Споўненая мара

Размова з біскупам Уладзіславам Блінам

Пытанні задаюць
с. Рэната Зялінская ОР і Ірына Кульпекша

 

Біскуп Уладзіслаў Блін

Нарадзiўся 31 мая 1954 г.

Быў ахрышчаны 17 чэрвеня 1954 г. у г. Свідвіне (Кашалінска-Калабжэская дыяцэзія).

Прэзбiтарскае пасвячэнне атрымаў 25 чэрвеня 1980 г. у г. Влацлаўку.

Біскупскую сакру атрымаў 20 лістапада 1999 г. у г. Вiцебску.

Інкардынацыя: Віцебская дыяцэзія.

Евангелiзацыйная дзейнасць: з 1980 па 1989 гг. – ва Влацлаўскай дыяцэзіі, а з 1989 г. – у Беларусі.

У 1989 г. распачаў душпастырскую працу ў Мiнска-Магiлёўскай архідыяцэзіі ў парафiі св. Станiслава ў Магiлёве, дзе служыў да бiскупскага пасвячэння ў 1999 г. Вярнуў для культу i адрамантаваў парафіяльны касцёл (даўнюю катэдру) у Магілёве, наведваў шматлiкiя населеныя пункты ва ўсходняй Беларусi, дзе арганiзоўваў душпастырскае жыццё, ствараючы

новыя парафii. Iнiцыятар i арганiзатар Мiжнароднага фестывалю духоўнай музыкi “Магутны Божа”.

13 лiстапада 1999 г. Папа Ян Павел II прызначыў яго першым бiскупам навастворанай Вiцебскай дыяцэзіі.

Арганiзоўваў i ствараў дыяцэзiяльныя адмiнiстратыўныя структуры, выконваў біскупскае служэнне да 2013 г.

Быў старшынёй Рады па справах экуменізму, Камiсii па справах агульнага душпастырства ў беларускім епiскапаце, а таксама намеснiкам старшыні Канферэнцыi Каталiцкiх Бiскупаў у Беларусi.

Пасля чатырнаццаці гадоў біскупскага служэння сышоў на пенсiю,
з 2013 г. – бiскуп-эмерыт Вiцебскай дыяцэзii.

 

Мае дарагія!

Дзякуй вам за тое, што адкрылі старонку гэтай кнігі. Яна ўзнікла дзякуючы пытанням, якія задавалі вашы сёстры. Разлічваю таксама і на вашы пытанні, якія можаце дасылаць мне на электронны адрас biskupblin@yandex.by.

Папа Францішак жадае пачуць "шосты кантынент" - нас, "лічбавых місіянераў".
Дзякуй за вашу адкрытасць, добразычлівасць і супрацоўніцтва.

З дарам малітвы ваш брат
біскуп Уладзіслаў

Споўненая мара

Вокладка кнігі на беларускай мове

Абвяшчаць Евангелле ўсім

Пераклад назвы з італьянскай мовы

Spełnione marzenie

Вокладка кнігі на польскай мове

 

Падзяка ад Сінода біскупаў

Горад Ватыкан, 23 сакавіка 2022

SYNODUS EPISCOPORUM
Secretaria Generallis


Эксцэленцыя,

Я вельмі ўдзячна за тое, што Вы даслалі мне адзін з экзэмпляраў кнігі “Абвяшчаць Евангелле ўсім. Размова з біскупам Уладзіславам Блінам”.
Праз старонкі гэтай кнігі існуе крыху магчымасці пазнаць Касцёл у Беларусі, а таксама важнейшыя этапы Вашага святарскага і біскупскага служэння і дух, які ажыўляў Вашае пастырскае служэнне.
Асобна хачу выказаць падзяку за Вашыя словы пра жанчын, моладзь і сінадальнасць.
Мы падзяляем надзею на сінадальны шлях, каб быў ён насычаны плёнамі Духа.

Яднаюся ў малітве аб супакоі ў гэты цяжкі для Украіны і Беларусі момант
Сястра Наталі Беквар, XMCJ
Падсакратарка

 

Ліст ад кардынала М. Чэрнага

Горад Ватыкан, 7 красавіка 2022
Прат. № 536/2022

Ваша Эксцэленцыя,

Я атрымаў кнігу “Абвяшчаць Евангелле ўсім. Размова з біскупам Уладзіславам Блінам”, у якой Вы сабралі важныя разважанні пра касцёл у Беларусі, а менавіта пра сваю Віцебскую Дыяцэзію.

Жадаю шчыра падзякаваць Вам за тое, што мне яе прыслалі, бо ў ёй знаходзяцца багатыя вытокі па станаўленню Касцёла, які праз доўгія дзесяцігоддзі знаходіўся ў падполлі. Жадаю скарыстацца магчымасцю каб запэўніць ў малітве, Вас, Эксцэленцыя, а таксама ўсю каталіцкую супольнасць у Беларусі: няхай момант выпрабавання, які перажываюць Краіны Усходняй Еўропы, узмоцніць нашую веру і прынясе плён сапраўднага і працяглага супакою.

Адданы ў Хрысце,

Кардынал Міхал Чэрны, S.J.
Прэфект ad interim

 

Кардынал Паралін

Горад Ватыкан, 15 красавіка 2022

Эксцэленцыя,
Нядаўна Вы мне даслалі кнігу “Абвяшчаць Евангелле ўсім”.

Жадаю выказаць Вам падзяку за гэты ветлівы гест, які я высока ацаніў, памятаючы таксама пра нашыя мінулыя сустрэчы.

Буду памятаць пра Вас перад Панам і прашу аб малітве за мяне. Дасылаю Вам мае сардэчныя прывітанні і найлепшыя пажадані на мінулыя святы.

+ П’етра Кард. Паралін

Дзяржаўны сакратар Яго Святасці

 

Яго Святасці

Папе Францішку

прысвячаю

 

Евангелізацыя Беларусі на пачатку ХХІ стагоддзя

Ваша Эксцэленцыя, Вы вярнулiся на радзіму продкаў яшчэ ў часы існавання Савецкага Саюза. Цi можаце распавесцi, якiя былi пачаткi мiсii i яе развiццё ў Беларусi?

Спачатку, на працягу двух гадоў – з 1987 па 1989 гг., я прыязджаў у Вiльню ў Літве (на той час у СССР). Тады я вучыўся ў дактарантуры ў Любліне і выконваў абавязкi вiкарыя ў парафii святога Мiкалая ў Калiшы. Падчас канікул у сясцёр эўхарыстак, якiя пражывалi ў раёне Звярынец у Вільні, я праводзіў духоўныя практыкаванні (рэкалекцыі), прысвечаныя распазнанню паклікання. Цяперашняя правiнцыяльная настаяцельніца эўхарыстак у Беларусі, сястра Антанiна Багдановiч, была адной з дзяўчат, якiя ўдзельнiчалi ў гэтых рэкалекцыях.

Падчас майго знаходжання ў Вiльні айцец Антонi Лось, марыянін, запрашаў мяне ў Барысаў. Мы ездзілі туды па чарзе разам з сястрой Рэгiнай Шаркель, эўхарысткай. Пазней сёстры з гэтай супольнасці заснавалі ў Барысаве душпастырскую пляцоўку (малы кляштар) і дагэтуль працуюць там.

Маiм галоўным заданнем было абвяшчаць Евангелле. Я імкнуўся дапамагчы ўсім усвядомiць, што Бог нас не пакiне на шляху да збаўлення. Найважнейшае – гэта бязмежная Божая мiласэрнасць. Бог нас любiць. Нiкога не асуджае, але заклiкае жыць у святасцi, быць блiжэй да Яго, адчуваць Яго клопат i ласку. Езус аддаў сваё жыццё за грэшнiкаў, і гэта – наша надзея. Прагну, каб кожны чалавек быў шчаслiвым i атрымаў збаўленне. Дзеля гэтага трэба абвяшчаць Добрую Навiну ўсiм i ўсiмi магчымымi сродкамi, асаблiва на гэтай зямлi.

У Касцёл мяне прывяла вера маiх бацькоў. Я не маю iншага жыцця, акрамя жыцця з Богам, і толькi малiтва ўмацоўвае маю веру. Спадзяюся, што мая бабуля Саламея, якая пасля вайны не з’ехала з Волкава (што каля Дзісны) на землі над Одэрам, радуецца за мяне ў Небе, бо я вярнуўся на зямлю продкаў, i молiцца за мяне, каб я адважна i пакорна выконваў Божую волю. Моцны ўплыў на маю духоўную фармацыю зрабiлi таксама айцы марыяне: Альгерд Насальскi, Аляксандр Альчынскi, Антонi Лось (старэйшы), Юзаф Пятушка.

У 1989 г. я вярнуўся на Радзіму, каб несці душпастырскае служэнне сярод сясцёр i братоў у Беларусі. На той час тут служыла 30 мясцовых каталiцкiх святароў i 50 святароў, якiя прыехалi з Польшчы дзякуючы намаганням Прымаса Польшчы, кардынала Юзафа Глемпа i бiскупа Тадэвуша Кандрусевiча.


На фота капліца ў лесе (раён Шуміліна)

 

Магілёў

У Магiлёве тады знаходзіўся мужны і руплівы святар, ксёндз Мечыслаў Малынiч, якi ў 1955 г. вярнуўся са сталінскіх лагераў, але не мог працаваць у ніводнай парафіі. Ён жыў у Слуцку і таемна ездзіў па розных гарадах і вёсках, падтрымліваючы духоўнае і рэлігійнае жыццё мясцовых каталікоў. Ён быў вандроўным апосталам, як благаслаўлёны ксёндз Уладзiслаў Букавiнскi ў Казахстане. Ксёндз Мечыслаў Малынiч адышоў да Бога ў 1969 г. Да самай смерцi яго апекавала сястра Генавэфа Цімаш з кангрэгацыі Сясцёр ад Анёлаў.

Ля вытокаў адраджэння парафii ў Магілёве стаялі пажылыя і некалькі маладых людзей, якія захавалі веру ў сэрцы. Разам з імі прыходзілі таксама людзі, якія шукалі Бога, часта зламаныя і параненыя духоўна. На малiтву мы збiралiся ў каплiчцы на могiлках – гэта была старажытная пахавальня шляхецкага роду, якую вернікі адрамантавалi ўласнымі сіламі.

Адначасова мы прыкладалі намаганнi па вяртаннi архiкатэдры святога Станiслава i Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, якую ўлады вярнулі вернiкам 13 ліпеня 1990 г. Бiскуп Тадэвуш Кандрусевiч прыехаў тады і адправiў святую Імшу ля ўваходу, на парозе святынi, бо ўнутры касцёл быў непрыдатны для цэлебрацый, быў цалкам разбураны. Праз усю галоўную наву ад падлогi i да скляпенняў цягнулiся палiцы, якiя нагадвалi рыштаваннi – яны засталіся з таго часу, калі тут быў архіў. На Божае Нараджэнне мы прайшлi ва ўрачыстай працэсіі ад капліцы на могiлках да катэдры. Першыя набажэнствы адбываліся ў сакрыстыi, якую мы паспелі адрамантаваць i прыстасаваць да правядзення святой Iмшы i набажэнстваў.

Маім першым месцам жыхарства ў Магiлёве быў дом кангрэгацыі Сясцёр ад Анёлаў. Яны пражывалі ў маленькай драўлянай хатцы, у якой не было санвузла, а па ваду трэба было хадзiць на вулiцу да гарадской калонкi, якой карысталiся ўсе жыхары гэтай вулiцы. Але Бог даваў сiлы i магчымасцi для душпастырскай працы, а на шляху ставiў людзей, якiя прыходзілі з дапамогай. Праз паўгода прыехаў з Польшчы дамiнiканiн айцец Януш Скэнчак, якi стаў першым вiкарыем Магiлёўскай парафіі. Пра гэтага святара нельга забыць, бо ён зрабіў шмат добрага для Бога і для людзей ва ўсходняй Беларусі.

Мы арганізавалі парафію ў Полацку, і біскуп Тадэвуш Кандрусевiч накiраваў яго туды пробашчам. Пазней пробашчам гэтай парафii быў прызначаны ксёндз Францішак Кiсель, а айцец Януш дэкрэтам арцыбіскупа мітрапалiта Казіміра Свёнтка быў прызначаны пробашчам у Вiцебск. Тут мясцовыя ўлады спачатку аддалі вернiкам маленькую каплiчку на могілках пры касцёле святой Барбары, а пазней i сам касцёл, якi айцец Януш аднавіў разам з парафiянамi. Пазней, на пачатку майго бiскупскага служэння, гэты касцёл выконваў функцыю катэдры новаўтворанай Вiцебскай дыяцэзіі. 

 

***

У паўднёва-ўсходнюю частку краіны, у Гомель, тады прыбыў яшчэ адзін святар – ксёндз Славамiр Ляскоўскi, які паходзіць з Люблінскай дыяцэзіі. Пазней ён пабудаваў у гэтым вялікім горадзе прыгожы касцёл i арганiзаваў моцную парафiю.

Святы Дух кiраваў намi, а мы, напоўненыя Яго моцай i адвагай, ездзiлi па абшарах усходняй Беларусi, шукаючы каталікоў i ўдзяляючы iм святыя сакрамэнты. Калi мы знаёмiлiся з людзьмi і пачыналi размову, заўсёды чулi: “Няхай ксёндз прыедзе да нас у Жлобiн або ў Рагачоў, Бабруйск, Асiповiчы, Мазыр...”. Гэта натхняла нас да яшчэ большых душпастырскіх высiлкаў.

У 1992 г. у Магiлёў прыехаў ксёндз Раман Факсiнскi з Влацлаўскай дыяцэзіі. Разам з ім мы пачалi выдаваць дэканальную газету для мясцовых каталікоў “Веснiк надзеi”. Арганiзавалi i правялi першы Мiжнародны фестываль духоўнай музыкi “Магутны Божа”, якi пазней стаў вiзiтнай карткай Магiлёва. На жаль, ксёндз Раман не затрымаўся тут надоўга, бо кардынал Казiмiр Свёнтак хутка накiраваў яго ў Бабруйск, вялікі горад, куды я прыязджаў раней. Там ужо ў той час была моцная група вернiкаў. Яны набылі дом на вуліцы Лiзы Чайкiнай, дзе па нядзелях я служыў святую Iмшу. Толькі пазней вернiкам вярнулі касцёл, дзе ксёндз Раман Факсiнскi працаваў i ствараў новыя парафii.

На ўсход Беларусi прыязжалі і іншыя святары. Ксёндз доктар Ян Саламон з Влацлаўскай дыяцэзіі, поўны запалу i энергii, пачаў будаваць касцёл у Светлагорску, а пасля ў Акцябрскiм, запрасіў у Беларусь Сясцёр супольнай працы Беззаганнай Марыі. Шмат гадоў ён быў рэктарам Вышэйшай духоўнай семiнарыi ў Пiнску. Зараз з’яўляецца дэканам i пробашчам у Ганцавiчах.

