыклад, суд нас абавязаў. Часам яго трэба спачатку з сябе “вырваць”, хаця б на малітве, але гэта варта рабіць. Напэўна, у вас ёсць такі вопыт, што хтосьці “залез пад вашу скуру”, але потым прыйшоў і папрасіў прабачэння, шчыра папрасіў. Цяжка яго прабачыць і цяжка не прабачыць, праўда? Трэба старацца прабачаць. Евангелле прызывае нас прабачаць незалежна ад таго, прасіў хто у нас прабачэння ці не, але эмацыйна прасцей гэта зрабіць, калі перад табой шчыра выбачыліся.

Калі я ведаю, што пакрыўдзіў кагосьці без злых намераў, нават без сваёй віны, то па справядлівасці я мог бы і не прасіць прабачэння, але паводле Евангелля — варта. Варта актывізаваць у сабе шчодрасць у прабачэнні, бо гэта многае спрашчае. А калі іншаму чалавеку лягчэй будзе здабыць спакой сэрца, то хутчэй дасягнем прымірэння.

Наш унутраны супакой вынікае з прабачэння, якое дае нам Бог. Дзякаваць за прабачэнне вельмі важна для падтрымання ўнутранага міру. Калі мы хочам, каб прымірэнне з Богам распаўсюдзілася на нас, мы павінны выхоўваць у сабе ўдзячнасць. Калі чалавек адчувае ўдзячнасць, ён супакойваецца, бо ведае, што яму не трэба нічога баяцца.



Як разумець словы Езуса: “Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, штодня бярэ крыж свой і ідзе за Мною” (Лк 9,23)? 

Евангелісты Мацвей, Марк і Лука адзначылі прамоўлены ў Цэзарэі Філіпавай выклік Езуса да ўздымання свайго крыжа, але толькі Лука напісаў, што гаворка ідзе пра штодзённае ўздыманне крыжа. Мы добра ведаем, што Езус ніколі не ўскладае на нас цяжараў, якія перш не нясе сам. Які быў штодзённы крыж Езуса? Гэта я, мы з’яўляемся штодзённым крыжам Бога. Мы, якіх Ён любіць, для якіх прыняў беднасць Назарэта, бяздомнасць Кафарнаума, нястомную працу і смерць на крыжы.

Праўду пра мой грэх, за які Хрыстос памёр на крыжы, трэба памятаць штодня. Чаму кожны дзень? Таму, што я грашу кожны дзень і кожны дзень я павінен пачуць гэтую навіну, што Хрыстос памёр за мае грахі паводле Пісання. Праўда пра смерць і ўваскрашэнне Езуса — гэта праўда, якую недастаткова пачуць адзін раз, ёю трэба жыць кожны дзень. Наколькі мы ёю жывём, бачна па любові ў адносінах да Езуса, у адносінах да сясцёр і братоў.

У рэшце рэшт, прычына нашага болю — гэта заўсёды людзі. Не хвароба, а людзі, якія пакінулі нас адных у ёй. Не праца, але тыя, хто ставяцца да працы як да поля бітвы, марнуюць нашы намаганні. Не тое, што няма дома, а адсутнасць людзей, якія яго ўтваралі. Крыжам з’яўляюцца людзі, якіх мы любім, а яны нечакана нас падвялі. Каб з імі ісці далей, мы павінны адмовіцца ад сябе.

Езус заклікае ўзнесці гэты крыж. Чаму? Калі яны ўяўляюцца нам крыжам, мы адразу глядзім на іх “звысоку”. З вышыні нашай крыўды мы адносім да іх асуджэнне, абурэнне. Мы іх любім, але яны нас падвялі: больш-менш, першы раз, сёмы, семдзесят сёмы, з усведамленнем або неўсвядомлена, з найлепшых намераў і г. д.

Езус кажа, што мы павінны паставіць іх вышэй за сябе — вышэй за наш боль. Гэта прывядзе да прабачэння, зразумення. Ператворыць крызіс у магчымасць умацаваць сувязі. Гэта бачна па любові, бачна па шчодрасці ў сустрэчы, у адносінах да бліжніх.

