Больш інфармацыі на нашай старонцы ў Інстаграме

https://www.instagram.com/kostel_jezusa_milasernaga/

 

Парафіяльныя аб'явы

1/10/2023

XXVI звычайная нядзеля

Сённяшнім днём распачынаем ружанцовы месяц кастрычнік. Гэта для ўсё парафіі цудоўная магчымасць наблізіцца да Бога праз Марыю. Запрашаем на супольную ружанцовую малітву ў нядзелю пасля св. Імшы а 9.30, у будныя ж дні а 18.00 будзем святы ружанец, а пасля св. Імша.

1. На гэтым тыдні прыпадае:

- панядзелак 2 кастрычніка – успамін св. Анёлаў Ахоўнікаў;

- серада 4 кастрычніка – успамін св. Францішка Азізскага;

- субота 7 кастрычніка – успамін Маці Божай Ружанцовай.

2. На гэтым тыдні будзем перажываць першыя дні месяца з адмысловымі набажэнствамі:

- сёння – першая нядзеля месяца;

- бліжэйшыя чацвер, пятніца і субота – першыя дні месяца кастрычніка. У пятніцу 6 кастрычніка традыцыйна выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту на працягу ўсяго дня з 9.00 да 18.00. Запрашаем трываць на малітве!

ІНТЭНЦЫЯ ЖЫВОГА РУЖАНЦА НА ВЕРАСЕНЬ: аб развіцці Марыйнай духоўнасці і любові да ружанца ў нашай парафіяльнай супольнасці.

Больш інфармацыі і фотаздымкаў глядзіце ў нашым профілі ў Інстаграме

 

Расклад набажэнстваў


Св. Імша

Панядзелак      8.30   18.00

Аўторак              8.30   18.00

Серада               8.30   18.00

Чацвер               8.30   18.00

Пятніца              8.30   18.00

Субота                8.30   18.00

Нядзеля             9.30   11.30   17.00   18.00

Споведзь магчыма штодзённа перад Імшой.

 

Новы выпуск ужо на сайце!

Пытанні за 08/2023

Шаноўныя чытачы нашага сайта! Дарагія госці!

У жніўні 2022 г. мы апублікавалі кнігу першага біскупа Віцебскага Уладзіслава Бліна Споўненая мара. Выданне выклікала цікавасць у чытачоў, біскуп Уладзіслаў атрымаў шмат лістоў з каментарыямі, заўвагамі, успамінамі і пытаннямі. На кожны ліст Яго Эксцэленцыя накіроўвае адказ. Рэдакцыя сайта vitkatedra.by  звярнулася да біскупа Уладзіслава з прапановай супрацоўніцтва. Мы вырашылі стварыць спецыяльную рубрыку, у якой біскуп-эмерыт будзе даваць адказы на вашы пытанні адносна веры, Евангелля, цяжкіх тэм з сучаснага жыцця Касцёла і свету.
Увага! Пытанні для рубрыкі біскупа Бліна можна адпраўляць на пошту biskupblin@yandex.by або дасылаць праз форму Задаць пытанне на старонцы рубрыкі.
Адказы на новыя пытанні будзем публікаваць на сайце кожны месяц (арыенцір — чацвёртая пятніца месяца).
Падтрымайце новую рубрыку, сябры! Чытайце, абмяркоўвайце, дасылайце пытанні!

 

Увага! Апошні выпуск рубрыкі!

Шаноўныя чытачы!

На працягу цэлага года з намі на сувязі быў першы біскуп Віцебскай дыяцэзіі Уладзіслаў Блін. На старонцы Рубрыкі біскупа Бліна прадстаўлены адказы на агульныя пытанні, якія вы дасылалі праз форму на сайце або на электронны адрас біскупа Уладзіслава. Мы падлічылі — у рубрыцы змешчаны адказы на 56 пытанняў! На асабістыя пытанні біскуп адказваў кожнаму індывідуальна. У снежні мы зрабілі святочны выпуск рубрыкі і прапанавалі вашай увазе інтэрв'ю з біскупам Уладзіславам, аздобленае шматлікімі фатаздымкамі з асабістага архіва. А сёння прадстаўляем апошні запланаваны выпуск рубрыкі, упрыгожаны цудоўнымі працамі сучаснага беларускага фотамастака Валерыя Вядрэнкі.