Яшчэ адзін святар, ксёндз Юзаф Дзяконскi з Варшаўскай дыяцэзіі, прыехаў у Мазыр і аднавіў там прыгожую старадаўнюю святыню. Пасля яго прыбыў у Нароўлю ксёндз Станiслаў Салата з Кангрэгацыі Місіянераў Святой Сям’і. Пiянерам на ўсходзе Беларусі быў маладзенькi ксёндз Мечыслаў Янчышын з Вроцлаўскай дыяцэзіі, якога прызначылі пробашчам у Лепель. Ён адрамантаваў мясцовы касцёл святога Казiмiра i святыню ва Уле. Таксама ён пабудаваў новы касцёл у 20-тысячным маладым горадзе Новалукомлі.

Ва ўсходнюю частку Беларусi на дапамогу ў душпастырстве прыязджалі некаторыя святары-пенсiянеры з Польшчы. Я ўдзячны iм усім. Вядома, што не змагу сёння назваць усіх па iмёнах, але без iх дапамогi людзi доўга б яшчэ чакалі святарскай паслугi на гэтай тэрыторыi. Безумоўна, не магу забыць пра ксяндза прэлата Зыгмунта Хадасоўскага, якi прыехаў у Беларусь з Польшчы, ужо будучы пенсiянерам, i на працягу дзесяці гадоў працаваў у Магiлёве. Ён нарадзiўся пад Рагачовам. Тут жа хадзiў у школу. Пасля Другой сусветнай вайны ён скончыў Вышэйшую духоўную семiнарыю ў Вармiнскай дыяцэзii. У 1991 г., ужо будучы на заслужаным адпачынку, ён прыехаў у Беларусь, каб наведаць сваякоў, і прыйшоў у касцёл. Я папрасіў яго застацца, патлумачыўшы, што блiжэйшая да мяне парафiя, у якой быў святар, знаходзiлася аж за 200 кіламетраў, а я, грэшнiк, нават не ведаў, дзе паспавядацца. Гэта быў святы ксёндз, жыў толькi для iншых. На Вялiкдзень, ужо i не памятаю, у якiм годзе, мы чакалi візіту апостальскага нунцыя i кардынала Казіміра Свёнтка. Ксёндз Зыгмунт прыйшоў у сакрыстыю ў белых чаравiках. Я спытаў: “Чаму не чорныя?” А ён спакойна адказаў, што ўвесь свой абутак раздаў бедным, і ў яго засталіся толькi гэтыя белыя чаравікі.

Хацеў бы яшчэ пералiчыць iмёны некалькiх заслужаных святароў. Гэта цудоўныя ксяндзы, якiя рупліва выконвалі душпастырскае служэнне. Яны прыязджалі добраахвотна ў цяжкiя i складаныя жыццёвыя ўмовы Беларусі i вытрывалi, засталiся, каб з надзвычайным запалам працаваць i развiваць Божую справу.

Як семінарыст у пачатку 90-х на летнюю практыку ў Магілёў прыязджаў Караль Тамэцкi з Бельска-Жывецкай дыяцэзіі. Пазней ён вярнуўся туды, ужо будучы маладым святаром. Заўсёды быў актыўным, нiколi не стамляўся, меў цудоўны кантакт з людзьмi, асаблiва з моладдзю. Шмат ездзiў па ўсходнiх тэрыторыях Беларусі i знаходзiў вялiкiя групы каталiкоў, якiя пасля арганiзоўвалiся ў парафii. З яго лёгкай рукi было зарэгiстравана каля дзесяці парафiй. Як пробашч у Мсцiслаўлi ён распачаў рамонтныя працы ў святынi, якую вярнулі вернiкам. Запрасiў працаваць на гэтых тэрыторыях кангрэгацыю Школьных сясцёр Нотр-Дам.

З Тарноўскай дыяцэзіі як семінарыст, а пасля як святар прыехаў у Магiлёў ксёндз доктар Адам Дынак. Пра яго распавяду крыху нiжэй.

Ксёндз Андрэй Далянскi з Тарноўскай дыяцэзіі працаваў як вiкарый у Магiлёўскай катэдры ў 1999 г. У 2000 г. стаў пробашчам у Касцюковiчах, дзе з нуля арганiзаваў душпастырства. Двухпавярховую руiну, якую мясцовыя ўлады перадалi парафii, перабудаваў у цудоўны касцёл, зрабiўшы гэтае месца цэнтрам душпастырскай працы, правядзення рэкалекцый i дзiцячага адпачынку. Ксёндз канонiк Андрэй Далянскi служыць пробашчам у гэтай парафii да сённяшняга дня.

Аднойчы мне патэлефанаваў кардынал Казiмiр Свёнтак з просьбай паехаць у Талачын, бо мясцовыя ўлады не жадалі вяртаць касцёл вернiкам. Паехаў. Атрымалася сустрэцца з прадстаўнiкамi ўлады, правялі перамовы, вынiкам якiх стала перадача касцёла каталiцкай парафii. Да Талачына тады даязджаў з Оршы айцец Юзаф Пятушка, марыянін. Пазней, на працягу многiх гадоў, ён быў пробашчам у Барысаве, Жодзiне, Зембiне, Крупках.

У Лельчыцы мяне запрасiла руплiвая каталiчка Эва Сiнiцкая. Парафiя там развiвалася вельмi хутка, i кардынал Казiмiр Свёнтак накiраваў туды працаваць сэрцанiна ксяндза Збiгнева Баяра. Хутка там паўстаў новы касцёл, а сын Эвы Сініцкай сам пазней стаў святаром сэрцанiнам.

7 лiстапада 1993 г. Мiнска-Магiлёўская архідыяцэзія была падзелена на адзінаццаць дэканатаў, і я быў прызначаны Магiлёўскiм дэканам.

Нечакана я цяжка захварэў. Тады на маю просьбу правiнцыял айцоў францiшканаў з Сілезіі айцец Дам’ян Шойда прыслаў на дапамогу на ўсход Беларусi трох законнiкаў. Айцец Косма Холек стаў вікарыем у Магiлёве, айцец Аляксей Рамановiч быў прызначаны пробашчам у Слуцк, дзе ў хуткiм часе пабудаваў цудоўны касцёл з кляштарным комплексам, у адной з частак якога размясцiлiся сёстры ядвiжанкi, што працуюць там. Пазней прыбыў таксама айцец Сабяслаў Тамаля, які заснаваў парафiю i пабудаваў касцёл у Салігорску. А ў Асіповічах пробашчам стаў айцец Натанаэль Вайталя.

Айцец Пталамэвуш Кучмiк стаў пробашчам у Смаленску, у Расiі, куды я прыязджаў раней разам з сёстрамi арыянiсткамi – Эстэрай Ясiнскай і Данiэляй Гаргуляй, якiя першымi прыехалi працаваць у Магiлёў з Польшчы. Яны былi вельмi руплiвымi, вясёлымi i нiчога не баялiся. Уявiце сабе, што дзве маладзенькiя законніцы пасялiлiся на другім паверсе маленькай каплiчкі на могілках у Смаленску, куды прыязджалi са святарскай паслугай святары з Магiлёва.

Аднойчы я вяртаўся цягнiком з Масквы ад арцыбiскупа Тадэвуша Кандрусевiча і спыніўся ў Смаленску. Цягнiк прыбыў уначы, а днём я павінен быў цэлебраваць там святую Імшу. Я прыйшоў на могiлкi. Паколькі ноч была цёплая, я вырашыў не будзiць сясцёр, а паспаць крыху мiж магіл. Ранiцай пачуўся грукат. Нехта моцна стукаў у дзверы каплiцы, дзе жылі сёстры арыянiсткi. Я пабег на шум i пры дзвярах каплiцы ўбачыў двух маладых мужчын. Яны сказалі, што з’яўляюцца семінарыстамі з Польшчы, а ксёндз Блін запрасіў іх на практыку ў Смаленск і даў менавiта гэты адрас. На працягу многiх гадоў я запрашаў семiнарыстаў з Польшчы, каб дапамагалі нам у душпастырскай дзейнасці ва ўсходняй Беларусі; раз нават прыехалі семінарысты з Галандыі.

Хачу ўдакладнiць, што сёстры арыянiсткi пакiнулi Магiлёў i асталявалiся ў Смаленску, бо Місіянеркі Святой Сям’і, заснаваныя бл. Баляславай Лямант менавіта ў Магілёве, вярнуліся ў “горад свайго нараджэння”, а ў Смаленску тады каталіцкіх законніц зусім не было.

Акрамя таго ў Магiлёве на працягу апошнiх 20 гадоў жылi i таемна працавалi безгабiтовыя (без манаскай вопраткі) Сёстры ад Анёлаў. На пачатку я ўжо ўзгадваў сястру Генавэфу Цiмаш. У 1989 г. з Украiны да яе далучылася сястра Ганна Стара. Гэта быў сапраўдны падарунак ад Бога ў той цяжкi час. Усе яе моцна любiлi. У яе заўсёды было шмат розных iдэй i сiл для iх рэалiзацыi, яна ўсiх залучала ў Божыя справы.

Распавяду адну гiсторыю. У Барысаве моладзь падрыхтавала цудоўны спектакль на тэму Мукi Пана. Але нашы пабожныя бабулi сказалi, што не дазволяць, каб у касцёле, якi толькi што перадалi вернiкам, нейкія “камсамольцы” ставiлi спектакль. Сястра Ганна дапамагла мне паехаць з Магiлёва ў Барысаў, бо наша парафiя тады не мела аўтамабiля. Я хацеў дапамагчы моладзi і звярнуўся ў гарадскi Дом культуры, які аказаў дапамогу. Гледачы плакалі, перажываючы Муку Пана, а мы наступнай ранiцай паспелi вярнуцца ў Магілёў на лiтургiю.

Я казаў усім, што мы павiнны быць, як Езус: перастаць засяроджвацца на сабе і ісці да тых, каму мы патрэбныя. Не чакаць “лепшых часоў”, не шукаць вялiкiх сродкаў. Я заўсёды ведаў, што жыццё не складаецца з чорна-белых сiтуацый. Ведаў, што iснуюць абмежаванні, якiя нельга пераступiць, i канфлiкты, з якiмi трэба навучыцца жыць. Часта дастаткова малых рэчаў: прыняць рашэнне, сустрэцца з чалавекам i моцна давяраць Богу. А малымі крокамi можна дасягнуць шмат чаго.

Падчас летніх канікул у Магiлёве пасля святой Iмшы мы штодзённа распальвалі маленькае вогнiшча, смажылi сала цi каўбасу, спявалi песнi, малiлiся i заўсёды размаўлялі з людзьмi, якiя шукалi Бога. Кожны чалавек без выключэння заслугоўвае павагі: “Не здаровым патрэбны лекар, а хворым” (Мц 9,12). Таму я намагаўся, каб прабачэнне i мiласэрнасць былi стылем нашага жыцця.

 

***

Я пачаў сваё служэнне ў Беларусi пасля выбуху на Чарнобыльскай АЭС. Таму кожныя канікулы мы арганiзоўвалi выезды дзяцей з Беларусi ў Польшчу, каб яны набiралiся там фiзiчных i духоўных сіл. Арганiзацыя такiх паездак для дзяцей, не маючы нiякiх грошаў, была чарговым Божым цудам. Няхай iмя Стварыцеля будзе благаславёна! Я шукаў парафii, розныя цэнтры, якiя б маглi прыняць нашых дзяцей. Штогод у Польшчы адпачывала да 2 тысяч дзетак, і ўсе вярталiся дадому шчаслiвыя.

З нагоды Сусветных дзён моладзі ў 1991 г. мы арганiзавалi паездку ў Чэнстахову на сустрэчу з Папам Янам Паўлам II. Ехалi аўтобусамi i цягнiкамi, і нягледзячы на ўсе цяжкасцi i выпрабаваннi, былi шчаслiвымi. Мелi пастаянны кантакт з арганiзатарамi ў Польшчы, якiя нас падтрымлiвалi. Я вельмi хацеў, каб моладзь з Беларусi пазнаёмілася са сведчаннем веры маладых людзей з розных краiн. Я прагнуў паказаць iм, як вера квiтнее сярод такiх самых людзей, як яны, каб юнакі і дзяўчаты не адчувалі сябе самотнымi ў веры, а бачылi, што вера, надзея i любоў змяняюць жыццё чалавека i што менавіта Бог надае сэнс жыццю. Адразу пасля таго, як былi адчынены межы, тая сустрэча з Богам дзякуючы кантакту з iншымі людзьмi была найважнейшым i найцудоўнейшым сведчаннем для моладзi з Беларусi.


На фота адрамантаваная архікатэдра св. Станіслава ў Магілёве

 

Святарскае служэнне ў Магілёве

Што было той неадольнай сілаю, якая падштурхоўвала Вас да пошуку і наведвання занядбаных у плане рэлігійнага жыцця мясцовасцей, прымушала верыць у слушнасць і пераможную моц сваёй місіі?

Гэта Святы Дух моцна дзейнічаў, а не я. Калi Бог кліча, тады разам з заданнем Ён дае моц i здольнасці для яго выканання. Я імкнуўся не перашкаджаць Яму. Каталiкоў я знаходзiў усюды. Там, дзе людзей было мала, прасiў, каб запрашалi сваiх родных, знаёмых для стварэння супольнасці ў iх мясцовасцi, і гэта давала цудоўныя вынікі, напрыклад у Лепелі. Людзям ва ўсходняй Беларусi патрэбна было радаснае сведчанне нашай веры. Я прагнуў перадаць iм тое, што дае мне вера. Паказваў сваiм прыкладам, што Бог любіць кожнага i можна быць шчаслiвым, калi прыйсці да Яго i з Iм ісці па жыцці.

Прыемным сюрпрызам для Магiлёва стала прызначэнне вiкарыяў: ксяндза Юрыя Барка i ксяндза Леанарда Акалатовiча. Яны адразу ўключыліся ў душпастырскую працу. Праз пэўны час кардынал Казімір Свёнтак прызначыў ксяндза Леанарда пробашчам у Жлобiн. З гэтым горадам у мяне звязана шмат успамiнаў. Прыехаў я першы раз да вернiкаў, з якiмi дамовіўся сустрэцца на мясцовых могiлках. Але аказалася, што ў Жлобiне iснуе некалькi могілак. Пакуль я абышоў усе, мiнуў час сустрэчы. Тады я пайшоў у мiлiцыю, каб мне падказалі адрас, дзе збiраюцца каталiкi. Міліцыянер запрасiў мяне ў свой аўтамабіль i адвёз па пэўным адрасе, а гэта аказаўся дом яго цешчы.

Наступнымі святарамі ў Магілёве былі выхаванцы духоўнай семiнарыi ў Гродне. Ксёндз Юры Касабуцкi, дапаможны бiскуп у Мiнску, часта ўзгадвае час, калi быў неапрэзбiтарам і пробашч Уладзiслаў Блiн даручыў яму ўзначалiць лiтургію на Божае Нараджэнне, якую транслiравалi на ўсю краiну. Толькi Богу належыць хвала i пашана, таму я хацеў, каб была прыгожая лiтургiя, малады святар, якi цудоўна ўмее прапаведаваць, прафесійны аркестр, выдатны хор, і каб усе разам спявалi маленькаму Езусу.

Ксёндз Францiшак Рудзь прыехаў у Магiлёў дыяканам. Ён быў сумленным маладым чалавекам, заўсёды са шчырай усмешкай на твары, і нават тады, калi забыў праверыць узровень масла ў аўтамабілі i рухавік папсаваўся, ён захаваў добры настрой. Пазней ён стаў пробашчам у Чавусах, дзе арганiзаваў жыццё парафii i пабудаваў касцёл.

