Парафія Езуса Міласэрнага

               2000 — 2019

 

Гісторыя парафіі

22 кастрычніка 2000 г. была адпраўлена першая св. Імша для вернікаў парафіі Езуса Міласэрнага ў касцёле св. Барбары (катэдральным на той момант). Прысутнічала 56 чалавек.

16 лістапада 2000 г. парафія Езуса Міласэрнага атрымала дазвол на пабудову часовай капліцы.

Вельмі добра пра гэты час у жыцці парафіі распавядае Францішак Дубраўскі (часопіс “Ave Maria”, №4/2002):

“Пасля асвячэння месца пабудовы распачалася праца. Гэта быў нялёгкі час, але і парафіяне, і кс. Адам Сікорскі, і дыякан Аляксандр Рагіня, і сёстры Нікола, Дамарыс і Люцына з гонарам пераадолелі цяжкасці, звязаныя з будаўніцтвам. І ўжо 3 снежня, у першую нядзелю Адвэнту, адбылася Імша ў новай капліцы — за сталом замест алтара, на настылым, адно сагрэтым усхваляваным дыханнем парафіянаў, паветры. Гэты дзень першай супольнай малітвы і размовы з Богам добра запомніўся дарослым і дзецям, стаў найважнейшым момантам парафіяльнага жыцця”.

 

Капліца

25 снежня 2000 г. капліцу асвяціў біскуп Уладзіслаў Блін.

3 сакавіка 2001 г. першым пробашчам парафіі стаў кс. Дарыюш Кубіца, SDS.

30 чэрвеня 2001 г. у парафіі адбылася першая біскупская візітацыя.

18 лістапада 2001 г. парафіяне развіталіся з а. Дарыюшам і прывіталі новага пробашча — а. Тадэвуша Дабравольскага, які да гэтага працаваў у Іркуцку і Браславе (ён таксама належаў да кангрэгацыі сальватарыянаў).

 

Кансэкрацыя касцёла, перанясенне катэдры

12 верасня 2004 г. кс. біскуп ардынарый асвяціў пляцоўку, а ў сярэдзіне кастрычніка 2004 г. гарадскія ўлады далі канчатковы дазвол на будаўніцтва новай святыні.

Кансэкрацыя касцёла Езуса Міласэрнага адбылася 10 кастрычніка 2009 г. у межах святкавання 10-годдзя існавання Віцебскай дыяцэзіі. Літургію, падчас якой адбывалася асвячэнне, узначальваў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч.

18 чэрвеня 2011 г. катэдра з касцёла св. Барбары была перанесена ў наш касцёл. Урачыстую літургію ў новай катэдры ўзначаліў прадстаўнік Папы Бенедыкта XVI кардынал Робэр Сара, старшыня Папскай рады “Cor Unum”.

 

Абрад кансэкрацыі біскупа Алега Буткевіча

Важнай датай для нашага касцёла з’яўляецца дзень 18 студзеня 2014 г. — калі катэдра атрымала свайго біскупа. 29 лістапада 2013 г. Папа Рымскі Францыск прызначыў кс. Алега Буткевіча новым біскупам Віцебскім. Абрад кансэкрацыі 18 студзеня правёў Апостальскі нунцый Клаўдыё Гуджэроці, асістэнтамі выступілі арцыбіскуп Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі Тадэвуш Кандрусевіч і біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Аляксандр Кашкевіч. На ўрачыстасці было шмат вернікаў і святароў з іншых дыяцэзій, прысутнічалі прадстаўнікі свецкіх уладаў, праваслаўнай царквы, журналісты.

 

Нашы святары

Кс. Павел Кнурэк

У чэрвені 2017 г. пробашчам парафіі стаў кс. Павел Кнурэк, які да гэтага часу ўзначальваў парафію Св. Апостала Андрэя ў Лынтупах.
Кс. Павел праслужыў у нашым касцёле да 12 мая 2019 г.

 

Кс. Алег Хмылко, вікарый

Дэкрэтам біскупа Алега Буткевіча ад 14 лютага 2018 г. кс. Алег Хмылко накіраваны ў нашу парафію вікарыем.

Кс. Алег паходзіць з лынтупскай парафіі Святога Апостала Андрэя. Пасвячэнне дыяканату атрымаў 25 лютага 2017 г. у санктуарыі Маці Божай Валадаркі Азёраў у Браславе, дыяканскую практыку праходзіў у глыбоцкай парафіі.
Прэзбітэрскае пасвячэнне з рук Яго Эксцэленцыі біскупа Алега Буткевіча атрымаў 7 кастрычніка 2017 г. у касцёле Святой Тройцы ў Глыбокім. У гэтым жа касцёле прайшлі першыя месяцы святарскага служэння кс. Алега.
Кс. Алег Хмылко  — душпастыр моладзі Віцебскай дыяцэзіі.

 

Кс. Валерый Орсік, пробашч парафіі

З 23 чэрвеня 2019 г. пробашчам нашай парафіі прызначаны кс. Валерый Орсік.
Кс. Валерый прызначаны таксама пробашчам парафіі Святога Айца Піа ў Лёзне і дэканам Віцебскага дэканату.
Кс. Валерый прыехаў да нас з Оршы, дзе быў адміністратарам парафіі Беззаганнага Сэрца Марыі (і адміністратарам парафіі Маці Божай з Люрд у Барані).
У Оршы кс. Валерый пабудаваў касцёл Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі, які быў кансэкраваны 9 чэрвеня 2018 г. У гэты ж дзень Дэкрэтам біскупа Віцебскага Алега Буткевіча кс. Валерый прызначаны Ганаровым Канонікам Віцебскай Катэдральнай Капітулы.

 

Дыякан Алег Зямчонак

Дк. Алег Зямчонак накіраваны да нас  23 чэрвеня 2019 г.

Дыяканскае пасвячэнне з рук Яго Эксцэленцыі біскупа Алега Буткевіча атрымаў 28 красавіка 2019 г. у нашай святыні.
Дк. Алег паходзіць з аг. Парыж, што ў Пастаўскім дэканаце. Фармацыю праходзіў у духоўных семінарыях у Пінску і апошнія чатыры гады ў Санкт-Пецярбургу (Расія).

Пераведзены да нас з парафіі Беззаганнага Сэрца Марыі г. Оршы.