Рэдакцыя сайта Віцебскага катэдральнага касцёла шчыра дзякуе Яго Эксцэленцыі біскупу Уладзіславу за супрацоўніцтва і ахвярную працу па стварэнні новай рубрыкі, за такі адкрыты і просты дыялог з чытачамі! Жадаем Вам, біскуп Уладзіслаў, моцнага здароўя, еднасці з Панам Богам і новых ідэй для евангелізацыі і катэхізацыі нашых чытачоў!

І вам, паважаныя чытачы, вялікі дзякуй за тое, што былі з намі на працягу цэлага года! Нагадваем, што на старонцы рубрыкі біскуп Уладзіслаў пакінуў свае кантакты — так што дыялог можна працягваць, толькі ўжо ў іншым фармаце.

Заходзьце да нас часцей, дарагія чытачы! Чакаем зваротнай сувязі!

 

Прапануем пазнаёміцца з кнігай біскупа Ул. Бліна

Шаноўныя сябры!

З дазволу першага біскупа Віцебскага Уладзіслава на нашым сайце змешчаны тэкст кнігі Споўненая мара, выдадзенай у Мінску ў 2022 г. Кніга прадстаўляе сабой размову з біскупам, якая адбылася ў Віцебску ў снежні 2021 г. Пытанні задаюць сястра Рэната Зялінская ОР і сп. Ірына Кульпекша. Кніга таксама выйшла на польскай і італьянскай мовах.

Друкаваныя экзэмпляры ёсць у некаторых нашых парафіян, у Віцебскай абласной бібліятэцы, а таксама ў бібліятэках буйных гарадоў нашай краіны. Кніга выйшла накладам у 200 асобнікаў без мэты продажу (інфармуем, каб папярэдзіць пытанні, дзе набыць кнігу). Можна і трэба чытаць на сайце! Там пра нас, парафіян, пра наш касцёл і шмат пра што іншае - успаміны біскупа пра служэнне ў Магілёве, біскупскае пасвячэнне, працу па станаўленні дыяцэзіі, падтрымку духоўных і культурных ініцыятыў. Аповед дапоўнены разважаннямі над выклікамі, якія стаяць перад Каталіцкім Касцёлам у Беларусі на пачатку ХХІ стагоддзя.

Старонка кнігі адкрываецца з галоўнага меню сайта.

Можна чытаць тут

 

Фотаздымкі Анатоля Бандарчука-Вошлава

 

Фотаздымкі Анатоля Бандарчука-Вошлава

 

Фотаздымкі Анатоля Бандарчука-Вошлава

 

Фотаздымкі Анатоля Бандарчука-Вошлава

 

Хрост у нашым касцёле

Святы хрост - гэта першы і самы неабходны сакрамэнт, праз які Хрыстус вызваляе нас ад першароднага граху і іншых асабістых грахоў, яднае нас з сабою, дае нам Божае жыццё і ўключае ў святы Касцёл.

Перад сакрамэнтам хросту трэба:

  • Паведаміць пробашчу парафіі (кс. Валерый Марціноўскі (029) 785 12 98, valerymartsinouski@tut.by)
  • Прайсці падрыхтоўку
  • Вызначыць дату
  • Прынесці пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці
  • Набыць свечку для хросту і асобнае белае адзенне для дзіцяці

Пажадана, каб хросныя бацькі былі каталіцкага веравызнання (адзін з хросных абавязкова павінен быць католікам!).

 

Інфармацыя для нарачоных

Бог стварыў мужчыну і жанчыну па свайму вобразу і падабенству і паклікаў іх перадаваць наступным пакаленням новае жыццё як плён узаемнай любові сужэнцаў і як праяўленне любові Бога Творцы. Ад пачатку гісторыі чалавецтва сужэнства было святым саюзам, а Хрыстус нават узвысіў яго да годнасці сакрамэнту.

У сакрамэнце сужэнства мужчына і жанчына заключаюць саюз для супольнага жыцця, а таксама атрымліваюць Божую ласку для належнага выканання сужэнскіх абавязкаў, а асабліва для добрага выхавання патомства.