У 1993 г., на пачатку маёй працы ў Магiлёве, на ўрачыстасць Божага Цела ў нашу парафiю прыехаў з Рыма марыянін айцец Сяргей Гаек, апостальскi вiзiтатар для грэка-каталiкоў у Беларусi. У той час, калі па-за храмам праходзіла працэсія, ён у касцёле адслужыў грэка-каталіцкае набажэнства. Прыехаў, сустрэўся з вернiкамi, і пачала арганiзоўвацца супольнасць каталiкоў усходняга абраду пры Магiлёўскай архiкатэдры.

Папа Ян Павел II 25 лiпеня 1989 г. прызначыў ксяндза Тадэвуша Кандрусевiча першым бiскупам i апостальскiм адмiнiстратарам для каталiкоў Беларусi. Ужо ў 1991 г. Папа накіраваў яго ў Маскву, дзе ў выключна цяжкiх умовах ён закладаў падмурак касцёльнага i душпастырскага жыцця ў еўрапейскай частцы Расii. У 2002-2007 гг. ён быў арцыбiскупам мiтрапалiтам архiдыяцэзii Мацi Божай у Маскве, а пасля вярнуўся на Радзіму, у Беларусь.

Першым арцыбiскупам мiтрапалiтам Мiнска-Магiлёўскай архідыяцэзіі ў 1991 г. стаў 77-гадовы прэлат Казiмiр Свёнтак. На 80-ым годзе жыцця ён атрымаў кардынальскую годнасць. Нягледзячы на вялiкую адлегласць, ён кожны год на другi дзень святаў Божага Нараджэння i Вялiкадня прыязджаў у Магiлёў. 13 лiпеня 1996 г. кардынал Казiмiр Свёнтак рэкансэкраваў Магiлёўскую архiкатэдру, а 11-12 верасня 1998 г. узначаліў III Пленарную сесію Сiнода Касцёла ў Беларусi, якая прайшла ў Магілёве.

Першым апостальскiм нунцыем у Беларусi быў арцыбіскуп Габрыэль Мантальва. Другi – арцыбіскуп Агасціна Маркета – заклаў традыцыю наведваць Магiлёўскую архiкатэдру, каб разам малiцца ў Вiгiлiю Божага Нараджэння i ў Велікодны Трыдуум. Наступны нунцый, арцыбіскуп Дамiнiк Грушоўскi, не толькi захаваў гэтую традыцыю, а і наведваў нашу архiкатэдру з розных нагод, напрыклад, падчас фестывалю “Магутны Божа”. Чарговы нунцый арцыбiскуп Iван Юркавiч таксама працягваў гэтую традыцыю.

Цудоўнай і прыгожай справай было тое, што ўсе названыя нунцыi былi з намi, i яны праз сваю зацiкаўленасць паказвалi, што вера дае чалавеку шчасце тут, на зямлi. Вера вымагае ад нас актыўнай пазіцыі, служэння iншым. Дзясяткi сясцёр і братоў законных, святароў, сотнi семінарыстаў i свецкiх людзей, якiя на працягу тых дзесяці гадоў евангелiзавалi i самi ўзрасталi ў веры i ў ласцы Бога. Гэта не значыць, што яны нас падтрымлiвалi матэрыяльна, але разам з намі былi цудоўнымi сведкамi Евангелля. Мы радавалiся, што не самотныя, што хтосьцi пра нас памятае i моцна верыць у тое, што робiм.

 

***

Бiскуп Аляксандр Кашкевiч з руплiвасцю адраджаў рэлiгiйнае жыццё каталікоў Гродзенскай дыяцэзii. Дапамагаў яму ў гэтай справе бiскуп Антонi Дзям’янка, якi пасля выйсця на пенсiю кардынала Казiмiра Свёнтка стаў адмiнiстратарам Мiнска-Магiлёўскай архідыяцэзіі і за кароткi час арганiзаваў новыя парафii i iх душпастырства ў сталiцы – горадзе Мiнску. Казiмiр Вялiкаселец – дапаможны біскуп Пiнскай дыяцэзіі – арганiзаваў душпастырства ў двух абласных гарадах: Гомелi i Брэсце.

Хачу падкрэслiць тое, што было найважнейшым у арганiзацыi рэлiгiйнага жыцця ва ўсходняй Беларусi. Бог даў ласку веры вялiкай колькасцi людзей. I гэта яны арганізоўвалі супольнасці i рэлiгiйнае жыццё на сваiх тэрыторыях. Напрыклад, каталiчка Роза запрасiла мяне ў сваю мясцовасць Нiкалаева. Прыехалi па мяне за 80 кiламетраў, у Вiцебск, на аўтобусны вакзал на матацыкле з каляскай. Я жыў у яе сям’i на працягу тыдня. Удзяляў святыя сакрамэнты, цэлебраваў святую Імшу, праводзiў катэхетычныя заняткi, размовы да позняй ночы.

Часта вернiкi самi будавалi цi рамантавалi каплiцы, бо каталiцкiх святароў на ўсходзе Беларусi, якiя б там працавалi на пастаяннай аснове, увогуле не было да 1989 г. У Магiлёве менавіта самі вернiкi ў 1988 г. стварылi парафiю, зарэгiстравалi яе, адрамантавалi каплiцу на Польскiх могiлках. Першай старшынёй парафiяльнай рады была пажылая жанчына Бранiслава Юр’ева.

Калі ў 1990 г. я быў прызначаны пробашчам у Магiлёў, трэба было прайсцi перарэгiстрацыю парафiі. Мы выбралі старшынёй парафіяльнай рады Ганну Юрчанку, якая працавала ў абласным шпiталі рэанiматолагам, а яе намеснiцай – Рэгiну Харкевiч. Ад моманту адраджэння парафii i да сённяшняга дня арганiстам з’яўляецца Яўген Захараў. Рэлігійныя тэксты перакладаў з польскай мовы Аляксандр Вашчула. Валянцiна Сяброўская была адказная за арганiзацыю i паездкi шматлiкiх груп дзяцей на адпачынак у Польшчу. Рэгiна Фрыгiна вельмі смачна карміла ўсiх нас i шматлiкiх гасцей. А дырэктар рэстарана, Крысціна Масанская, арганiзоўвала абеды, калi адбывалiся вялiкiя ўрачыстасцi. Эдвард Кавалеўскi быў нашым мастаком, моцна ўключаным у парафіяльнае жыццё. У сувязi з вялiкай колькасцю культурных i рэлiгiйных мерапрыемстваў, якiя адбывалiся ў нашай парафii, з намі пастаянна супрацоўнiчаў электрык Анатоль Янчэўскi.

Аляксандр Аляксеенка, Жанэта Ялфiмава, Анатоль Шпiлькоў складалі арганiзацыйны камiтэт Мiжнароднага фестывалю духоўнай музыкi “Магутны Божа”. Гэтая ўрачыстасць была сапраўднай падзеяй у культурна-рэлiгiйным i экуменiчным жыццi Магiлёва. Вялiкiм аўтарытэтам i падтрымкай фестывалю быў вядомы музыказнаўца, дырыжор з Мiнска праф. Вiктар Роўда, якi на працягу многiх гадоў узначальваў конкурснае журы. Вядучай канцэртаў была Зiнаiда Бандарэнка – дыктар рэспублiканскага тэлебачання.

Фестываль “Магутны Божа” атрымаў благаслаўленне праваслаўнага мiтрапалiта Фiларэта. Неаднаразова праваслаўныя калектывы займалi прызавыя месцы. Удзельнiкамі фестывалю былі салiсты, арганiсты, парафiяльныя хоры, аматарскiя і прафесiйныя калектывы з усёй Беларусi, краiн былога СССР i іншых краiн свету. Гэтую падзею асвятлялi шматлiкiя сродкi масавай iнфармацыi: радыё, тэлебачанне, газеты, заўсёды прысутнiчалi прадстаўнiкi замежнай прэсы. Усе прагнулі духоўнасцi, веры i надзеi, якiя нараджалi сяброўства i братэрскую любоў.

 

***

Акрамя стварэння актыўнага духоўнага жыцця парафii, у Магiлёве праводзiлiся работы па рэстаўрацыi архiкатэдры. Галоўным архiтэктарам быў малады i вельмi руплiвы Уладзiмiр Папруга. Ён таксама займаўся аднаўленнем кармелiцкага манастыра. Рэнавацыяй фрэсак, адбудовай алтароў займалiся Фелiкс Янушкевiч i Алесь Пушкiн. Пакуль iшла рэстаўрацыя галоўнага алтара, святая Імша штодзённа адбывалася ў сакрыстыi. У хуткiм часе перайшлi ў касцёл. Спачатку малiлiся ў каплiцы святога Антонiя, пазней ужо ў галоўнай наве. Адначасова ў касцёле вялiся будаўнічыя работы, расчышчалiся фрэскi, якiя былi замаляваны алейнай фарбай брудна-зялёнага колеру. Такiм чынам, раніцай i ўвечары трэба было прыбiраць у храме, мыць падлогу. Гэтую працу ахвярна выконвала руплiвая каталiчка Кацярына Касцюкевiч, а часта дапамагала ёй жанчына, якую я сустрэў на чыгуначным вакзале, калi першы раз прыехаў у Магiлёў. Iрэна Шлякава, як прарочыца Ганна, увесь час была ў святынi.

Асабліва хачу падкрэслiць дапамогу i цяжкую працу маладой настаўнiцы Галiны Касцюкевiч. Яна выконвала абавязкі не толькі сакратаркі, а і пробашча. Парафiя была вельмi бедная, мы не мелi нiякай матэрыяльнай падтрымкi, таму я павінен быў шукаць дапамогі i часта выязджаў. Яна кожны дзень пасля заняткаў у школе прыбягала ў кляштар i клапацілася пра ўсё, а ў час маёй адсутнасці нават начавала ў касцёле. Такiх людзей, якiя вельмi актыўна ўключаліся ў жыццё парафii, было вельмi шмат. Не змагу пералiчыць іх усіх па iмёнах i прозвiшчах, але iх iмёны запiсаны ў Небе. Усiх iх моцна люблю, нашу ў сваiм сэрцы i ўзгадваю ў малітве.


На фота інтэр’ер адрамантаванай архікатэдры ў Магілёве

 

Бялынічы

Як развiваўся культ Мацi Божай Бялынiцкай? Цi мае шанс на адбудову i развiццё гэты санктуарый?

Культ Мацi Божай Бялынiцкай пашыраецца ўвесь час. Развiваецца паломніцкі рух. Людзi самi iдуць, iдуць i едуць кожны год на Бялынiцкi фэст.

Каля 30 гадоў таму ксёндз Караль Тамэцкi набыў у Бялынічах дом, звычайны драўляны, у якім зрабілі каплiцу. Ксёндз Раман Факсiнскi, пробашч катэдральнай парафii ў Магiлёве, таксама вельмi клапацiўся аб гэтым святым месцы. Біскуп Аляксандр Яшэўскi, дапаможны бiскуп Магiлёва i Магiлёўскай вобласцi, плануе пабудаваць тут новую святыню. А цяперашнi пробашч i кусташ, ксёндз Юзаф Сярпейка, стварае з людзьмi моцную парафiяльную супольнасць.

Памятаем, што Бог, якi прыйшоў на зямлю, не адмаўляе нiкому, хто да Яго звяртаецца. Бог прабачае. Ён прагне шчасця i збаўлення для кожнага чалавека.

У Бялынiчах таксама ёсць праваслаўная царква Мацi Божай Бялынiцкай. Веру, што Мацi Божая дапаможа нам адбудаваць еднасць хрысцiянства.

 

Прызначэнне на пасаду біскупа

Як Вы прынялі Ваша прызначэнне на пасаду біскупа?

Вялiкай падзеяй для Касцёла ў Беларусi было стварэнне Папам Янам Паўлам II Вiцебскай дыяцэзii, якое адбылося 13 кастрычнiка 1999 г. Першым бiскупам Вiцебскім Святы Айцец прызначыў мяне, пробашча Магiлёўскай парафii. Гэта для мяне было вялiкай нечаканасцю. На такую намiнацыю я не спадзяваўся i не чакаў яе. Я добра адчуваў сябе ў Магiлёве, быў патрэбны тут i яшчэ шмат чаго планаваў зрабіць. Аднак Святому Айцу нельга было адмовiць.

З вялiкiм даверам да Бога я прыняў прызначэнне на пасаду бiскупа для Вiцебскай дыяцэзіі. Касцёл святой Барбары, узнесены да годнасцi катэдры, быў месцам майго бiскупскага пасвячэння, якое адбылося ў Вiцебску 20 лiстапада 1999 г. Галоўным кансэкратарам быў кардынал Казiмiр Свёнтак, а дапаможнымi – апостальскі нунцый, арцыбіскуп Дамінiк Грушоўскi i бiскуп Гродзенскi Аляксандр Кашкевiч. На ўрачыстасцi прысутнiчалi бiскупы з Беларусi, Польшчы, Лiтвы, Латвii, Расii, Украiны, прадстаўнiкi Праваслаўнай Царквы разам з уладыкам архіепіскапам Дзімiтрыем.

Прысутнiчалi таксама прадстаўнiкi дзяржаўнай улады i паслы розных краін. Прыехалi вернiкi з розных куткоў Беларусi. У катэдры ўсiм не хапiла месца, людзi стаялi вакол храма. I хоць у той дзень ішоў снег і адчуваўся добры мароз, у нашых сэрцах была вясна i радасць з той прычыны, што Касцёл адраджаецца i развіваецца.

Быць бiскупам – гэта вялiкі гонар i вялiкая адказнасць. Мне тады прыпомнiлiся словы, якiя Езус сказаў Пятру: “Не бойся, адгэтуль будзеш лавіць людзей” (Лк 5,10). Пасля ўрачыстасцi, ноччу, з ксяндзом Адамам Дынакам мы вярнулiся ў Магiлёў, бо ў Вiцебску не было дзе начаваць. Пазней я выкупiў некалькi кватэр у шматпавярховым доме, якi яшчэ будаваўся. Там размясцілася першая курыя i жыллё, у якім я месціўся да канца маёй пастырскай паслугi.


На фота канцэлебрацыя св. Імшы з Папам Янам Паўлам ІІ (у Кастэль Гандольфа)

 

Віцебск. Станаўленне дыяцэзіі

Задуму, якую Вы рэалiзавалі, характарызавала вялiкая адвага i бескампрамiснасць, гэта быў рух супраць ветру. Як атрымалася зрабiць тое, што па-чалавечы было немагчыма?

Усё гэта было справай Святога Духа. Я імкнуўся не перашкаджаць Яму. Заўсёды жадаў толькi аднаго: даць чалавеку магчымасць быць шчаслiвым з Богам тут, на зямлi, i калiсьцi ў Небе. А гэта павiнен быць працэс навяртання і перамянення разам з Езусам. Ён дае патрэбныя дары i ласкi, а таксама дапамагае зразумець прыгажосць кожнай iстоты, створанай Богам. Асвечаныя Святым Духам, мы павiнны разам працаваць на карысць Божага Валадарства.