Крыж, як антэна, злучае нас з Богам. Божая Добрая Навіна не вызваліць нас ад пакут, але вызваліць ад бессэнсоўнасці, бясплоднасці пакуты. Мы можам зноў стаць людзьмі. І тады мы ўбачым усё інакш і значна лепш — вачыма, якія пралілі слёзы.



Кастрычнік 2022

Якой меркай мераць чалавека? 

Чалавека трэба мераць сэрцам. На біблейскай мове сэрца азначае чалавечае, духоўнае нутро, асабліва сумленне. Адзіным полем дзейнасці Касцёла павінна  быць сумленне чалавека. Сумленне – голас з глыбіні, ужо па-за воляй і  розумам, у якім жыццё чалавека патрабуе еднасці з самім сабой.

Голас сумлення – гэта голас унутраннай свабоды. Голас сумлення не павінен супастаўляцца выключна з непасрэдным рэлігійным вопытам. Для людзей, якія яшчэ не ведаюць Бога, у голасе сумлення выяўляецца чалавечая годнасць, працавітасць, чыстата сэрца. Калі яны застануцца вернымі свайму сумленню, гэта прывядзе іх да Бога.

Сумленне – самая патаемная святыня чалавека, дзе ён застаецца сам-насам з Богам. Гэта сустрэча чалавечай і Боскай адзіноты.  Сумленне паходзіць ад нас, таму што гэта пастаянны дар Бога, упісаны ў нашу чалавечую прыроду, але адначасова і па-за намі, бо звязана з вечным Стварыцелем. Сумленне змяшчае саму сутнасць нашага падабенства да Бога: свабоду, адказнасць, рацыянальнасць. Нягледзячы на грэх Адама, чалавечая прырода не перастала быць добрай і спакусы не пагражаюць збаўленню, калі чалавек слухаецца сумлення, “голасу Бога”. Галоўнай крыніцай няшчасцяў для ўсяго чалавецтва было і застаецца непаслухмянасць сумленню. Толькі  шчырае пакаянне перад Богам можа суцішыць боль зраненага грахом сумлення. Тады Бог вызваляе ад нашых пакутлівых трывог сілай Яго ласкі.

Добрай практыкай, якая дапамагае захоўваць чыстае сумленне, з’яўляецца штодзённы рахунак сумлення. Гаворка ідзе не талькі пра падлік грахоў, але  больш пра “падлік любові”, дароў Божых. Дух падзякі выкрывае духа беззаконня.



Што зрабіць, каб Сінод Паўсюднага Касцёла натхніў вернікаў на канкрэтную працу на карысць міру, справядлівасці і любові? 

Сінод Біскупаў атрымаў сінадальныя сінтэзы ад Касцёлаў усяго свету. Іх голас можа стаць праграмай сур’ёзнай касцёльнай рэформы. І няхай такім стане. Свецкія людзі маюць дасканалае пачуццё веры, якое не падрывае іерархію Касцёла, дактрыну або маральнае вучэнне. Гэтыя людзі хочуць, каб Касцёл быў сапраўднай адкрытай супольнасцю, каб быў, як кажа Папа Францішак, “палявым шпіталем”.

Сінадальны працэс уносіць добры ўклад, таму што ён усведамляе людзей, што быць хрысціянінам не азначае толькі хадзіць на нядзельную Імшу, але жыць гэтым кожны дзень. Калі дазваляем кіраваць Святому Духу, змяняемся мы, змяняецца грамадства. Мы маем розныя тэмпы, ідэі і падыходы ў сінадальным працэсе. Важна, каб магчымасць, якую дае паўсюдны Сінод, выкарыстаць для сумесных дыскусій і сумесных ініцыятыў. Спадзяюся, што мы зможам працягнуць наш шлях ў гэтым сінадальным Касцёле і з кожным наступным вопытам будзем вучыцца будаваць такі Касцёл.