Калі вы хочаце атрымаць сакрамэнт сужэнства (шлюб) у нашым касцёле, трэба:

  • Звярнуцца да пробашча кс. Валерыя Марціноўскага ((029) 785 12 98, valerymartsinouski@tut.by або падысці пасля любой Імшы ў сакрыстыю) не пазней як за 3 месяцы да вызначанай даты шлюбу
  • Прайсці перадшлюбную падрыхтоўку
  • Прынесці пасведчанні хросту, канфірмацыі і св. Камуніі

 

Запрасіць святара (029) 785 12 98

Намашчэнне хворых


Сям'я хворага павінна паклапаціцца:

  • неадкладна паклікаць святара (не чакаць да самага канца, таму што гэты сакрамэнт не з'яўляецца сакрамэнтам «апошняга намашчэння», але «сакрамэнт вылячэння» )
  • падаць дакладны адрас
  • калі хворы знаходзіцца далёка, арганізаваць сродак транспарту або суправаджэнне для святара
  • канкрэтна вызначыць стан пацыента (ці хворы ў стане свядомасці, ці размаўляе, ці можа праглынуць - гэта звязана з яго споведдзю і прыняццем Святой Камуніі) 

У першую пятніцу месяца святары наведваюць хворых з нашай парафіі і ўдзяляюць сакрамэнт Намашчэння. Просьба паведаміць, калі ваша сям'я мае такую патрэбу!

Пахаванне


Пры арганізацыі пахавання неабходна найперш наведаць святара (пробашча) сваёй парафіі, каб дамовіцца па ўсіх пытаннях, звязаных з пахаваннем (устанавіць дзень, гадзіну). Пры сабе неабходна мець пасведчанне аб смерці.

Аднак першае, пра што павінен памятаць католік, у якога памірае блізкі ці родны, — гэта малітва, а не роспач. Душа памерлага чакае малітвы, таму трэба даручыць памерлага Божай Міласэрнасці, каб Пан прабачыў усе грахі і адарыў жыццём вечным.

Вельмі важным момантам застаецца трыванне ў малітве пры труне памерлага — аб гэтым таксама варта памятаць пры арганізацыі пахавання.

Святая Імша — найбольшы падарунак, які можна зрабіць памерлым, а праз актыўны ўдзел (прыняцце святой Камуніі) дапамагаем душы памерлага. Ніколі малітвы не будзе зашмат! Бо калі яна не патрэбна ўжо вашаму блізкаму памерламу, заўсёды ёсць тыя душы, за якія ніхто не моліцца.

Вельмі важным з'яўляецца ахвяраванне Імшы ў гадавіну смерці, у дзень нараджэння памерлага ці ў дзень імянінаў.

Асабліва памятаем пра памерлых у лістападзе. Для тых, хто мае такую магчымасць, можна ахвяраваць за памерлага 30 Імшаў (так званая грыгарыянская Імша), каб Бог дараваў яго душы кары ў чыстцы. 

Пастырскае наведванне сем'яў і благаслаўленне дамоў

Пастырскае наведванне - гэта сустрэча святара са сваёй паствай, каб бліжэй пазнаёміцца з парафіянамі, даведацца, як і чым яны жывуць. Так з`яўляецца пэўнае супрацоўніцтва па ўмацаванні веры і стварэнні моцнай парафіяльнай супольнасці.

Спачатку адбываецца абрад асвячэння жылля. Ён складаецца з малітвы святара разам з членамі сям`і і акраплення жылля святой вадой. А потым святар размаўляе з гаспадарамі дома і іншымі членамі сям`і.



 

СВЯТЫЯ МІСІІ - РЭНТГЕН    НАШАЙ ВЕРЫ…

З 18 па 25 кастрычніка 2020 г. адбыліся першыя Святыя Місіі ў катэдральнай парафіі Віцебска

Фота Анатоля Бандарчука-Вошлава

 

Віцебская катэдральная парафія Езуса Міласэрнага адзначыла сваё 20-годдзе

Кастрычнік 2020 г.


Фота Анатоля Бандарчука-Вошлава


 

Гісторыя парафіі

22 кастрычніка 2000 г. была адпраўлена першая св. Імша для вернікаў парафіі Езуса Міласэрнага ў касцёле св. Барбары (катэдральным на той момант). Прысутнічала 56 чалавек.

16 лістапада 2000 г. парафія Езуса Міласэрнага атрымала дазвол на пабудову часовай капліцы.

Вельмі добра пра гэты час у жыцці парафіі распавядае Францішак Дубраўскі (часопіс “Ave Maria”, №4/2002):

“Пасля асвячэння месца пабудовы распачалася праца. Гэта быў нялёгкі час, але і парафіяне, і кс. Адам Сікорскі, і дыякан Аляксандр Рагіня, і сёстры Нікола, Дамарыс і Люцына з гонарам пераадолелі цяжкасці, звязаныя з будаўніцтвам. І ўжо 3 снежня, у першую нядзелю Адвэнту, адбылася Імша ў новай капліцы — за сталом замест алтара, на настылым, адно сагрэтым усхваляваным дыханнем парафіянаў, паветры. Гэты дзень першай супольнай малітвы і размовы з Богам добра запомніўся дарослым і дзецям, стаў найважнейшым момантам парафіяльнага жыцця”.