Вынiк абвяшчэння Евангелля залежыць ад Святога Духа i малiтвы, а не ад людскiх стратэгiй i амбiцый. Таму апекунамі Вiцебскай дыяцэзii мы выбралi Езуса Мiласэрнага, Дзеву Марыю-Мацi Касцёла, святую Барбару i святога Язафата, унiяцкага бiскупа i мучанiка, забiтага калiсьцi ў Вiцебску. У новай курыi зрабiлi каплiчку.

Генеральным вiкарыем Вiцебскай дыяцэзii быў прызначаны ксёндз прэлат Францiшак Кiсель. Ад першага дня майго кiравання я прыняў на працу юрыста: Генадзь Палазкоў клапацiўся аб прававых i належных адносінах памiж дзяржавай i маладой Вiцебскай дыяцэзiяй. Ксёндз прэлат Мiхал Юзвяк з Гнезна арганiзаваў працу курыi, бо я аб гэтым не меў нiякага паняцця, таму што нiколi не працаваў у курыi. Потым былi наступныя цудоўныя канцлеры. Ксёндз канонiк Пётр Сялкоўскi з Влацлаўскай дыяцэзii паспрыяў выданню першага даведніка Вiцебскай дыяцэзіі з нагоды пятай гадавiны яе ўтварэння. Ксёндз канонiк Крыштаф Вiтвiцкi выконваў абавязкi канцлера i адначасова клапацiўся аб клерыках з нашай дыяцэзii, якiя вучылiся ў семінарыі ў Гродне і ў семiнарыях Польшчы, Італii, Францыi. Ён апекаваў студэнтаў тэалогii, арганiзоўваў экуменічныя сустрэчы.

Мадэратар курыi, ксёндз прэлат Андрэй Шэўцiў, разам з братамі праваслаўнымі арганізаваў у Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М. Машэрава факультэт тэалогii, якi на той час добра выконваў сваё заданне. Прафесар Францiшак Сiўко, наш нязменны карэспандэнт, iнфармаваў каталiцкiя медыя аб усiх падзеях у жыцці Вiцебскай дыяцэзii. Ксёндз прэлат Мiраслаў Скачыляс з Влацлаўскай дыяцэзіі, які ў Вiцебскай дыяцэзіі быў эканомам, на працягу 10 гадоў цяжка працаваў, уздымаў з руiн старыя касцёлы, будаваў новыя святынi, новую катэдру і курыю. Свайму служэнню ён аддаваўся цалкам, прыкладаў шмат намаганняў, старанняў, каб арганiзаваць, даглядаць i развiваць гэту Божую гаспадарку. На самай справе гэта быў наш стыль жыцця. Не было часу на сядзенне ў курыi i кiраванне з-за стала. Усе ведалi, што калi камусьці патрэбна дапамога, мы прыедзем да іх. Мы ахвотна прыкладалі намаганнi ў супольнасцi i ў служэнні супольнасцi. Дзякуючы непасрэдным кантактам лягчэй зразумець патрэбы людзей, парафiян, законных сясцёр i святароў, якім было нялёгка працаваць у новай рэчаіснасці. Але нiхто не наракаў, усе з радасцю служылі людзям i грамадству.

На працу ў Вiцебскую курыю прыехалi сёстры бэтанкi i сёстры Езуса Мiласэрнага. Была цяжкая праца па арганізацыi работы курыi i пражывання ўсiх працаўнiкоў. Яны выканалi свае заданнi дасканала, а калi ўтварылася новая парафiя Святога Духа ў Вiцебску, сёстры Езуса Мiласэрнага адправіліся туды, бо былi там больш патрэбныя для душпастырства. Сёстры бэтанкi, у сваю чаргу, распачалi сваё служэнне на тэрыторыі парафii Езуса Мiласэрнага i заснавалi там свой дом.

Працаваць замест іх згадзiлiся Iрына i Вiталь Кульпекшы – маладыя энергiчныя людзi з вышэйшай адукацыяй. Яны ведалi замежныя мовы, вельмі патрэбныя для працы ў курыi. Шмат сяброў: ксёндз канонiк Андрэй Гарчыца з ЗША, ксёндз Эдмунд Друз з Германii i шмат iншых цудоўных людзей з Польшчы, Чэхii, Францыi, Аўстрыi, Італii, Бельгii, Галандыi, Англii, Аўстралii нiбыта прыехалi са мной з Магiлёва ў Вiцебск i распачалi новы этап супольнай працы ў новай рэчаiснасцi, у якой я апынуўся.

З першых дзён жыцця дыяцэзii мы арганiзавалi дыяцэзiяльны “Карытас”, бо Касцёл павiнен клапацiцца аб духоўным i матэрыяльным жыцці сваiх вернікаў, асаблiва хворых, самотных i бедных. Першым дырэктарам стала Эльвiра Мiснiк, каталiчка, якую я сустрэў у Віцебску шмат гадоў таму. Яна тады клапацiлася пра адраджэнне першай парафii святой Барбары ў Вiцебску i заўсёды перад вачыма мела тых, каму было найцяжэй. Такi чалавек iдэальна падыходзіў для кіравання “Карытасам”.

2 сакавiка 2001 г. ватыканская Кангрэгацыя па справах духавенства, адказваючы на маю просьбу, заснавала першую ў гiсторыi Касцёла ў Беларусi Вiцебскую катэдральную капiтулу, мэтай якой было правядзенне ў катэдральным касцёле ўрачыстых лiтургiчных цэлебрацый, а таксама выкананне заданняў, акрэсленых бiскупам, што спрыяюць развiццю Божага культу. Ксёндз прэлат Станiслаў Ляснёўскi, як прарок Ілля, можа быць прыкладам спалучэння малiтвы i адказнасцi за выкананне даручаных заданняў.


На фота новая катэдра Езуса Міласэрнага ў Віцебску

 

Першыя гады біскупскага служэння

У Магiлёве Вы кіравалі парафiяй, а ў Вiцебску – дыяцэзiяй, якую трэба было арганiзаваць з нуля. Наколькі я разумею, у гэтых месцах людзі з лёгкасцю адкрываліся рэлiгiйнаму жыццю. Ці сапраўды гэта так?

Большасць з 1,5 млн жыхароў Вiцебскай вобласцi да гэтага часу жыла так, нібыта Бога не існуе. Атэiзацыя знiшчыла не толькі Касцёл, але i чалавека. Касцёлы, рэлiгiйныя арганізацыі атрымлiвалi прававы статус пасля iх рэгiстрацыi ў адпаведных дзяржаўных установах. У той час сiтуацыя была адначасова і цяжкая, i цудоўная. Цяжкая, бо ўся дзейнасць распачыналася ад пачатку, а цудоўная, таму што нашы намаганні былі пазначаны любоўю і блізкасцю да iншага чалавека.

Вiцебская дыяцэзія, межы якой супадаюць з адмiнiстратыўна-тэрытарыяльнай адзiнкай – Вiцебскай вобласцю, была адасоблена ад Мiнска-Магiлёўскай архідыяцэзii. Раней традыцыi мясцовага Касцёла былi злучаны з каталiцкiмi бiскупствамi ў Вiльні i Смаленску. Разам з утварэннем Вiцебскай дыяцэзіі распачаўся новы этап каталiцкага жыцця на Вiцебшчыне. Годам пазней, 16 лiстапада 2000 г., у мiкрараёне “Поўдзень-6” у Вiцебску была створана i зарэгiстравана новая парафiя Езуса Мiласэрнага. Мы атрымалi таксама дазвол на пабудову часовай каплiчкi, і ўжо 3 снежня 2000 г., у першую нядзелю Адвэнта, у ёй цэлебравалася першая святая Iмша.

Гэта была заслуга ўсіх парафіянаў, асабліва першага старшыні парафіяльнай рады Уладзіміра Папяленкі.

У хуткiм часе ў Вiцебску ўзніклі наступныя новыя парафii: у цэнтры горада – парафiя Святога Духа, на поўначы, у будынку былога дома культуры – парафiя святога Антонiя Падуанскага. Пазней была зарэгiстравана парафiя Мацi Божай Нястомнай Дапамогi, а ва ўсходняй частцы горада была арганіавана парафiя святога Уладзiслава, у якой сёння працуюць айцы езуiты.

Я імкнуўся стварыць парафіяльную супольнасць у кожным раённым цэнтры. I так узніклi новыя парафii ва ўсходняй частцы дыяцэзii: у Расонах, Шумiлiне, Обалі, Гарадку, Лёзне, Бешанковiчах, Чашнiках, Новалукомлі, Сянно, Дуброўне. Раней была зарэгiстравана парафiя ў Талачыне, цяпер у ёй працуюць айцы палатыны. З гэтай супольнасцi заўсёды маю дзейнасць падтрымліваў ксёндз канонiк Андрэй Куроўскi, цудоўны чалавек з вялiкiм сэрцам. У Оршы працавалi айцы марыяне. Была арганiзавана таксама іншая парафiя, дзе пад кiраўнiцтвам ксяндза пробашча Валерыя Орсiка быў пабудаваны новы касцёл.

 

***

13 мая 2000 г. Вiцебская дыяцэзiя атрымала 5 першых маладых святароў. Сярод iх быў i мой пераемнiк – бiскуп Алег Буткевiч. Сёння ён працягвае добра клапацiцца аб развiццi дыяцэзii i заўсёды памятае пра свайго папярэднiка. Пасля прэзбітарскага пасвячэння на спартыўным стадыёне ў Шумiлiна, у 40 км ад Вiцебска, адбыўся Фестываль паклiканняў. Вернiкi разам з апостальскiм нунцыем i бiскупам ардынарыем праз рукі Марыі дзякавалi Богу за новых святароў.

Я ўсiм сэрцам прагнуў, каб ва ўсходняй частцы дыяцэзii таксама быў марыйны санктуарый. Праз Мацi Божую заўсёды лягчэй дайсцi да Езуса. Памятаю, што 13 мая 2000 г. я ўручыў старшынi шумілінскай парафii цудоўную фiгуру Мацi Божай Фацiмскай, якую мне перадала адна жанчына з Парыжа. Яна спецыяльна паляцела самалётам у Фацiму, каб менавiта з гэтага святога месца прывезцi i падараваць дакладную копiю фiгуры для месца ў Віцебскай дыяцэзii, дзе паўстане санктуарый нашай Мацi i Мацi Збаўцы.

Ксёндз доктар Адам Дынак служыў як вiкарый у Магiлёўскай катэдры. Пазней ён стаў сакратаром віцебскага ардынарыя, а праз нейкі час папрасiў перавесці яго на душпастырскую працу ў парафiю. У гэты час у Шумiлiна ўдалося набыць недабудаваны будынак клуба разам са спартыўнай залай i прыстасаваць iх да малiтвы i душпастырскай працы. Я заўсёды бачыў ксяндза Адама з ружанцам у руцэ, таму без сумневаў накіраваў яго ствараць марыйны санктуарый. Ксёндз Адам пачаў цэлебраваць набажэнствы да Мацi Божай Фацiмскай, на якія збiралiся натоўпы вернікаў. Праз гэтую малiтву людзi ўмацоўвалi сваю веру i прасілі патрэбных ласак для Касцёла, сваiх блiзкiх i для сябе.

Айцы Аблаты Беззаганнай Марыi ўзялi апеку над санктуарыем, а ксёндз Адам Дынак адправіўся ў Гарадок, каб абвяшчаць Евангелле там. Ён арганiзаваў жыццё парафii i пабудаваў касцёл. Пасля быў прызначаны пробашчам парафii Святога Духа ў Вiцебску. Ксяндзы салятыны скончылi там сваю працу, i 16 жнiўня 2002 г. пробашчам гэтай парафii быў прызначаны ксёндз Адам Дынак, дэкан Вiцебскага дэканата. Неўзабаве вялiзны пакiнуты барак ён перарабiў у каплiцу.

Памятнай падзеяй для вернiкаў i жыхароў Вiцебска была першая працэсiя па горадзе ва ўрачыстасць Божага Цела. Цяпер кожны год на гэта свята адбываецца ўрачыстая працэсiя з ваенным аркестрам, якая рухаецца вулiцамi горада ад катэдральнага касцёла да касцёла Святога Духа.

З 28 верасня 1996 г. у Беларусі адбываўся Сінод Каталіцкага Касцёла, які ахопліваў Мінска-Магілёўскую архідыяцэзію і Пінскую дыяцэзію, а з 25 лістапада 1999 г. – новую Віцебскую дыяцэзію, таму 14-15 чэрвеня 2000 г. у Віцебску адбылася апошняя, 8-я сесія Сінода. На ёй абмяркоўваліся сродкі масавай інфармацыі, новыя рэлігійныя рухі ў душпастырстве, абмяркоўвалася таксама экуменічная дзейнасць.

У парафіі, з якой я паходжу – Задарожжа, Глыбоцкага дэканата, 28 сакавіка 2002 г. я ўдзяліў сакрамэнт прэзбітарскага пасвячэння майму земляку, ксяндзу Вячаславу Пялінку з ордэна марыянаў. На цяперашні час ксёндз Вячаслаў рупліва прапаведуе Хрыста ў Брэсце, у Пінскай дыяцэзіі. Для мяне было вялікай радасцю, што Беларусь дала Касцёлу чарговага святара. Яго аптымізм і жыццярадаснасць прыцягвалі людзей да Бога. Яго таленты заўважылі кіраўнікі ордэна і накіравалі вучыцца ў Рым. Дзякуючы гэтаму ён сёння таксама з лёгкасцю перакладае нашы тэксты на італьянскую мову. Пасля вяртання ксёндз Вячаслаў працаваў у сакратарыяце апостальскай нунцыятуры ў Мінску. Нунцыем тады быў вельмі шанаваны ўсімі арцыбіскуп Клаўдыа Гуджэроці. У сваю чаргу нунцый арцыбіскуп Габар Пінтэр завяршыў пабудову новай нунцыятуры ў Мінску. Сёння Святы Пасад мае ў нашай сталіцы сваю афіцыйную сядзібу.

З нашай Віцебскай дыяцэзіі як сакратар нунцыятуры ў Аргенціне працуе ксёндз прэлат Аляксандр Рагіня, якога я калісьці адправіў вучыцца ў Рым. У той самы час я прасіў, каб у Рым паехаў ксёндз Аляксандр Амяльчэня, які сёння з’яўляецца кіраўніком Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё. Мы адчувалі вялікі недахоп святароў, але я заўсёды памятаў, што Касцёл павінен быць місійным.

Бог не пакідае нас у імкненні да збаўлення, дапамагае нам сваёй ласкай. Збаўляе. Усё, што адносіцца да чалавечага жыцця, належыць таксама да вымярэння веры і евангелізацыі. “Быць разам” з’яўляецца красамоўным знакам для свету, для якога падзеленае хрысціянства – скандал. Мы прызвычаіліся да сітуацыі падзелу ў хрысціянстве, і гэта, магчыма, адзін з нашых найбольшых грахоў. 


На фота працэсія Божага Цела на вуліцах Віцебска

 

Новыя ініцыятывы ў дыяцэзіі

Вы ад самага пачатку арганізоўвалі Віцебскую дыяцэзію. Што было галоўнай прагай у Вашым душпастырстве?