Сінадальнасць – гэта працэс, параўнальны з падарожжам, фінал якога невядомы ўдзельнікам. Аднак гэты шлях патрабуе вялікай адкрытасці адзін на аднаго і на дзеянне Святога Духа. Гэта час не для таго, каб прасоўваць свае ўласныя ідэі, але час малітвы і ўзаемнага слухання. Гэта павінен быць час клопату аб канкрэтнай мясцовай супольнасці, а таксама пра ўвесь Касцёл, які вынікае з жывой веры і духовай адчувальнасці. Рэзюмэ не вычэрпвае глыбіні духоўнага вопыту, які вынікае з хрысціянскай веры. Вопыт хрысціянскай веры заснаваны на асабістых і блізкіх адносінах з Богам, у супольнасці Касцёла, што іх немагчыма цалкам выказаць і перадаць агульнай мовай.

Наступнай падрыхтоўкай да надыходзячага Сіноду Біскупаў з’яўляецца кантынентальны этап. Распазнаванне сінадальнасці Касцёла з’яўляецца цэнтральнай тэмай для рэформы Рымскай Курыі. Кожны ў Апостальскай Сталіцы павінен мець адкрытае сэрца і розум, каб пазнаць не столькі тое, што людзі кажуць пра сінадальнасць, колькі тое, што Святы Дух кожнаму паказвае. Спадзяюся, што сінадальны працэс, асабліва апошні этап, гэта значыць Сінод Біскупаў аб сінадальнасці, які папа Францішак абвясціў, што ён пройдзе ў дзве сесіі: у кастрычніку 2023 г. і ў кастрычніку 2024 г., дапаможа нам зразумець, што сінод ужо азначае на практыцы, як нам будаваць сінадальны Касцёл, што маецца на ўвазе пад пытаннем сінадальнага стылю для парафіі, дыяцэзіі, касцёльных правінцый або для ўсяго Касцёла.

Калі нам удасца падарожнічаць разам не толькі ў размовах, але і ў канкрэтным жыцці, думаю, мы многага дасягнем. Сінадальны Касцёл дае надзею, таму што ў цэнтры нашага жыцця знаходзіцца Езус Хрыстус.



Чаго людзі больш за ўсё баяцца? 

Чалавек вельмі баіцца адзіноты, бо ён сацыяльная істота і павінен жыць у супольнасці. Калі чалавек адзін, яму пагражае пакута адзіноты, часта горшая за раны, нанесеныя блізкімі. Прарок Ерамія многа цярпеў ад сваіх суайчынныкаў, але калі ён скардзіцца на сваё жыццё, найперш згадвае пра сваю адзіноту, якая яго найбольш турбавала. Самотнаму чалавеку – незалежна ад пакут адзіноты – пагражае нешта значна горшае: унутранае недаразвіццё, духоўная смерць. Таму Біблія мае рацыю, калі гаворыць: “Нядобра быць чалавеку аднаму” (Быццё 2,18). Без стасункаў з іншымі людзьмі чалавек не можа дасягнуць паўнаты свайго духоўнага развіцця.

Больш за ўсё мы губляем, калі замыкаемся ў сабе. Без дапамогі бліжніх чалавеку пагражае пагібель пад цяжарам жыццёвых цяжкасцей, і яго развіццё спыніцца, ён страціць што самае чалавечае. Але поўнае развіццё чалавечай асобы так ці інакш звязана з усімі цяжкасцямі, абмежаваннямі і пакутамі, якія нясуць з сабой міжасабовыя кантакты і жыццё ў супольнасці. Чалавек мае патрэбу ў іншым чалавеку, нягледзячы на абмежаванні і пакуты, якія ён адчувае ад яго. Кніга Эклезіяста раіць цалкам далучыцца да плыні жыцця, а тых, хто ад страху перад небяспекай спакусіўся, выратавацца, уцякаючы ў адзіноту, папярэджвае: “Гора самотным”.

Адзінота спрыяе таму, што мы не бачым сэнсу жыцця. Справа ў тым, што ты не адзін. Той, хто стварыў цябе, заўсёды з табой. Твой Айцец, Бог. Ён ніколі не пакідае сваё дзіця, ніколі. Лепш за ўсё гэта відаць на прыкладзе двух братоў. Гісторыя Каіна, які забіў Авеля. Якое пакаранне павінна спаткаць Каіна? Ён забойца. Жыццё за жыццё? Бог глядзіць на гэта па-іншаму. Каін атрымаў азнаку, якая мае яго бараніць. Разумееш гэта? Забойца будзе абаронены Богам, каб ніхто не мог яго забіць. Дзе тут справядлівасць? Няма. Бог ніколі не адмаўляецца ад чалавека. На Каіне кожны паставіў бы крыж. Нічога добрага з яго не атрымаецца, таму трэба перакрэсліць яго. Бог пераварочвае гэтую логіку. Не перакрэслівае. Чалавек – гэта не рэч, якую зламаўшы можна знішчыць.