 

Капліца

25 снежня 2000 г. капліцу асвяціў біскуп Уладзіслаў Блін.

3 сакавіка 2001 г. першым пробашчам парафіі стаў кс. Дарыюш Кубіца, SDS.

30 чэрвеня 2001 г. у парафіі адбылася першая біскупская візітацыя.

18 лістапада 2001 г. парафіяне развіталіся з а. Дарыюшам і прывіталі новага пробашча — а. Тадэвуша Дабравольскага, які да гэтага працаваў у Іркуцку і Браславе (ён таксама належаў да кангрэгацыі сальватарыянаў).

 

Кансэкрацыя касцёла, перанясенне катэдры

12 верасня 2004 г. кс. біскуп ардынарый асвяціў пляцоўку, а ў сярэдзіне кастрычніка 2004 г. гарадскія ўлады далі канчатковы дазвол на будаўніцтва новай святыні.

Кансэкрацыя касцёла Езуса Міласэрнага адбылася 10 кастрычніка 2009 г. у межах святкавання 10-годдзя існавання Віцебскай дыяцэзіі. Літургію, падчас якой адбывалася асвячэнне, узначальваў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч.

18 чэрвеня 2011 г. катэдра з касцёла св. Барбары была перанесена ў наш касцёл. Урачыстую літургію ў новай катэдры ўзначаліў прадстаўнік Папы Бенедыкта XVI кардынал Робэр Сара, старшыня Папскай рады “Cor Unum”.

 

Абрад кансэкрацыі біскупа Алега Буткевіча

Важнай датай для нашага касцёла з’яўляецца дзень 18 студзеня 2014 г. — калі катэдра атрымала свайго біскупа. 29 лістапада 2013 г. Папа Рымскі Францыск прызначыў кс. Алега Буткевіча новым біскупам Віцебскім. Абрад кансэкрацыі 18 студзеня правёў Апостальскі нунцый Клаўдыё Гуджэроці, асістэнтамі выступілі арцыбіскуп Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі Тадэвуш Кандрусевіч і біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Аляксандр Кашкевіч. На ўрачыстасці было шмат вернікаў і святароў з іншых дыяцэзій, прысутнічалі прадстаўнікі свецкіх уладаў, праваслаўнай царквы, журналісты.

 

Кс. доктар Валерый Марціноўскі

Ксёндз Валерый Марціноўскі нарадзіўся 11 чэрвеня 1988 г. ў Мёрах. У 2011 г. паспяхова скончыў Міждыяцэзіяльную вышэйшую духоўную семінарыю імя Св. Тамаша Аквінскага ў Пінску.

18 жніўня 2012 г. арцыбіскупам Клаўдыё Гуджэроці пасвечаны ў прэзбітэры. Быў вікарыем катэдральнай парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску і адміністратарам парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гарадку. З 2014 па 2019 гады навучаўся ў Люблінскім каталіцкім універсітэце Яна Паўла ІІ у дактарантуры (аспірантуры) Інстытута біблійных навук.

20 верасня 2019 г. абараніў доктарскую дысертацыю па біблійнай тэалогіі. Тэма навуковай працы - «Хрысціяне перад абліччам Дня Пана. Нарыс эсхаталагічнага парэнэзісу ў Пасланнях да Тэсаланікійцаў (1 Тэс 4, 13–18; 5, 1–11; 2 Тэс 2, 1–17)».

У чэрвені 2021 г. прызначаны пробашчам катэдральнай парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску.

Чытаць болей Святарскае пасвячэнне
Доктарская дысертацыя

 

Чытаць яшчэ

1. Каталіцкі Веснік. Газета Віцебскай дыяцэзіі - catholicnews.by

2. Афіцыйны інтэрнэт-партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі - catholic.by

3. Сайт Віцебскай дыяцэзіі - catholicvitebsk.by

4. Слова жыцця. Газета Гродзенскай дыяцэзіі - slowo.grodnensis.by

5. Часопіс "Ave Maria" Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі - ave-maria.by

6. Інфармацыйны мульціфарматны праект - рускатолик.рф

Мы УКантакце - vk.com/vitkatedra

Работает на 🌱kvitly Cайт и CRM в одном месте