Абвяшчаць Евангелле ўсім – гэта ключ майго біскупскага служэння. Я заўсёды памятаў, што з’яўляюся вослікам, які вязе на сабе Езуса. “Гасанна” і пальмавыя галінкі – гэта для Бога, а не для асла. Усё на хвалу Божую.

Апостальская Сталіца зацвердзіла Літургічны каляндар для новай дыяцэзіі. Узнікла і пачала ісці на пастаяннай аснове тэлевізійная праграма “Шлях да Бога” для Віцебскай дыяцэзіі, вядучай якой была здольная і вельмі працавітая Аксана Шыдлоўская. Па радыё кожную нядзелю трансліравалася святая Імша. Штомесяц выдаваўся бюлетэнь “Навіны Віцебскай дыяцэзіі”. Таксама мы мелі ўласную дыяцэзіяльную газету “Каталіцкі веснік”. 26 чэрвеня 2005 г. у мястэчку Удзела каля Глыбокага ў нашым “Непакалянаве” мы арганізавалі І Міжнародны каталіцкі фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлевізійных праграм “Magnificat”.

Нашымі пастаяннымі душпастырскімі ініцыятывамі, акрамя ўдзелу ў хрысціянскіх фестывалях, былі “канікулы з Богам” для сем’яў, моладзі і дзяцей, паломніцтвы ў святыя месцы, сустрэчы на тэму паклікання, сістэматычныя фармацыйныя сустрэчы для моладзі, універсітэцкае душпастырства.

Значнай падзеяй для ўсёй вобласці, а асабліва для Віцебска, стала арганізацыя сіламі каталіцкай супольнасці рэгіёна Дзён хрысціянскай культуры. Уся гэтая рэлігійная дзейнасць паспрыяла мабілізацыі каталікоў Віцебскай дыяцэзіі. Вельмі ажывілася сакраментальнае жыццё вернікаў. У той час хутка развіваліся касцёльныя рухі і супольнасці (рух Святло-Жыццё, Жывы Ружанец, Легіён Марыі, групы міністрантаў, Хатні Касцёл). У дыяцэзіі развіваўся рух Духоўнага ўсынаўлення зачатага дзіцяці. У парафіях узнікалі тэатральныя групы. Кожны год у Віцебскім педагагічным універсітэце дыяцэзія арганізоўвала тэатральны конкурс пад назвай “Батлейка”. У перыяд Божага Нараджэння ў Міёрах мы арганізоўвалі конкурс калядных спеваў “Віфлеемская зорка”. Гэта падштурхнула да стварэння ў многіх парафіях дзіцячых харавых суполак і касцёльных хораў. У парафіях існавалі таксама калектывы народнага мастацтва.

Не магу не прыгадаць першы катэдральны хор “Гасанна” ў парафіі святой Барбары, які арганізавала Таццяна Дарафеева. Яна таксама была кіраўніком штомесячных літаратурна-музычных сустрэч з пачастункам для моладзі ў памяшканнях “Карытаса”.


На фота група моладзі з біскупам Уладзіславам пасля бежмавання (перад касцёлам у Паставах)

 

Споўненая мара - евангелізацыя ўсходняй часткі Беларусі

Я чула ад аднаго святара, што біскуп Віцебскі не цярпеў ляноты?

Я заўсёды прымаю чалавека такім, які ён ёсць. Я свята перакананы, што павінен патрабаваць ад сябе, а іншых заахвочваць да працы сваім прыкладам. Святар, які не хоча ці не можа абвяшчаць Евангелле, павінен ісці на пенсію. Мы не можам перашкаджаць дзейнічаць Святому Духу: Ён падтрымлівае нас сваёй ласкай і пасылае туды, дзе мы павінны быць. Прыкладам тут можа быць ксёндз Лешэк Вітвіцкі, сальватарыянін, які, можна сказаць, залатымі літарамі запісаны ў гісторыі нашай дыяцэзіі як святар і душпастыр. Спачатку ён арганізаваў парафію ў Мяжанах, потым у Ахрэмаўцах, Замошшы і Урбанах. Цудоўна аднавіў святыню ў Браславе і падрыхтаваў усё да каранацыйных урачыстасцяў. Адначасова ён клапаціўся аб парафіяльным душпастырстве ў Браславе. Нават арганізоўваў безалкагольныя дыскатэкі і асабіста праводзіў курсы класічнага танца.

Ужо ў 1999 г. я прызначыў браслаўскі касцёл, пад тытулам Нараджэння Маці Божай, марыйным санктуарыем Маці Божай Валадаркі Азёраў у новаўтворанай Віцебскай дыяцэзіі. 22 жніўня 2009 г. цудадзейны абраз Маці Божай з Дзіцяткам быў каранаваны кардыналам Ёахімам Майснерам, мітрапалітам Кёльнскім, папскімі каронамі, якія благаславіў Бенедыкт XVI. Гэта была незвычайная падзея для ўсяго Касцёла ў Беларусі, якая паказвала нам збавіцельную моц Бога праз заступніцтва Багародзіцы.

Кожны з нас добра ведае, што ў нас не будзе іншай планеты, акрамя той, на якой мы жывём і якую перададзім наступным пакаленням. Таму шматлікія парафіі разам са сваімі душпастырамі клапоцяцца на сваёй тэрыторыі аб навакольным асяроддзі. Прыкладам для іншых тут можа быць айцец Часлаў Курэчка, марыянін. Ён працаваў у невялікім горадзе Оршы. Пляцоўку вакол касцёла ўпрыгожыў мноствам кветак, каляровымі фантанамі. Людзі з усяго горада прыходзілі туды адпачываць, усе маладажоны хацелі зрабіць тут вясельныя фотаздымкі, мамы з малымі дзецьмі цешыліся ў гэтым кавалачку раю. Усе захапляліся прыгажосцю прыроды. У наступнай парафіі, у Росіцы, дзе зараз працуе ксёндз Часлаў, ён зрабіў цудоўны дэндралагічны парк. Садзіць новыя дрэвы – гэта важныя ўчынкі ў жыцці чалавека. Менавіта дрэвы даюць кісларод, вельмі неабходны ўсім нам. Гэта наш абавязак, мы павінны дапамагаць Зямлі.

10 кастрычніка 2009 г. у Віцебску апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч кансэкраваў новую святыню, якая пазней стала катэдрай Езуса Міласэрнага. У той дзень была цудоўная малітоўная атмасфера, якая падарыла нам незабыўны досвед веры. Усе ўбачылі, што праз 10 гадоў пасля заснавання Віцебскай дыяцэзіі Каталіцкі Касцёл у Беларусі квітнее. Ён малады і поўны запалу ў абвяшчэнні Евангелля. 18 ліпеня 2011 г. кардынал Рабэр Сара з Ватыкана абвясціў святыню Езуса Міласэрнага новай катэдрай Віцебскай дыяцэзіі. Гэтая падзея стала пачаткам чарговага этапу жыцця маладой дыяцэзіі. Евангелізацыя ўсходняй часткі Беларусі – гэта споўненая мара, якую я з дзяцінства меў у сэрцы.

Дзякую Богу, Касцёлу і Святому Айцу Яну Паўлу II за дар новай дыяцэзіі. Дзякую ўсім святарам, сёстрам і братам законным, а таксама ўсім вернікам, якія ствараюць дыяцэзіяльную супольнасць. Асабліва дзякую ўсім дабрадзеям нашай дыяцэзіі, якія дапамагалі нам малітвай і сваёй ахвярнасцю. Кожны і кожная з вас заслугоўвае таго, каб быць названым па імені. Пра кожнага з вас можна расказаць цудоўную гісторыю малітвы і працы ў новай Віцебскай дыяцэзіі. Хоць гэта немагчыма зрабіць фізічна, але вашы імёны залатымі літарамі запісаныя ў Небе. Няхай святы мучанік арцыбіскуп Язафат Кунцэвіч – апякун дыяцэзіі – выпрасіць для ўсіх шматлікія ласкі ў Хрыста, Які з’яўляецца Крыніцай і Даўцам усялякага дабра.

Вельмі вас люблю. Убачымся ў доме Айца.


На фота грэка-каталікі на ўрачыстасці каранавання цудадзейнага абраза Маці Божай Уладаркі Азёраў (Браслаў)

 

Слова да маладых святароў

Якія словы Вы хацелі б сёння адрасаваць маладым святарам, якiя распачынаюць працу i прагнуць дайсцi да кожнага чалавека?

Бог выбірае паводле сваіх планаў, часта насуперак людской логіцы, бо ведае сэрца чалавека. Я маю шмат недасканаласцяў, ведаю прыкрую праўду аб самім сабе, але не перастаю маліцца. Бог справіўся з маімі слабасцямі і кожны дзень дае адчуванне Ягонай вялікай любові да мяне. Памятаю, што Езус уваходзіў да Апосталаў праз зачыненыя дзверы са словамі: “Спакой вам!”. Нічога не казаў пра тое, як яны паводзілі сябе перад гэтым, не ацэньваў, не крытыкаваў, нават не павучаў. Першым знакам прысутнасці Бога ёсць духоўны спакой у сэрцы. Створаныя, адкупленыя і асвечаныя, нягледзячы на грэшнасць і цёмныя бакі нашага жыцця, мы ўваходзім у адносіны з Богам. “Калі хочаш, можаш ачысціць мяне”, – прасіў пракажоны, а Езус, прасякнуты міласэрнасцю, казаў: “Хачу, будзь ачышчаны” (Мк 1, 40).

Ты таксама, калі хочаш, можаш дапамагчы іншым. Ты – такі, які ёсць, але менавіта цябе выбраў Бог. Нават у найцяжэйшыя хвіліны ты не можаш забыць, што быў выбраны і пасланы. Даверся і павер, што ў Божых планах ты павінен прайсці менавіта гэты шлях. Менавіта ты можаш заўсёды быць з тымі, хто слабы, хворы душой і целам.

Твая выключнасць запаліць сэрцы многіх людзей. Будзеш, як ураган, які змятае ўсе ўстаноўленыя дагэтуль правілы. Каля цябе людзі будуць станавіцца лепшымі. Яны таксама захочуць дапамагаць разам з табой. Заўсёды памятай, што трэба быць пакорным і цярплівым. Змагайся са штодзённасцю, але ніколі не наракай. Прымай жыццё з удзячнасцю да Бога і людзей, якія акаляюць цябе. Бог выбраў цябе і адарыў сваёй ласкай. За табой заўсёды стаіць Езус. Тваё сведчанне праз словы і жыццё – гэта справа Святога Духа. Шмат людзей моляцца за цябе, таму ты не самотны.


На фота калядная батлейка (Гарадок)

 

Пра Касцёл на Беларусі

Маючы такі вялікі досвед, як Вы, Ксёндз Біскуп, бачыце далейшае развіццё Касцёла ў Беларусі?

Касцёл у Беларусі з’яўляецца часткай Паўсюднага Касцёла. Касцёл ёсць! Касцёл жыве! Касцёл будзе развівацца!

Касцёл не наш, а Хрыста. Не будзем баяцца наблізіцца да Збаўцы. Уваскрослы Езус заўсёды побач з намі, каб мы зноў маглі пачынаць спачатку. Усе мы ў адным чоўне, усе маем аднолькавыя клопат і страхі, і ніхто не можа збавіцца сам, адзін. Каб сапраўды развівацца, мы павінны быць разам, дзелячыся тым, што маем. Часта людзі гавораць: “Маеце ў Касцёле закон, але не маеце любові і прабачэння”. Таму нам патрэбна ачышчэнне не толькі структур Касцёла, але таксама і нашай веры. Вера – гэта не ўскладанне надзеі на людзей, але давер да самога Бога. Мы памятаем, што сэнсам і заданнем Касцёла з’яўляецца толькі абвяшчэнне Евангелля. У будучыні хрысціянства будзе шматкаляровым і разнастайным. Касцёл, паўстаўшы сілай Святога Духа, павінен з разнастайнасці стварыць гармонію. Езус дапамагае нам ласкай у нашым імкненні да збаўлення згодна са сваёй задумай любові, якая не чакае нічога наўзамен. Езус прагне збаўлення ўсіх людзей.

Таму Ён дае нам заданне: усяму свету абвяшчайце Евангелле (пар. Мк 16, 15). “Ніводзін чалавек, які верыць у Хрыста, ніводная структура Касцёла не можа ўхіліцца ад гэтага найважнейшага абавязку абвяшчэння Хрыста ўсім людзям”, – казаў Ян Павел II.

Жыхары Магілёўшчыны ці Гомельшчыны – гэта нашыя браты і сёстры, якія патрабуюць нашай падтрымкі. Мы павінны ісці і абвяшчаць Евангелле кожнаму стварэнню, убачыць спакутаваныя і сумныя твары людзей без Бога. І тады наша сэрца скажа: “Мы не можам маўчаць пра тое, што бачылі і чулі” (Дз 4, 20).

Гэта прычына, з якой неабходна аднавіць Магілёўскую мітраполію ва ўсходняй частцы Беларусі, што была заснавана 21 снежня 1783 г. як архідыяцэзія, а ў 1789 г. стала мітраполіяй. Калісьці яна ўратавала езуітаў у цяжкі перыяд іх гісторыі. Цяпер Папа Францішак – езуіт – мог бы аднавіць і ўратаваць Магілёўскую мітраполію, у склад якой маглі б увайсці Віцебская і новая Гомельская дыяцэзіі. На гэтай тэрыторыі тым ці іншым чынам сустракаюцца ўсходнія і заходнія духоўныя традыцыі.

“Нам не застаецца нічога іншага, як мець адвагу, надзею, і з гэтай адвагай і надзеяй мацней адчуць малітву Езуса і ісці наперад” (Папа Францішак, катэхеза падчас агульнай аўдыенцыі 16 мая 2021 г.).

На працягу апошніх 30 гадоў у Беларусі глыбока змянілася грамадская сітуацыя, і трэба адаптаваць да яе дзейнасць Касцёла. Трэба распрацаваць новыя метады душпастырства, якія прывядуць людзей да Бога. Адзіным полем працы Касцёла павінна быць сумленне. У цэнтры хрысціянскай маралі часта знаходзіцца грэх, які павінен быць асуджаны, але мы павінны паставіць у цэнтр нашага прапаведавання Божую ласку, якая аздараўляе і дапамагае нам выбіраць дабро і жыць верай.

Папа Францішак вучыць: “У Пасланні да Галатаў святы Павел запрашае таксама і нас паразважаць: як жывём верай? Ці застаецца любоў укрыжаванага і ўваскрослага Хрыста ў цэнтры нашага штодзённага жыцця як крыніца збаўлення або мы задавальняемся нейкай фармальнай рэлігійнасцю, каб трымаць у парадку сумленне? Ці прывязаны мы да каштоўнага скарбу, прыгажосці навізны Хрыста або аддаём перавагу нечаму, што на момант прываблівае нас, а потым пакідае ўнутры пустату? Эфемернае часта стукае ў дзверы нашай штодзённасці, але з’яўляецца ўсяго толькі сумнай ілюзіяй, якая падштурхоўвае нас да ўпадання ў павярхоўнасць і перашкаджае распазнаваць тое, дзеля чаго жыць па-сапраўднаму варта...