Жыццё мае найвышэйшую каштоўнасць. Бог з табой. Ён таксама тут і цяпер, у той момант, калі хочаш звярнуць з абранага шляху. Заўсёды мае працягнутую руку, якую можна схапіць і ўстаць. Устаць і ісці. Але як з тваім сэрцам? Ці задаволена, ці сумнае, ці нешта шукае? Каб прымаць правільныя рашэнні, трэба слухаць сваё сэрца.



Што сёння найбольш патрэбна сучаснаму свету? 

Бясконцая Божая Міласэрнасць вышэй за ўсё. Міласэрнасць з’яўляецца галоўнай праўдай хрысціянскага паслання. Бог не асуджае. Яго міласэрнасць не ведае межаў (пар. Мц 18,14). Міласэрнасць – гэта асноўны закон, які жыве ў сэрцы кожнага чалавека, калі ён шчырымі вачыма глядзіць на свайго брата, якога сустракае на сваім шляху. Міласэрнасць – гэта шлях, які злучае Бога з чалавекам, таму што адкрывае сэрца на надзею быць любімымі назаўжды, нягледзячы на абмежаванні нашага граху. Бог міласэрнасці, Бог міласэрны.

Не атрымаўшы міласэрнасці, не разумею сябе як чалавек. Без абвяшчэння міласэрнасці не магу ўявіць служэнне Касцёла. Свет, які мы ствараем і ў якім жывём, патрабуе сёння міласэрнасці, калі не хочам, каб ён стаў для нас на падабенства пекла.

Прастора, у якой Езус паказвае міласэрнае аблічча Бога, ствараюць евангельскія прыпавесці: прыпавесць пра згубленую авечку (шукаць адну згубленую авечку коштам пакінутых дзевяноста дзевяці) і прыпавесць пра згубленую манету (шукаць, знайсці, радавацца ад знаходкі). Важна не баяцца цяжкасцяў пошуку, нават калі ён доўгі. Бог цярпялівы. Ён не стамляецца, шукаючы чалавека. Таксама варта прыгадаць прыпавесць пра блуднага сына. Езус адкрыты на грэшнікаў. Нават калі Яго апаненты абураюцца тым, што, на іх думку, апошніх Ён ставіць у цэнтр сваіх прыпавесцей евангелізацыйнага плана.

Мы таксама часта кажам, што Бог не клапоціцца пра нас, такіх верных Яго запаведзям, але ідзе шукаць грэшнікаў. Але што гэта за вера, што гэта за вернасць, калі чалавек патрабуе кампенсацыі за выкананне Божых запаведзяў?

Міласэрнасць заўсёды будзе большай за любы грэх, і ніхто не можа абмежаваць любоў Бога, які прабачае. Няма міласэрнасці без прабачэння. І няма прабачэння без міласэрнасці.

Для Касцёла зноў надышоў час, каб прыняць на сябе радаснае абвяшчэнне прабачэння. Таму што прабачэнне ў спалучэнні з міласэрнасцю становіцца сілай, якая вяртае да новага жыцця і дадае адвагі глядзець у будучыню з надзеяй. Папа Францішак прысвячае сваю булу Misericordiae vultus прадмету і практыцы міласэрнасці.



Верасень 2022

Што рабіць, калі дзіця адмаўляецца хадзіць у касцёл? 

