Ёсць пытанне? Пішы!

На пытанні адказвае біскуп-эмерыт Віцебскі Уладзіслаў Блін

 

Мае дарагія!

Мы ўсе адна сям’я дзяцей Божых. Штодзённай малітвай абдымаю кожнага з вас. Я шчаслівы, што вы чытаеце, абмяркоўваеце і распаўсюджваеце кнігу Споўненая мара. Няхай гэтая кніга дапаможа кожнаму знайсці шчасце, радасць і любячага Бога, які так жадае сустрэцца з вамі!

Аб тым, што вы чытаеце кнігу, сведчаць шматлікія лісты, якія я атрымліваю па электроннай пошце. Мне радасна разам з вамі ўзгадваць прыгожыя моманты дзён, праведзеных у вашых парафіях ці пілігрымках да Марыі. Я цешуся, калі чытаю гісторыі шчаслівых сем'яў і моцнай веры.

У лістах атрымліваю шмат пытанняў, на якія адказваю індывідуальна, але ёсць тэмы, важныя для кожнага з нас. Буду старацца кожны месяц даваць вам думкі на гэтыя канкрэтныя тэмы.

Свае пытанні, гісторыі і водгукі на кнігу "Споўненая мара" дасылайце на адрас biskupblin@yandex.by.

Добра, што вы ёсць! Люблю вас!

З братэрскім прывітаннем
ваш стары біскуп Уладзіслаў

 

- 1 -

Што рабіць, калі дзіця адмаўляецца хадзіць у касцёл?

Моніка была маці святога Аўгустына, яна малілася шмат гадоў аб глыбокім навяртанні для сына. Была пачута. Калі я быў дзіцём, то прасіў тату будзіць мяне ў касцёл. Але раніцай было цяжка падняцца, тады я чуў: калі мужчына кажа слова, ён заўсёды яго выконвае. І гэта адразу дапамагала. Сын маіх сяброў сказаў, што ў нядзелю не пойдзе ў касцёл. Бацька сям’і сказаў, што тыя, хто быў у касцёле, пасля літургіі пойдуць у піцэрыю. Ніхто не застаўся дома. Праз месяц у нядзелю няма піццы, але ўся сям’я па-ранейшаму кожную нядзелю ў касцёле на св. Імшы.

Не ўцякайце ад супольнасці! Не бойцеся супольнасці! Таксама тады, калі табе цяжка ў супольнасці, тады вернасць Бога яшчэ большая. Бог цябе не падвядзе ў Касцёле. Ідзі з гэтым абяцаннем па жыцці. Бог паклікаў нас да супольнасці. Бог стварыў нас і ведае нашу прыроду, ведае, што мы патрэбны адзін аднаму. Наша супольнасць не заўседы маляўнічая. Некаторыя кажуць — добра нам тут быць. Іншыя маюць цяжкі касцёльны вопыт, напрыклад, адзін змагаецца з другім, а трэці параніў чацвёртага. Часам чалавеку цяжка прызнацца, што ён ходзіць у касцёл. Бог, які нас паклікаў, верны — Ён трымае нас ў гэтай суполцы. Нават брат, сястра, святар або біскуп можа падвесці, але Бог цябе не падвядзе! У нашых суполках паспрабуем адкрыць першапачатковы вопыт прымірэння і прабачэння.

 

- 2 -

Як павінна выглядаць сяброўства?

Сяброўства — важны фактар у нашым жыцці. Іншы чалавек патрэбны для таго, каб убачыць у ім сябе самога. Жадаючы зразумець іншага, трэба пачаць з глыбокага разумення сваіх патрэбаў і поўнага прыняцця сябе. Чалавек, які сам сабе не сябар, не можа быць сябрам іншага чалавека. Зразумець іншага чалавека — значыць адчуць яго погляд на свет.

Мы жывем па-сапраўднаму толькі тады, калі атрымліваем асалоду ад чалавечай дабрыні. Хочаш цешыцца чалавечай дабрынёй — будзь добры да іншага. Кожны чалавек жыве ў пошуках сяброўства. Шчаслівы чалавек, у якога ёсць сябры, ён можа на іх разлічваць і цалкам ім давяраць. Аднак не кожны, хто праяўляе да нас дабрыню, з’яўляецца нашым сябрам. Сяброўства — гэта адкрытыя сувязі, якія злучаюць людзей незалежна ад знешніх абставін і ваганняў самаадчування. Ты сябар назаўсёды або не з’яўляешся ім. Асновай сяброўства з’яўляецца ўзаемны давер. Сябар — гэта той, чыя прысутнасць з намі і ў радасці і ў смутку, асабліва ў смутку. Пастаўся з разуменнем да чалавека, якому давяраеш. Ён мае права мець свае слабасці, ніхто не з’яўляецца ідэалам. Трэба падтрымліваць злучальныя сувязі, абменьвацца паслугамі.

Лепей самому расчаравацца ў сябрах, чым расчараваць іх. Можа варта было б прымяніць прынцып: рабі іншаму тое, што прыемна табе? Ніколі не патрабуй ад іншага чалавека большага, чым патрабуеш ад сябе. Сябар — гэта чалавек, які не толькі хваліць, але пры неабходнасці можа звярнуць увагу на штосьці непрыемнае. У адносінах да свайго сябра заўсёды будзь такім, якім хочаш бачыць яго ў адносінах да сябе. Калі верыш у Бога, маліся кожны дзень за яго.