На працягу гісторыі, таксама і ў нашыя дні, заўсёды паўтараецца тое, што адбылося з галатамі. Таксама і сёння некаторыя прыходзяць і ўносяць разгубленасць сярод вернікаў, кажучы: “Святасць – у выкананні прадпісанняў, вы павінны рабіць так і гэтак”, і прапануюць закамянелую рэлігійнасць, якая пазбаўляе свабоды Духа, падараванай нам праз Хрыстовае адкупленне. Будзьце пільнымі перад абліччам закамянеласці, якую вам прапануюць, бо за кожнай суровасцю хаваецца нешта кепскае, няма Святога Духа. І таму гэта пасланне дапаможа нам не слухаць крыху фундаменталісцкія прапановы, якія вяртаюць нас назад у духоўным жыцці, і дапаможа ісці наперад у велікодным пакліканні Езуса” (Катэхеза падчас агульнай аўдыенцыі, 1 верасня 2021 г.).

Ці яшчэ: “Мы патрабуем абноўленага абвяшчэння Евангелля, новага грамадскага і рэлігійнага братэрства, надзеі, якую трэба будаваць дзень за днём, каб глядзець у будучыню з радасцю. Сёння найцудоўнейшым і найважнейшым заданнем Касцёла з’яўляецца абвяшчэнне Добрай Навіны, якую прынёс Хрыстус” (Папа Францішак, зварот да біскупаў Венгрыі, 12 верасня 2021 г., Будапешт).

 

***

“Пайдзi i паглядзi” (Ян 1, 46) – мы павінны пайсці і ўбачыць, быць побач з людзьмі, слухаць, размаўляць.

“Каб пазнаць, трэба сустракацца; дазволіць, каб той, хто стаіць перада мной, распавядаў мне; дазволіць, каб яго сведчанне дасягнула мяне” (Папа Францішак, пасланне на 55-ы Сусветны дзень масавай камунікацыі 2021 г.).

“Дазволім Езусу Хрысту збавіць і аздаравіць тое, што носім у сабе, адкрыць нас да абмену дарамі з іншымі, вылечыць нас ад нашай закамянеласці і ізаляванасці. Вызвалімся ад паралізуючай няволі, якой з’яўляецца абарона нашага знешняга вобразу і дазволім Яму натхніць нас, каб пайшлі за Ім туды, куды Ён хоча прывесці нас, а не туды, куда хочам мы” (Папа Францішак, гамілія на закрыццё 52-га Міжнароднага эўхарыстычнага кангрэса, 12 верасня 2021 г., Будапешт).

Мытніку Левію Езус казаў пра навізну Божага Евангелля (пар. Лк 5, 36). Навізна, якую перажываў Левій, паходзіла выключна з яго адносін з Езусам. Абсалютная навізна глыбока закранае наша разуменне саміх сябе, нашых адносін з іншымі і правіл паводзінаў. Часта людзі баяцца гэтай навізны. “Вы парушаеце Божае слова вашай традыцыяй, якую перадалі. І робіце шмат чаго падобнага да гэтага” (Мк 7, 13).

Гавораць: “Старое – лепшае”. Лепшае, бо вядомае і бяспечнае. Лепшае, бо не вымагае навяртання і перамянення? Ці не так?

Папа Францішак заахвочвае нас адкрыцца навізне Евангелля, якое дае свабоду:

“Касцёл павінен быць пакорным, як Езус. Не бойцеся фарміраваць у людзей сталыя і свабодныя адносіны з Богам. Няхай абвяшчэнне Евангелля нясе вызваленне, а не прыгнёт. Няхай Касцёл будзе знакам свабоды і прыняцця. Няхай Касцёл будзе супольнасцю, якая, абвяшчаючы Евангелле любові, дапамагае расквітнець адзінству, сяброўству і дыялогу паміж вернікамі, паміж рознымі хрысціянскімі канфесіямі і паміж народамі. Жадаю вам працягваць ваш шлях у свабодзе Евангелля, у ініцыятывах веры і дыялогу, якія вынікаюць з міласэрнасці Бога, што ўчыніў нас братамі і сёстрамі і заклікае нас быць будаўнікамі спакою і згоды” (Папа Францішак, прамова да славацкага духавенства, 12 верасня 2021 г., Браціслава).

Езус сказаў: “Дастаткова будзе табе маёй ласкі. Бо моц у слабасці дасканаліцца” (2 Кар 12, 9). Цяжка абвяшчаць любоў Бога, не адкрываючы слухачу таго, кім з’яўляюся я і ад чаго Езус вызваліў мяне. Цяжка абвяшчаць перамогу Хрыста над чалавечым грахом, не ўказваючы, колькі грахоў Добры Бог прабачыў мне самому.

Ён з’яўляецца антыбіётыкам для людзей, бо прыносіць прабачэнне. Перамагае толькі той, хто любіць – той, хто хоць і быў павалены і затаптаны, але любіць, а не той, хто топча ў нянавісці. Хто ненавідзіць – прайграў усё. Ужо сёння перамог той, хто, хоць ляжаў на зямлі растаптаны, працягвае любіць і прабачаць. Нянавісць можна лячыць толькі любоўю.

Абвяшчэнне Евангелля без любові нічога не вартае. Ініцыятыва заўсёды належыць Богу: Ён не чакае, пакуль чалавек прыйдзе да Яго – выходзіць сам. Бог сышоў на зямлю, стаўшы чалавекам. Ці маю любоў да людзей, да якіх я павінен ісці? Калі так, магу абвяшчаць Евангелле ім.

“Сёння Касцёл пакліканы выйсці на дарогі экзістэнцыяльных перыферый, каб агарнуць клопатам параненых і шукаць згубленых, без забабонаў і страху, без празелітызму, але з гатоўнасцю зрабіць больш шырокім свой шацёр, каб прыняць усіх” (Папа Францішак, пасланне на Сусветны дзень мігранта і бежанца, 2021 г.).

Як жыць усім разам у падзеленым свеце? Як знайсці сэнс і суцяшэнне ў цяжкія моманты? Эмпатычнае ўзаемаразуменне, павага і любоў вельмі важныя. Папа Францішак часта падкрэслівае, што блізкасць, клопат і салідарнасць – гэта фундаментальныя чалавечыя і хрысціянскія каштоўнасці. Бог не мае іншага аблічча, акрамя аблічча міласэрнасці і любові. Трэба зноў па-сапраўднаму вярнуцца да асабістых адносін з Богам і бліжнім.

Мы павінны быць цярплівымі да сябе і з даверам чакаць часоў і спосабаў дзеяння Бога. Цярпліва адносіцца адзін да аднаго – значыць узяць на свае плечы цяжар жыцця брата ці сястры, у тым ліку іх слабасці і недасканаласці. Не наракаць. Мы павінны ісці і адкрываць новыя шляхі. Убачыць святло збаўлення і несці яго ўсяму свету.

Братэрства і надзея – гэта тыя лекі, якіх сёння патрабуе свет так сама, як прышчэпак. Без эсхаталагічнай перспектывы, без Бога чалавецтва не выжыве. “Позірк Езуса не затрымліваецца на ранах і памылках мінулага, але ўздымаецца над грахамі і недаверам. Езус глядзіць на іх, каб аздаравіць іх. Толькі любоў аздараўляе жыццё” (Папа Францішак перад малітвай “Анёл Панскі”, 27 чэрвеня 2021 г.).

Евангелле сведчыць аб нястомным пошуку Езусам людзей адчужаных. Вера нараджаецца заўсёды, калі людзі адчуваюць, што іх належна цэняць.

“У чалавечым сэрцы ёсць прыроджанае жаданне Бога, але яго спрабуе пагасіць лёгкая, але ўдушлівая дыктатура спажывальніцтва. Адной з прычын такой сітуацыі з’яўляецца страта смаку бескарыслівасці. Выйсцем з праблемы заўсёды ёсць бескарыслівы дар. Трэба разам глядзець у будучыню, а не перагортваць мінулае.

Аднавіць Касцёл на тым, што найважнейшае, на Добрай Навіне, на блізкасці і на сведчанні. Мы пакліканы Богам да працы, каб Яго дом станавіўся усё больш і больш гасцінным, каб усе маглі ўвайсці ў яго і жыць у ім, каб Касцёл меў дзверы, расчыненыя для ўсіх, і каб ніхто не паддаўся спакусе засяроджанасці выключна на яго абароне і змене замкоў. Божая любоў, міласэрная і ўсёахопная – адвечная навіна Евангелля, і яна вымагае ад нас, дарагія браты, мудрых і адважных рашэнняў, прынятых у імя моцнай любові і пяшчоты, праз якія нас збавіў Хрыстус” (Папа Францішак, пасланне да ўдзельнікаў пленарнай сесіі Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (CCEE), 23 верасня 2021 г.).


На фота Пальмовая нядзеля ў Шаркаўшчыне

 

Жанчыны ў Касцёле 

Якую ролю адыгрываюць жанчыны ў Касцёле?

“Стварыў Бог чалавека на вобраз свой, на вобраз Божы стварыў яго, мужчынам і жанчынай стварыў іх” (Быц 1, 27). Яны былі створаны адначасова і таму з’яўляюцца роўнымі паміж сабой.

Быць хрысціянінам – не значыць быць дасканалым ці быць лідарам, каб прыцягваць іншых. Быць хрысціянінам – значыць быць слугой, каб іншыя ішлі за Хрыстом. Хрысціянства – гэта шлях, якім трэба ісці, шлях любові і дапамогі іншым, каб дапамагаць ім быць шчаслівымі.

Гісторыя Езуса пачынаецца з жанчыны, якая размаўляла з Анёлам, Божым пасланнікам. Першая гамілія ў Евангеллі адбылася, калі Марыя пайшла адведаць Альжбету: “Магніфікат”. На працягу ўсяго свайго зямнога жыцця Езус размаўляў, сустракаўся і дапамагаў жанчынам у іх цяжкасцях. Гэта яны ішлі за Езусам і клапаціліся пра апосталаў у перыяд зямнога жыцця Настаўніка. Пад крыжам Езуса знаходзіліся жанчыны і толькі адзін мужчына. Першы чалавек, які сустрэў Езуса Хрыста пасля Уваскрэсення, – Марыя Магдалена. Толькі потым да магілы прыбеглі апосталы.

“Няма ўжо ні юдэя, ні грэка; няма ні раба, ні свабоднага; няма ні мужчыны, ні жанчыны, бо ўсе вы адно ў Хрысце Езусе. Калі ж вы Хрыстовыя, то вы патомства Абрагама і, паводле абяцання, спадкаемцы” (Гал 3, 28-29).

Нельга выключаць жанчын са служэння ў Касцёле, але трэба залучаць іх у душпастырскую дзейнасць у адпаведнасці з патрэбамі. Роля жанчын у Касцёле ўзрастае, у тым ліку і ў Ватыкане, дзе жанчынам даручаны адказныя заданні.

Насамрэч, гэта не жанчыны павінны пачаць гаварыць, а Касцёл, і асабліва яго кіраўнікі, павінны пачаць слухаць жанчын.


На фота сустрэча са студэнтамі з Індыі (Віцебск)

 

Пра місіянерства, еднасць хрысціян, сям'ю і цэлібат

Што Вы можаце сказаць пра місіянерства, еднасць хрысціян, сям’ю і цэлібат?

На гэтае пытанне я паспрабую адказаць словамі Бібліі і Папы Францішка:

“У асяроддзі ўсходняй хрысціянскай традыцыі, у якой жывяце, важна працягваць ісці разам з усімі братамі і сёстрамі ў Хрысце, нястомна прасіць дапамогі ў Бога, каб паглыбіць узаемнае знаёмства і крок за крокам ісці па шляху адзінства. Молячыся за ўсіх і служачы тым, з кім нас аб’ядноўвае сама прыналежнасць да чалавецтва, якое Езус непарыўна злучыў з сабой, мы асэнсоўваем сябе братамі і сёстрамі ў супольным паломніцтве да мэты адзінства, якую Бог указвае нам у кожнай цэлебрацыі Эўхарыстыі” (Папа Францішак, пасланне да расійскіх каталікоў, 16 верасня 2021 г.).

Некалькімі месяцамі раней Папа Францішак навучаў: “Корань адзінства знаходзіцца ў любові Хрыста, якая дапамагае нам пераадолець забабоны і ўбачыць у іншым брата і сястру, якіх мы павінны любіць заўсёды. Тады мы ўбачым, што хрысціяне іншых канфесій, з іх традыцыямі, іх гісторыяй, Божымі дарамі, з’яўляюцца дарам на тэрыторыях нашых дыяцэзіяльных і парафіяльных супольнасцей. Пачнём жа маліцца за іх і, калі магчыма, разам з імі. Так мы навучымся любіць і цаніць іх” (Катэхеза падчас агульнай аўдыенцыі, 20 студзеня 2021 г.).

“Апошнія будуць першымі, а першыя – апошнімі” (Мц 20, 16). У сям’і гэтае правіла не выклікае супраціўлення. Супрацьлеглым “злому воку” з’яўляецца “прасветленае вока” (пар. Эф 1, 18).

Калі пачынаю глядзець сэрцам, то бачу ў іншых людзях маіх сясцёр і братоў, а не канкурэнтаў. Недастаткова падкрэсліваць каштоўнасць і значэнне дактрыны, калі не станем ахоўнікамі прыгажосці сям’і і не пачнём спачуваць яе слабасці і ранам.

 

Каталіцкі Касцёл (які ўключае шмат літургічных традыцый: каталікоў лацінскага абраду, грэка-каталікоў, армяна-каталікоў і іншых) сцвярджае і абараняе непарыўнасць шлюбу. Вернасць мужа і жонкі – гэта надзвычайны прыклад любові да бліжняга. Папа Францішак спагадліва ставіцца да ўсіх, уключаючы тых, хто не здолеў знайсці згоду ў шлюбных адносінах. У Апостальскай адгартацыі “Amoris laetitia” ён піша пра сямейную радасць, але заўважае таксама і балючыя сітуацыі, і гэта з’яўляецца душпастырскім наватарствам. Караценька ў завяршэнні (з заўвагай, дададзенай унізе старонкі) ён піша: “Пасля распазнавання можа ўдзельнічаць у прыняцці сакрамэнтаў”. Цытаты вельмі доўгія, каб прывесці іх цалкам, таму раю самастойна прачытаць восьмы раздзел “Amoris laetitia”.

Святы Ян ад Крыжа казаў, што калі мы жадаем абараніцца ад духоўнай, рэлігійнай пыхі, мы павінны памятаць, што там, “дзе пакліканне да шлюбу, да цэлібату ці да дзявоцтва не становіцца прынясеннем сябе ў дар, спыняючыся толькі на логіцы ахвяры, тады, замест таго, каб стаць знакам прыгажосці і радасці, яно можа выражаць няшчасце, смутак, разгубленасць”. Нішто так не раніць, як любоў, якую пераблыталі з эгаізмам. Любоў – неабходная ўмова як для шлюбу, так і для цэлібату.