Моніка была маці святога Аўгустына, яна малілася шмат гадоў аб глыбокім навяртанні для сына. Была пачута. Калі я быў дзіцём, то прасіў тату будзіць мяне ў касцёл. Але раніцай было цяжка падняцца, тады я чуў: калі мужчына кажа слова, ён заўсёды яго выконвае. І гэта адразу дапамагала. Сын маіх сяброў сказаў, што ў нядзелю не пойдзе ў касцёл. Бацька сям’і сказаў, што тыя, хто быў у касцёле, пасля літургіі пойдуць у піцэрыю. Ніхто не застаўся дома. Праз месяц у нядзелю няма піццы, але ўся сям’я па-ранейшаму кожную нядзелю ў касцёле на св. Імшы.

Не ўцякайце ад супольнасці! Не бойцеся супольнасці! Таксама тады, калі табе цяжка ў супольнасці, тады вернасць Бога яшчэ большая. Бог цябе не падвядзе ў Касцёле. Ідзі з гэтым абяцаннем па жыцці. Бог паклікаў нас да супольнасці. Бог стварыў нас і ведае нашу прыроду, ведае, што мы патрэбны адзін аднаму. Наша супольнасць не заўседы маляўнічая. Некаторыя кажуць — добра нам тут быць. Іншыя маюць цяжкі касцёльны вопыт, напрыклад, адзін змагаецца з другім, а трэці параніў чацвёртага. Часам чалавеку цяжка прызнацца, што ён ходзіць у касцёл. Бог, які нас паклікаў, верны — Ён трымае нас ў гэтай суполцы. Нават брат, сястра, святар або біскуп можа падвесці, але Бог цябе не падвядзе! У нашых суполках паспрабуем адкрыць першапачатковы вопыт прымірэння і прабачэння.



Як павінна выглядаць сяброўства? 

Сяброўства — важны фактар у нашым жыцці. Іншы чалавек патрэбны для таго, каб убачыць у ім сябе самога. Жадаючы зразумець іншага, трэба пачаць з глыбокага разумення сваіх патрэбаў і поўнага прыняцця сябе. Чалавек, які сам сабе не сябар, не можа быць сябрам іншага чалавека. Зразумець іншага чалавека — значыць адчуць яго погляд на свет.

Мы жывем па-сапраўднаму толькі тады, калі атрымліваем асалоду ад чалавечай дабрыні. Хочаш цешыцца чалавечай дабрынёй — будзь добры да іншага. Кожны чалавек жыве ў пошуках сяброўства. Шчаслівы чалавек, у якога ёсць сябры, ён можа на іх разлічваць і цалкам ім давяраць. Аднак не кожны, хто праяўляе да нас дабрыню, з’яўляецца нашым сябрам. Сяброўства — гэта адкрытыя сувязі, якія злучаюць людзей незалежна ад знешніх абставін і ваганняў самаадчування. Ты сябар назаўсёды або не з’яўляешся ім. Асновай сяброўства з’яўляецца ўзаемны давер. Сябар — гэта той, чыя прысутнасць з намі і ў радасці і ў смутку, асабліва ў смутку. Пастаўся з разуменнем да чалавека, якому давяраеш. Ён мае права мець свае слабасці, ніхто не з’яўляецца ідэалам. Трэба падтрымліваць злучальныя сувязі, абменьвацца паслугамі.

Лепей самому расчаравацца ў сябрах, чым расчараваць іх. Можа варта было б прымяніць прынцып: рабі іншаму тое, што прыемна табе? Ніколі не патрабуй ад іншага чалавека большага, чым патрабуеш ад сябе. Сябар — гэта чалавек, які не толькі хваліць, але пры неабходнасці можа звярнуць увагу на штосьці непрыемнае. У адносінах да свайго сябра заўсёды будзь такім, якім хочаш бачыць яго ў адносінах да сябе. Калі верыш у Бога, маліся кожны дзень за яго.

Як быць шчаслівым? 

Быць шчаслівым — гэта не толькі тваё права, але і абавязак! Шчасце заўсёды ёсць там, дзе чалавек яго бачыць. Не чакай пасіўна, калі шчасце прыйдзе да цябе. Думай пра сваё шчасце. Вер, што ў хуткім часе ты знойдзеш спосабы абмінуць свой смутак, — вера чыніць цуды. Шчасце — самая жаданая мэта кожнага чалавека, таму трэба рабіць усё, што ў нашых сілах, каб запаветнае жаданне стала рэальнасцю.