 

- 3 -

Як быць шчаслівым?

Быць шчаслівым — гэта не толькі тваё права, але і абавязак! Шчасце заўсёды ёсць там, дзе чалавек яго бачыць. Не чакай пасіўна, калі шчасце прыйдзе да цябе. Думай пра сваё шчасце. Вер, што ў хуткім часе ты знойдзеш спосабы абмінуць свой смутак, — вера чыніць цуды. Шчасце — самая жаданая мэта кожнага чалавека, таму трэба рабіць усё, што ў нашых сілах, каб запаветнае жаданне стала рэальнасцю.

Няхай тваё самаадчуванне не залежыць ні ад кампліментаў, ні ад іх адсутнасці — яны ніякім значным чынам не вырашаюць, наколькі ты будзеш шчаслівы. Не аддавай ім улады над сабою.

Думай пра тое, што маеш. Цані гэта і не марнуй часу на прагненне рэчаў, якіх ты мець не можаш. Стаў перад сабою мэты і дасягай іх, але, калі здарыцца так, што нейкай з іх рэалізаваць не ўдасца, то не вяртайся да мінулага і не шкадуй, што не маеш таго, што хацеў. У цябе наперадзе яшчэ шмат прыгожых падзей і поспехаў — засяродзься на сённяшнім дні і на будучыні.

Лічы свае благаслаўленні, а не падзенні! Нават калі цяпер адбываецца штосьці дрэннае, то ва ўсведамленні спазнанага табою дабра ты знойдзеш дастаткова сілаў, каб гэта перажыць. Што ж зробіш, калі ўмовы змяніліся і не адпавядаюць тваім чаканням? Перад табою новы выклік! Ты павінен проста пашукаць іншае, выйсце, і ў гэтым няма ніякай трагедыі. Не старайся змяніць свет — змяні сябе.

Пачуццё шчасця знаходзіцца ўнутры цябе, толькі ты можаш дазволіць або забараніць яму выявіцца. Не шукай яго ў тым, што мінула, не чакай у падзеях будучыні, не злуйся, калі не бачыш яго ні ў людзях, якія цябе атачаюць, ні ў прадметах — яно ёсць толькі ў табе.

Не шкадуй для іншых свайго шчасця — яно павялічваецца, калі ты дзелішся ім, а робячы шчаслівымі іншых, найшчаслівейшым ты робіш сябе!

 

- 4 -

Ці можа жыццё быць радасцю?

Бог заўсёды любіць кожнага чалавека. Хоча, каб наша жыццё было радасцю. Да любові не падыходзім розумам ці логікай, але сэрцам — як да малітвы. Любоў незразумелая, але можна яе прыняць, а прымаючы, адказваць сваёй любоўю. Бог цябе любіць — гэта самая цудоўная праўда. Хто любіць, адорвае радасцю. Аднак усё залежыць ад цябе: каго выбіраеш?

Свет таксама абяцае табе радасць, распальвае голад валодання, і некаторыя з нас ставяць гэта за жыццёвую мэту. Многія лічаць, што самым галоўным крытэрыем для сучаснага чалавека з’яўляецца поспех. Свет назойліва кажа нам: жывіце так, быццам Бога не існуе. І хоць свет робіць усё, каб чалавек быў шчаслівы, мы становімся ўсё больш сумнымі. Нараджаецца ў нас трывога і нейкая схаваная туга. Выйграеш сваё жыццё, ніколі не заблукаеш, калі выбярэш Езуса Хрыста. Праяўляючы любоў, ты заўсёды будзеш побач свайго Збаўцы. І гэта рэцэпт на жыццёвую перамогу. Ёсць толькі адна праблема: дарыць любоў іншым цяжка, гэта патрабуе ахвярнасці, цярпення, прабачэння, самакантролю, патрабуе намаганняў і працы. Трэба быць сабой, авалодаць лянотай і абараніць праўду. Бачыш, што дарыць любоў цяжка. Але малітва, Эўхарыстыя і Біблія з’яўляюцца энергіяй для дабра і любові. Рабі ўсё бескарысліва, тады нічым не здзівішся, а будзеш заўсёды радасны.

Жадаю табе, дарагі сябра, добрага і радаснага жыцця, да якога запрасіў цябе сам Бог! Калі ты будзеш радасны, здзейсніш такія справы, якіх ніколі не змог бы зрабіць у смутку. Знакам радасці жыцця з’яўляецца ўсмешка, але ўсміхацца можна толькі да другога чалавека. Памятай пра гэта, каб з радасцю глядзець у будучыню! Прымі ўсё, што дае табе Бог, і гэта дазволіць табе сапраўды пераадолець усялякія перашкоды і сапраўды радавацца паўнаце жыцця!

 

Старонка будзе абнаўляцца кожны месяц.
Пытанні 1, 2, 3, 4 - верасень 2022 г.


©Рыма-каталіцкая парафія Езуса Міласэрнага г. Віцебск, 2022 г.