Папа Францішак спрабуе дапамагчы людзям у іх складаных жыццёвых сітуацыях. Вельмі карысна прыслухацца да таго, што ён казаў, каментуючы Пасланне святога Паўла да Галатаў:

“Вера мае для апостала ўсёабдымнае значэнне. Яна тычыцца кожнага моманту і кожнага аспекту жыцця верніка: ад хросту да адыходу з гэтага свету – усё прасякнута верай у смерць і ўваскрэсенне Езуса, які дорыць збаўленне. Апраўданне праз веру падкрэслівае прыярытэт ласкі, якую Бог, не робячы адрозненняў, дорыць тым, хто верыць у Яго Сына. Таксама для нашага духоўнага жыцця вельмі важна захоўваць запаведзі, але і ў гэтым мы не можам разлічваць толькі на нашы сілы: фундаментальная толькі Божая ласка, якую атрымліваем ад Хрыста. Ад Яго мы атрымліваем тую бескарыслівую любоў, якая, у сваю чаргу, дазваляе нам любіць канкрэтным чынам” (Папа Францішак, катэхеза падчас агульнай аўдыенцыі, 29 верасня 2021 г.).

Не будзем ігнараваць і іншай пастырскай думкі, якую Папа Францішак выказаў падчас прэс-канферэнцыі ў самалёце, калі вяртаўся са Славакіі ў 2021 г.:

“Шлюб – гэта сакрамэнт, а Касцёл не мае паўнамоцтваў змяняць прыроду сакрамэнтаў, устаноўленых Богам. Існуюць законы [дзяржаўныя], мэта якіх – дапамагчы многім людзям з іншай сексуальнай арыентацыяй. Важна адзначыць, што ў дзяржаў ёсць магчымасць падтрымаць іх з грамадзянскага пункту гледжання, даць ім стабільнасць у тым, што тычыцца спадчыны, аховы здароўя. Гэта не значыць, што іх трэба асуджаць – яны нашы браты і сёстры, мы павінны іх суправаджаць”.

Гэта значыць, што мы павінны з павагай ставіцца да гомасексуальных людзей, таму што Бог любіць іх: “Адзін Бог і Айцец усіх, які над усімі і праз усіх, і ва ўсіх” (Еф 4, 6).

Мы робім такую ж памылку, як апосталы ў чоўне з Езусам падчас буры – мы забываем, што не застаёмся самі, у адзіноце падчас складанай сітуацыі. Галоўны заклік – захоўваць веру ў сапраўднасць Уцелаўлення, паказаць прысутнасць Хрыста ў цяперашні час у нашай гісторыі: “Я з вамі ва ўсе дні, аж да сканчэння веку” (Мц 28, 20). Мы павінны дапамагчы распазнаць Езуса ў мізэрнасці і беднасці Яго Касцёла, а таксама ў беднасці і мізэрнасці кожнага з нас.

Мы лічылі, што сям’я залежыць ад Касцёла, але гэта Касцёл заўсёды залежыць ад сям’і. Хатняму касцёлу – domus ecclesiae – трэба надаць сакральнае і культавае вымярэнне. Сям’я з’яўляецца першым месцам, дзе цэлебруецца, сузіраецца і перажываецца вера.

На тэрыторыі былога Савецкага Саюза вера ў Бога пераследавалася. Тым не менш яна захавалася ў многіх сем’ях. Гэта было лягчэй зрабіць ва Усходніх Цэрквах, у якіх няма цэлібату. Цэлыя сем’і служылі Касцёлу. Пазней у гэтых святарскіх сем’ях біскупы маглі знайсці моцную падтрымку – прыкладам з’яўляецца Грэка-каталіцкая Царква ва Украіне.

Кардынал Любамір Гузар – першаіерарх гэтай Царквы, не спыніўся на дзейнасці ў Львове ля заходняй мяжы. Ён рабіў усё, каб прынесці Евангелле ва ўсходнюю частку краіны, і пабудаваў свой Патрыяршы сабор у Кіеве, у сэрцы Украіны.

Грэка-каталіцкая Царква актыўна і прыгожа абвяшчае Евангелле ў Беларусі, але там, дзе калісьці нарадзілася гэтая Царква (у выніку Берасцейскай уніі 1596 г.), у грэка-каталікоў дагэтуль няма біскупа, які б служыў сваёй пастве з большай сілай і ўладай.

Святое Пісанне кажа: “Нядобра, каб чалавек быў адзін...” (Быц 2, 18). Святары – такія самыя людзі, як і ўсе астатнія, толькі наша місія з’яўляецца іншай. Псіхалагічна мы нічым не адрозніваемся ад звычайных мужчын. Святарства не для тых, хто слабы духоўна, маральна або рэлігійна.

Евангелле змяняе жыццё людзей, дазваляе спазнаць бескарыслівую Божую Любоў, падняцца пасля ўласных падзенняў, весці добрае і шчаслівае жыццё. Аднак калі Евангелле становіцца інструментам дысцыпліны і абароны племянной еднасці, яно перастае быць Добрай Навіной і не можа быць пачута. А яшчэ горш тое, што яно не толькі не функцыянуе, але нават пачынае функцыянаваць адваротным чынам.

Цэлібат прывядзе святароў да ізаляцыі, калі прырода знаку цэлібату не будзе падтрымлівацца значнай часткай Божага народа. Акрамя таго, праз абавязковы цэлібат святарства можа стаць менш прывабным. Магчыма, настаў час, каб цэлібат у Рымска-Каталіцкім Касцёле перастаў быць неабходнай умовай для прыняцця сакрамэнту святарства. Біскуп павінен быць “мужам адной жонкі”, як нагадвае Першае пасланне да Цімафея (1Цім 3, 2).

Мы жывём сярод праваслаўных братоў і грэка-каталікоў і бачым, што жыццё святара ў сям’і дапамагае яму пераносіць цяжкія жыццёвыя моманты. Шлюб – гэта таксама рэалізацыя жыццёвага паклікання. Ён гарантуе працяг роду і абараняе ад усялякіх адхіленняў. Можна рэфармаваць структуры, але без моцнага навяртання і перамянення святарскага сэрца Касцёл не зможа рэфармавацца ніколі.

Навошта пастаянныя дыяканы? Спытайце пра гэта ў Святога Духа! Менавіта Ён кліча людзей на шлях святарства і дыяканату. З нашага боку патрэбна адкрытасць, а не “рэцэнзаванне”. Калі будзем адкрытымі, тады адкрыем для сябе, для чаго патрэбны пастаянныя дыяканы.


На фота казанне да дзяцей (Глыбокае)

 

Слова да моладзі

Ваша Эксцэленцыя, што б Вы хацелі сказаць маладым людзям, якія з’яўляюцца будучыняй Касцёла?

Сёння ніхто не хоча слухаць пра паслухмянасць іншым, а толькі засяроджваецца на сабе. Ці былі б мы спакойныя, калі б нашы думкі, словы і ўчынкі сталі публічнымі? Мы павінны мець смеласць, каб сказаць: “Паглядзіце, мы ўсе крыху заблыталіся ў новых СМІ. Давайце пагаворым пра правілы, якія дазволяць нам крыху вярнуць кантроль. Мы маем вялікую патрэбу ў сацыяльнай блізкасці”. Сустрэчы дапамагаюць моладзі навучыцца быць разам і маліцца. Дзякую Богу за тое, што яны адбываюцца.

Для Папы Францішка камунікацыя азначае ў першую чаргу дзяленне ўсім, а гэта прадугледжвае слуханне. Мы камунікуем нават праз маўчанне і цішыню. Ключавыя словы для Папы Францішка – братэрства, культура сустрэчы, інтэгральная экалогія, грамадскае сяброўства. Маўчанне не менш важнае за слова. Дастаткова паглядзець на прыватную малітву Папы. Папа Францішак слухае і чуе, а гэта важней, чым даваць гатовыя рэцэпты. Камунікацыя не можа выкарыстоўвацца як зброя для перамогі над іншым чалавекам. Камунікацыя – гэта дар і магчымасць, якія дазваляюць нам узрастаць разам з іншым чалавекам. Той, хто камунікуе, не павінен занадта дамінаваць, быць важнейшым за паведамленне, якое хоча перадаць. Чым больш ён адыходзіць на другі план, тым больш выразна і моцна гучыць яго пасланне.

Ніколі культура не змянялася так хутка з пункту змены штодзённага жыцця. Неабходна засяродзіцца на Евангеллі, якое застаецца нязменным. Любоў да бліжняга, як да сябе самога, і здольнасць аддаць жыццё за яго – гэта праўда, дастаткова ўстойлівая перад абліччам культурных змен.

Магчыма, будучыня Касцёла будзе не такой, як мы яе сабе ўяўляем, хаця б праз “удзел” штучнага інтэлекту. Робаты будуць больш эфектыўна выкарыстоўваць Евангелле, чым мы. Гаворка не ідзе пра тое, каб змяніць змест, але форму перадачы паслання. Без змен мы не будзем верныя першым вучням Езуса, якія мелі мужнасць, каб пераказаць “Ойча наш” не толькі на арамейскай, але і на грэчаскай мове. Мы павінны давяраць сіле Евангелля.

Мы павінны запаволіць рытм жыцця, засяродзіцца на жыцці блізкіх людзей, умацаваць сямейныя сувязі, мець час на сям’ю. Трэба быць больш цярплівымі і здольнымі разумець. Маладыя людзі задумваюцца пра хісткасць жыцця, пра яго сэнс, пра адносіны з тымі, каго любяць, пра сваю прафесійную будучыню.

 

Папа Францішак у энцыкліцы “Fratelli tutti” кажа, што нам патрэбны карані і што мы хочам нечага па-сапраўднаму новага ў жыцці. Нам не трэба пачынаць усё спачатку, лепш спытаць пра значэнне гэтых слоў у бацькі, маці ці бабулі.

Прымем усё, як дар і ласку. Будзем нястомна дзякаваць Богу. Калі мы будзем жыць з удзячнасцю, тады і наш свет будзе станавіцца лепшым. Магчыма, толькі крыху, але гэтага дастаткова, каб даць яму нейкую надзею.

“Калі прыйдзе да нас паранены, чалавек, які памыліўся, які мае іншы жыццёвы шлях, ці сапраўды Касцёл зможа прыняць яго і прывесці да радасці сустрэчы з Хрыстом?” (Папа Францішак падчас малітвы “Анёл Панскі”, 6 чэрвеня 2021 г.).

Моладзь не хоча, каб Касцёл быў маўклівым і спалоханым, або такім, што ўвесь час змагаецца за дзве-тры тэмы, якія знаходзяцца ў цэнтры яго ўвагі. Калі маладыя людзі пакідаюць Касцёл, вінаватыя ў гэтым мы, бо не можам паказаць ім, хто па-сапраўднаму ёсць Езус Хрыстус.

Давайце пабудуем Касцёл, у якім ніхто не будзе адчужаны. Езус таксама не адкінуў ніводнага з тых, хто ішоў за Ім. Ён дзейнічаў у сэрцах людзей, якія прыходзілі да Яго. У Касцёле людзі давераны нам – яны пасланы Айцом, які дзейнічае ў іх. На кон пастаўлена вечнае жыццё: “Хто верыць у Мяне, мае жыццё вечнае” (Ян 6, 47).

Крыніцай сапраўднай каштоўнасці жыцця з’яўляецца Бог, а не нашы дзеянні ці стаўленне іншых да нас. Калі нашыя грахі і грахі нашых бліжніх прыніжаюць нас, душаць, раструшчваюць, тады мы павінны дазволіць Богу падняць і выратаваць нас. Карысна памятаць, што Бог можа споўніць сваю збавіцельную волю з дапамогай уразлівага, грэшнага і слабага чалавека. Ласка пакрывае грахі, змяняе жыццё і дазваляе ўбачыць новыя шляхі (пар. Папа Францішак перад малітвай “Анёл Панскі”, 30 чэрвеня 2021 г.).

Першая ўмова хрысціянскай радасці – перастаць засяроджвацца на сабе і паставіць у цэнтр Езуса. Ён, наш Збаўца, прыйшоў бедным у свет, каб адарыць нас сваёй любоўю.

“Ты не можаш заставацца на зямлі, “шкадуючы сябе”: цябе чакае місія! Ты таксама можаш сведчыць пра справы, якія Езус пачаў здзяйсняць у тваім жыцці. Таму, у імя Хрыста, кажу табе: “Устань і давай сведчанне, што ты таксама быў сляпым і сустрэў святло; што ты таксама бачыў Божую дабрыню і прыгажосць у сабе, у іншых і ў еднасці з Касцёлам, дзе перамагаецца ўсякая самотнасць... Устань і з радасцю сведчы пра тое, што Хрыстус жыве! Пашырай Яго пасланне любові і збаўлення сярод аднагодак, у школе, ва ўніверсітэце, на працы, у лічбачым свеце, паўсюль...” (Папа Францішак, пасланне на 36 Сусветны дзень моладзі, 21 лістапада 2021 г.).

І яшчэ можна працытаваць словы Папы Францішка з энцыклікі “Evangelii gaudium” (120):

“Калі хтосьці сапраўды адчуў любоў Бога, які яго збаўляе, не патрабуе шмат часу, каб пачаць Яго абвяшчаць, не можа чакаць, каб яму прачыталі шмат лекцый ці доўгіх інструкцый. Кожны хрысціянін з’яўляецца місіянерам настолькі, наколькі сустрэўся з любоўю Бога ў Хрысце Езусе”.

Мы можам убачыць Езуса ва ўсіх і ва ўсім. Ты – адзіны і непаўторны. Гэта праўда. Такім жа адзіным і непаўторным з’яўляецца кожны іншы чалавек. Калі мы хочам пазнаць Бога, аб’яўленага ў Езусе, мы павінны глядзець на Укрыжаванага. Гэта найвялікшая праўда пра Бога, які з’яўляецца Любоўю.

Мы не павінны вынаходзіць нешта новае ў Касцёле, але вярнуцца да вытокаў хрысціянства. З людзьмі, якія маюць веру, мы павінны пачаць новы этап, шлях сінадальнасці. Еўропа павінна адказаць на актуальныя выклікі. Адзінства веры мае большае значэнне і каштоўнасць, чым напружанасць, якую назіраем. Не мае значэння, кім мы з’яўляемся: прагрэсіўнымі ці кансерватыўнымі, пакуль мы па-сапраўднаму захоўваем сваю веру. Хрысціянінам быць цудоўна. Гэта крыніца спакою і глыбокай радасці. Зыходзячы з досведу майго жыцця, я магу сказаць: гэта варта таго.

Вы, моладзь, павінны аднавіць Касцёл. Ваша евангелізацыя павінна прысутнічаць таксама ў новай лічбавай культуры. Касцёл заўтрашняга дня – гэта ваш Касцёл. Ён павінен прыняць і з новым запалам абвяшчаць тое, што скажа Святы Дух. “А плод Духа – гэта любоў, радасць, спакой, доўгацярплівасць, лагоднасць, дабрыня, вернасць, далікатнасць, стрыманасць. Калі мы жывём паводле Духа, то і паступаем паводле Духа” (Гал 5, 22-25).


Фота з народнымі калектывамі (Лучай)

 

Пра Папу Францішка і крызіс у Касцёле

Вы ў захапленні ад Папы Францішка. Які Папа сёння патрэбны Касцёлу?

Святы Дух праз канклаў, гэта значыць праз выбар, здзейснены кардыналамі, даў нам Папу, найбольш адпаведнага для нашага часу. Пра Папу Францішка можна напісаць шмат кніг. Таму зараз я прывяду толькі некаторыя яго думкі.