Няхай тваё самаадчуванне не залежыць ні ад кампліментаў, ні ад іх адсутнасці — яны ніякім значным чынам не вырашаюць, наколькі ты будзеш шчаслівы. Не аддавай ім улады над сабою.

Думай пра тое, што маеш. Цані гэта і не марнуй часу на прагненне рэчаў, якіх ты мець не можаш. Стаў перад сабою мэты і дасягай іх, але, калі здарыцца так, што нейкай з іх рэалізаваць не ўдасца, то не вяртайся да мінулага і не шкадуй, што не маеш таго, што хацеў. У цябе наперадзе яшчэ шмат прыгожых падзей і поспехаў — засяродзься на сённяшнім дні і на будучыні.

Лічы свае благаслаўленні, а не падзенні! Нават калі цяпер адбываецца штосьці дрэннае, то ва ўсведамленні спазнанага табою дабра ты знойдзеш дастаткова сілаў, каб гэта перажыць. Што ж зробіш, калі ўмовы змяніліся і не адпавядаюць тваім чаканням? Перад табою новы выклік! Ты павінен проста пашукаць іншае, выйсце, і ў гэтым няма ніякай трагедыі. Не старайся змяніць свет — змяні сябе.

Пачуццё шчасця знаходзіцца ўнутры цябе, толькі ты можаш дазволіць або забараніць яму выявіцца. Не шукай яго ў тым, што мінула, не чакай у падзеях будучыні, не злуйся, калі не бачыш яго ні ў людзях, якія цябе атачаюць, ні ў прадметах — яно ёсць толькі ў табе.

Не шкадуй для іншых свайго шчасця — яно павялічваецца, калі ты дзелішся ім, а робячы шчаслівымі іншых, найшчаслівейшым ты робіш сябе!



Ці можа жыццё быць радасцю? 

Бог заўсёды любіць кожнага чалавека. Хоча, каб наша жыццё было радасцю. Да любові не падыходзім розумам ці логікай, але сэрцам — як да малітвы. Любоў незразумелая, але можна яе прыняць, а прымаючы, адказваць сваёй любоўю. Бог цябе любіць — гэта самая цудоўная праўда. Хто любіць, адорвае радасцю. Аднак усё залежыць ад цябе: каго выбіраеш?

Свет таксама абяцае табе радасць, распальвае голад валодання, і некаторыя з нас ставяць гэта за жыццёвую мэту. Многія лічаць, што самым галоўным крытэрыем для сучаснага чалавека з’яўляецца поспех. Свет назойліва кажа нам: жывіце так, быццам Бога не існуе. І хоць свет робіць усё, каб чалавек быў шчаслівы, мы становімся ўсё больш сумнымі. Нараджаецца ў нас трывога і нейкая схаваная туга. Выйграеш сваё жыццё, ніколі не заблукаеш, калі выбярэш Езуса Хрыста. Праяўляючы любоў, ты заўсёды будзеш побач свайго Збаўцы. І гэта рэцэпт на жыццёвую перамогу. Ёсць толькі адна праблема: дарыць любоў іншым цяжка, гэта патрабуе ахвярнасці, цярпення, прабачэння, самакантролю, патрабуе намаганняў і працы. Трэба быць сабой, авалодаць лянотай і абараніць праўду. Бачыш, што дарыць любоў цяжка. Але малітва, Эўхарыстыя і Біблія з’яўляюцца энергіяй для дабра і любові. Рабі ўсё бескарысліва, тады нічым не здзівішся, а будзеш заўсёды радасны.

Жадаю табе, дарагі сябра, добрага і радаснага жыцця, да якога запрасіў цябе сам Бог! Калі ты будзеш радасны, здзейсніш такія справы, якіх ніколі не змог бы зрабіць у смутку. Знакам радасці жыцця з’яўляецца ўсмешка, але ўсміхацца можна толькі да другога чалавека. Памятай пра гэта, каб з радасцю глядзець у будучыню! Прымі ўсё, што дае табе Бог, і гэта дазволіць табе сапраўды пераадолець усялякія перашкоды і сапраўды радавацца паўнаце жыцця!