Біскуп Рыма Францішак кажа: “Я – пастыр людзей, якія пакутуюць. Мая мэта – прывесці людзей да таго, каб яны размаўлялі адзін з адным, дамаўляліся i знаходзілі шлях да братэрства”.

Для нас, каталікоў, навучанне Папы павінна быць самым важным арыенцірам. Энцыкліка “Fratelli tutti”, якая была абнародавана падчас пандэміі, з’яўляецца ключавым дакументам, які гаворыць пра ўсеагульнае братэрства жыхароў Зямлі. З 297 параграфаў пяць (42-46) Папа Францішак прысвяціў лічбавым СМІ. Ён заўважае, што ў лічбавай камунікацыі знікае павага да іншага. Усё становіцца своеасаблівым відовішчам. СМІ ўмацоўваюць індывідуалізм, але неабходна слухаць іншага чалавека. Гаворка ідзе пра адкрытае стаўленне людзей, якія пераадольваюць самалюбаванне і прымаюць іншага чалавека, звяртаюць увагу на яго і прымаюць у сваё кола.

“Я іду наперад не таму, што хачу зрабіць рэвалюцыю. Я раблю тое, што, на маю думку, я павінен зрабіць. Гэта патрабуе шмат цярпення, малітвы і міласэрнасці”, – заўважаў Папа Францішак падчас сустрэчы са славацкімі езуітамі. А потым ён працягваў, кажучы, што малітва павінна кранаць сэрца. Нельга гаварыць дрэнна пра іншага чалавека. Калі маеш штосьці супраць яго, пайдзі і скажы яму ў вочы, але жыццё прымушае нас баяцца. Свабода палохае нас, а крыж вядзе да свабоды Евангелля. Вяртацца назад – гэта не рашэнне. Мы павінны ўзрастасць у праніклівасці і паслухмянасці. Павінен быць энтузіязм, разважлівасць і разуменне.

Хацеў бы таксама спаслацца на энцыкліку Папы Францішка “Laudato si”. Гэта пасланне для чалавецтва, якое заклікае нас да будавання больш справядлівага свету. У гэтай энцыкліцы Святы Айцец заахвочвае да мужных і канкрэтных крокаў. Вельмі важна прыняць цвёрдыя рашэнні, бо пра некаторыя праблемы гаворка вядзецца гадамі, але не было зроблена нічога канкрэтнага.

Біскуп Рыма нагадвае, як Езус размаўляў з самаранкай, ішоў разам з вучнямі ў Эмаус, уваходзіў у дамы мытнікаў і грэшнікаў. Ён рабіў маленькія жэсты пяшчоты, дабрыні, павагі і сяброўства. Касцёл можа быць моцным, толькі калі ён малы і слабы, а не калі здаецца вялікім. Мы павінны вынесці ўрок з пандэміі. Мы павінны пачаць цалкам новае жыццё.

Папа Францішак вучыць нас таму, як мы павінны чытаць Евангелле ў новым сацыяльным і гістарычным кантэксце і як знаходзіць у Евангеллі парады для будучыні. Евангелле можа выратаваць Касцёл ад усіх крызісаў. Касцёл – гэта не грамадская арганізацыя, а Божы народ. Мэта адна – вярнуцца да Евангелля, да запалу і імкнуцца залучыць усіх вернікаў абвяшчаць яго. А Евангелле, як я яго разумею, азначае клапаціцца пра тых, хто пакутуе, а не займацца ўнутрыкасцёльнымі праблемамі. Евангелле залучае нас у вырашэнне сацыяльных пытанняў свету. У нас ужо ёсць падзелы, таму ўнутрыкасцёльная дыскусія нас не раздзеліць яшчэ больш. Неабходна спыніць звычку ўводзіць розныя ідэалогіі ў Касцёл. Ідэалогія заўсёды выражае інтарэсы нейкай групы, а рэлігія – не.

Крызіс у Касцёле ёсць і будзе. Касцёл жыве ў крызісе. Касцёл не абяцае рай на зямлi і не з’яўляецца раем на зямлі. Мы бачым зло, але таксама бачым і дабро ў Касцёле. Я думаю, што Касцёл менавіта такі, якім яго апісвалі старажытныя Айцы: і грэшны, і святы. Так было спрадвеку.


Фота са спартыўнымі камандамі (Лучай)

 

Заўсёды ёсць другі шанс!

Прабачце мне, Эксцэленцыя, але гэта гучыць, як добрая адгаворка. Усе мы грэшныя, таму ўсё можна патлумачыць.

Евангелле кажа, што грэшнік павінен перарадзіцца. Няма іншага спосабу выправіць зло. Касцёл павінен асабліва памятаць пра ўсіх, хто выключаны з супольнасці. Ім вельмі цяжка прыняць такую сітуацыю, і яны губляюць надзею на тое, што сітуацыю можна будзе змяніць. Касцёл павінен даць людям надзею, суцяшэнне, маліцца за іх. Богу падабаюцца “прылады”, якія ўсім здаюцца непатрэбнымі. Бог можа стварыць жыццё нават там, дзе ёсць смерць. Касцёл павінен засяродзіцца на грэшніку – менавіта ён павінен мець прыярытэт у Касцёле. Мы не можам выгнаць за дзверы Касцёла чалавека, які ўсведамляе свой грэх. Асабліва калі яго грэх становіцца публічным.

Сутнасць Евангелля – гэта міласэрнасць. Заўсёды ёсць другі шанс. Святога Марка, калі ён пісаў сваё Евангелле, не абуралі ні слабасці апосталаў, ні скандалы, ні грахі, ні непаразуменні. Ён да болю сумленны ў апісанні жыцця апосталаў, але ведае, што яны, у выніку, людзі, якім Езус даў не проста другі шанс, а пяты, дзявяты і соты, і за гэта трэба заўсёды дзякаваць Богу.

Бясконцая Божая міласэрнасць – фундаментальная. Міласэрнасць з’яўляецца галоўнай праўдай усяго хрысціянскага паслання. Бог не асуджае. Яго міласэрнасць не ведае межаў. “Так няма волі вашага Айца, які ў нябёсах, каб загінуў адзін з тых малых” (Мц 18, 14).

Бог, які аб’явіўся ў Езусе Хрысце, не з’яўляецца ні заканадаўцам, ні суддзёй, але “Адвакатам” (Параклетам). Ён абараняе чалавека, які парушыў закон і здзейсніў грэх. Бог не асуджае, а верыць, што мы можам пачаць жыць інакш. Езус памёр за грэшнікаў. Ён памёр за мяне. Гэта велікодная надзея. З гэтай праўды я чэрпаю свой запал, радасць і любоў да Бога і кожнага чалавека. Я веру ў моц дабра. Я люблю людзей і малюся, каб яны атрымалі ўсё, што падрыхтаваў для іх Творца. Малюся аб еднасці хрысціян і шукаю кожную згубленую авечку. Я хачу толькі аднаго: каб кожны чалавек быў шчаслівым і знайшоў збаўленне.

Папа Францішак стаў прыкладам пакоры, неабходнай, каб весці іншых. Ён прыносіць свой досвед дасягненняў і памылак у сваю працу ад імя тых, хто штодня змагаецца з нашай складанай і часам абыякавай рэчаіснасцю. “Бо дзякуючы Мне памножацца дні твае” (Прып 9, 11). Дні, калі вы ўсё яшчэ можаце пераўтварыць Касцёл і працягваць несці натхняльнае пасланне свету.

Таму ён смела задаецца пытаннем: “Ці сапраўды Езус хацеў Касцёл, сканцэнтраваны на адной асобе, які нясе небяспеку функцыянальнага збою і маніпуляцый?” Гэта таксама стварае ўмовы для росквіту самалюбавання, з іншага боку, часта прыводзіць да адзіноты і ізаляцыі.

Папа Францішак хоча адаптаваць касцёльныя структуры да свету, хоча, каб духавенства пакінула сваё бяспечнае сховішча, і не дазваляе адводзіць вачэй ад праблем, на якія многія сёння не жадаюць глядзець. Папа перакананы, што патрэбна новая мадэль касцёльнага кіравання, і таму мы павінны шукаць новыя рашэнні.

Мы ўсе можам многаму навучыцца ў Біскупа Рыма. Зараз паміж Апостальскай Сталіцай і Расіяй склаліся добрыя дыпламатычныя адносіны, і Папа Францішак карыстаецца вялікім аўтарытэтам у расійскім грамадстве. Яго энцыкліка “Fratelli tutti” была перакладзена на рускую мову мусульманамі, а нашы праваслаўныя браты выдалі кнігу “Малітва. Дыханне новага жыцця”, якая змяшчае разважанні Папы Францішка адносна малітвы.

Гэта жывы знак часу для пошуку таго, што аб’ядноўвае нас, раз’яднаных хрысціян. Тыя, хто верыць у Хрыста, не могуць і не павінны быць падзеленыя, але павінны разам клапаціцца пра наш агульны дом. “Свет без братэрства – гэта свет ворагаў”, – кажа Біскуп Рыма.

Папа Францішак вучыць: “Сінадальнасць – неад’емны элемент Касцёла. Гэта прадугледжвае практычныя наступствы, якія мы павінны прымаць”. Сіла Біскупа Рыма ў тым, што ён не чакае, калі тэалагічнае распазнанне ўкараніцца ў Касцёле, але ўжо цяпер гаворыць: “Вось вынік распазнання, таму давайце зробім тое, што з яго вынікае”. Цяпер у нас ёсць грамадства, якое робіць гэта магчымым. Цяпер мы прыйшлі да грамадства, дзе існуе адносны ўзровень роўнасці.


На фота сустрэча з праваслаўным архіепіскапам Віцебска-Аршанскім Дзімітрыем

 

Пра сінадальнасць 

Ксёндз Біскуп, навошта нам сінод аб сінадальнасці?

У будучыні Касцёл будзе альбо сінадальным, альбо яго не будзе ўвогуле. Мы павінны абудзіць у вернікаў большую актыўнасць і ўвагу. Мы павінны слухаць голас Святога Духа: па-першае, каб маглі стаць Касцёлам, які слухае; па-другое, каб адарацыя стала ўважлівым слуханнем Бога; па-трэцяе, каб умацоўваць эмпатыю да ўсіх, хто знаходзіцца на ўзбочыне, на перыферыі.

Каб даць адказ, Касцёл павінен слухаць свет, чуць яго пытанні. Касцёл занадта цэнтралізаваны. З аднаго боку мы бачым працэс атэізацыі, а з іншага – працэс фундаменталізацыі, які назіраецца ва ўсіх рэлігіях. Папа Францішак заклікае адказаць на гэтыя выклікі. Яго галоўная ідэя – зрабіць Касцёл больш місійным. Самая галоўная задача на сёння – навучыць усіх удзельнікаў Сінода мастацтву камунікацыі паміж сабой. Мы павінны стварыць прастору для дыскусій. Недахоп дыялогу робіць нас няздольнымі эфектыўна вырашаць праблемы. Працэс слухання ўсіх меркаванняў і шчыры і ўважлівы дыялог павінны дапамагчы Божаму народу плённа ўдзельнічаць у жыцці Касцёла. Неабходна ствараць не толькі прастору для дыялогу, але і прастору для ўключэння свецкіх людзей у жыццё Касцёла. Гэта ключавая задача для Касцёла.

Сінод не можа стаць “Сінодам адной фракцыі” – гэта небяспечна. Больш не існуе цывілізаванай дыскусіі, параўнання аргументаў з павагай да праціўніка. На змену яму прыйшло перакананне, што другі бок кепскі, а значыць, амаральны, і таму не мае права голасу. Сінод жа павінен даць магчымасць сустрэчы паміж людзьмі, з якімі мы, магчыма, не сустрэліся б у іншым месцы. Мы павінны знайсці евангельскія адказы на пытанні аб змене мадэляў жыцця або плюралізму рэлігійных мадэляў. У нас ёсць важныя пытанні аб секулярызацыі, аб новай мадэлі святарскага жыцця, адносінах паміж свецкімі людзьмі і духавенствам.

Мы павінны выразна акрэсліць пазіцыю Касцёла да новых форм папулізму. Старая душпастырская мадэль Касцёла больш не існуе. Як на гэта адказаць? Мы маем шмат расчараванняў, адмаўленняў, але дзе жаданне штосьці змяніць?

Вынікам Сінода не павінна стаць стварэнне альтэрнатыўнага Касцёла, як некаторым хацелася б, але іншага Касцёла, больш сапраўднага Касцёла. Мы аддаліліся ад праўды пра Касцёл, таму, напэўна, не абыдземся без крыжа і некаторых пакут. Я думаю, што сінадальны працэс прывядзе нас да новага этапу і Касцёл стане жывой супольнасцю на службе Евангеллю, без падзелаў і палярызацыі.

Папа Францішак падкрэслівае, што “шлях сінадальнасці – гэта шлях, якога Бог чакае ад Касцёла трэцяга тысячагоддзя, і што змены павінны ісці ў гэтым кірунку”. Я ўпэўнены, што на гэтым шляху нам дапаможа апостальскі нунцый у Беларусі, арцыбіскуп Антэ Ёзіч. У цяперашні час ён з’яўляецца прадстаўніком Папы Францішка на нашай Радзіме.

Мы павінны настойліва маліцца ў гэтай інтэнцыі, каб быць здольнымі распазнаць дзеянне Бога ў жыцці Касцёла. Без супольнасці з Богам знікае еднасць і паміж намі. Малітва адкрывае сэрца, адкрывае вушы, каб слухалі, і робіць нас адчувальнымі да дзеяння Святога Духа ў нашым жыцці. Не існуе сапраўднага пазнання без малітвы.

“Пан стаў пры мне і ўмацаваў мяне, каб праз мяне здзейснілася прапаведаванне і каб пачулі ўсе язычнікі” (2 Цім 4, 16).

Касцёл павінен абудзіць духавенства. У гэтыя дні адзін са святароў у Беларусі сказаў мне: “Цяпер я залежу ад новага шэфа”. Я адказаў: “Твой сапраўдны шэф – гэта Бог, якога абвяшчае Касцёл”. Кардынал Казімір Свёнтак, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, новы мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп Юзаф Станеўскі – яны памочнікі Божыя, як кажа Пасланне да Каласянаў (пар. Клс 1, 7). Мы павінны прапаведаваць Евангелле, а Бог дазволіць яму прарастаць.

Я ахвярую мае пакуты і малітвы за Касцёл у Беларусі, каб ён верна выконваў Божую волю.

Дзеі Апосталаў усё яшчэ не завяршыліся, а чарговыя старонкі яшчэ пішуцца. Мы павінны ісці праз свет і пасярод свету. Абвяшчэнне Евангелля не можа адбывацца без дапамогі Святога Духа, які часам вядзе зусім іншым шляхам, чым чакае чалавек. Не будзем баяцца ісці ў новы час, бо кожны час – гэта час Бога, час Святога Духа, час Касцёла.


На фота пілігрымы ў малітве ў санктуарыі ў Браславе

 

З біскупам Уладзіславам Блінам размаўлялі

сястра Рэната Зялінская OP і Ірына Кульпекша


Віцебск, 17 снежня 2021 г.


У афармленні старонкі выкарыстаны фота Валерыя Вядрэнкі